Праздник первой борозды прошёл в «Шумилинском райагросервисе»

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Загулі трактары – закіпела работа
У аўторак, 5 красавіка, на палетках УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” (ля Добрына) прайшло раённае свята першай баразны. У мерапрыемстве бралі ўдзел старшыня райвыканкама А. І. Снараў, начальнік райсельгасхарчу В. Ц. Мянькоў, намеснік старшыні І. І. Шалахава,  кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў.
Свята адкрыў кіраўнік раёна. Аляксандр Іванавіч расказаў пра арганізацыю працы ў сельгаспрадпрыемствах падчас пасяўной, пра дысцыпліну і адказнасць. Усё гэта – неад’емная частка вясенне-палявых работ. А работа абяцае быць сур’ёзнай і напружанай: трэба ўзараць 9520 гектараў палеткаў, пасеяць 8080 га яравых зерневых, 2400 га рапсу, 3000 га кукурузы, 1200 га аднагадовых.
Кіраўнік раёна звярнуў увагу дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў на тое, каб у кожнай гаспадарцы ў абавязковым парадку было арганізавана на полі двухразовае гарачае харчаванне.
Работнікі раённага цэнтра культуры, якія наладзілі канцэрт на полі,  падарылі А. І. Снараву Крупенечку і Багацейку – самаробныя лялькі, якія з часоў старажытнасці з’яўляюцца сімваламі багатага ўраджаю. Па традыцыі ўсіх  на свяце частавалі смачным караваем.
Пасля слова трымаў дырэктар УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Ю. А. Савіцкі. Юрый Альбертавіч настроіў механізатараў на якасную работу, расказаў, што ў красавіку гаспадарцы трэба пасеяць 800 га яравых зерневых, 500 га рапсу, 400 га кукурузы.
На свята першай баразны прыехаў настаяцель Свята-Успенскай царквы іерэй Аляксандр Фурсаў, які правёў цырымонію асвячэння палеткаў.  Пасля гэтага работнікі “Шумілінскага райаграсэрвісу” Уладзімір Матузаў, Пётр Палаўкоў, Аляксандр Аўчыннікаў селі за штурвалы сваіх МТЗ. Загулі трактары – закіпела работа. У добры шлях!
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №28 ад 08.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *