Шумілінская літаратурна-музычная гасцёўня “Крыніца” справіла 30-гадовы юбілей

Актуалии Духоўнае

“І хоць не па крыві мы сваякі…”
Помню той час, калі чыталі запоем. І не толькі чыталі, і не ўсё чыталі, а толькі тое, што да гэтага забаранялася. На двары стаяла сярэдзіна 80-ых, калі народ разняволіўся, калі адурманьваў яго п’янкі дух свабоды. Калі чыталі  Рыбакова і Прыстаўкіна,  Салжаніцына і Някрасава, забароненага неяк нечакана, калі вымольвалі ў начальства падпісныя выданні, здаючы ўзамен макулатуру, прагна шукалі новыя творы ў часопісах, якія мелі мільённыя наклады…
Усё гэта было, і гэты час згадваецца, як самы залаты час, як пара рэнесансу. І не аднаму мне – напэўна, усім, хто адгукнуўся на сустрэчу ў літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, створанай  трыццаць гадоў назад (юбілей, і не абы-які!) пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. Тады, у 80-х, пачыналася не з “Крыніцы”, не было яшчэ розных гасцёўняў, а нараджаліся ў раёнах таварыствы аматараў кнігі. На Шуміліншчыне гонар узначаліць суполку быў аказаны Ларысе Маслянінавай. Ёй першай і  дала слова кіраўнік гасцёўні Таццяна Іваноўская. Праўда, перад гэтым было лірычна-эпічнае адступленне і шчырыя словы віншавання з нагоды юбілею і падзякі з боку Валянціны Навіцкай – намесніка начальніка аддзела  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, і Іны Каралёвай – дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
– Нарадзілася гасцёўня, калі хочаце, у пакутах, – прызналася Ларыса Мікалаеўна. – Насадзілі нам яе сілаю. І не ведаў тады ніхто з нас, што акажацца ў нашага дзіцяці такая светлая і такая ўдзячная доля. Працавалі на грамадскіх пачатках, і на першым жа пасяджэнні вырашылі пагаварыць пра Уладзіміра Высоцкага. Паэта, барда і проста вельмі таленавітага творца. Матэрыялы шукалі па драбочках – з газет і часопісаў. Тады не было такой сеткі інтэрнэту, як зараз. Кожны стараўся знайсці нешта незвычайнае, і гэтую радасць, гэтую прагу пазнання новага выносіў на наш агульны сяброўскі прысуд. Мы цешыліся свабодай жыцця, мы адраджаліся…
Ля вытокаў гасцёўні стаялі Раіса Італьянцава, Галіна Гарбузава, іншыя, не менш апантаныя ў культуры людзі. Не прамінула адрасаваць ім Таццяна Іваноўская шмат цёплых і пранікнёных слоў,  не забылася пра тых, хто стаяў на чале суполкі да яе. І перш за ўсё – Людмілу Грыгор’еву. Гэта на рэдкасць адказны і творчы чалавек, як бы цяжка ні было, і з фінансамі, і з вольным часам для падрыхтоўкі пасяджэнняў, а зберагла Людміла Мікалаеўна, вывела на новыя прасцягі творчы калектыў, які не адзін ужо  год носіць ганаровае званне народнага.
– Мы жылі гасцёўняй, – дзяліліся ўражаннямі Таісія Фамянок і Любоў Дземянёва. – Але самай, бадай, усцешанай  была прысвечаная рамансам…
Жанчыны горача любяць рамансы. А калі яшчэ гітара, пры свечках – гэта наогул вышэйшая для іх праява асалоды і шчасця. Таісія Пятроўна згадала сустрэчу з беларускім паэтам Навумам Гальпяровічам. Яго яна ведала, яшчэ калі той жыў у Полацку. І вершы многія яго ведае на памяць.   “І хоць не па крыві мы сваякі, як сказаў паэт, але нас у гасцёўні родніць не менш істотнае – духоўнасць, якую мы чэрпаем з кніг, з музыкі, з нашых сумесных набыткаў”, – сказала заўзятарка на заканчэнні выступлення.
Пацешыла стаім талентам на юбілейнай сустрэчы ў гасцёўні Людміла Дударава. Яе папрасілі прачытаць гумарыстычныя творы, і яна чытала з душой, не раз зрываючы гарачыя і шчырыя апладысменты. Знаёміла са сваімі творамі Ніна Сіпко.
Прыстойнае месца ў сцэнарыі  юбілейнай сустрэчы знайшлося госці, удзельніцы культурна-гістарычнага комплексу “Дзвіна”, паэтцы Валянціне Грачанік і самаму, бадай, шаноўнаму ўдзельніку гасцёўні Анатолю Міхееву. Яны выконвалі свае песні, Анатоль Васільевіч нават спяваў пад гітару,  госця з Віцебска чытала свае вершы.  Нязменна з усмешкай і баянам (без гэтага “Крыніцу” не ўяўляю!) радаваў усіх акампаніятар Рыгор Згірскі.
І нарэшце – пра дыскусію, якая разгарнулася вакол мовы і тэматыкі гасцёўні “Крыніца”. Мала  беларускасці, пра мову нашу забывацца нельга, пра беларускіх паэтаў – сцвярджалі адны;  важна, каб чалавек рабіўся лепшым, рос духоўна, даводзілі другія, а на якой мове гэта дасягаецца, няважна. На заканчэнні дэбатаў прагучала запэўненне, што рыхтуецца вечарына па творчасці Алега Салтука (яму ў жніўні 2016 года споўнілася б 70) як светлая  памяць пра славутага земляка і паэта, і гэта супыніла гарачы запал гаворкі.
Быў за сталом, выступаў, піў чай з цукеркамі  і   данёс да чытача дух  юбілейнай сябрыны “Крыніцы”
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2016 г.



1 комментарий по теме “Шумілінская літаратурна-музычная гасцёўня “Крыніца” справіла 30-гадовы юбілей

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *