Невядомыя старонкі гісторыі: Сіроцінскі бой у ліпені 1941 года

Актуалии

Невядомыя старонкі гісторыі: Сіроцінскі бой у ліпені 1941 года
Пачатак вайны для Чырвонай Арміі быў надзвычай цяжкім. Добра падрыхтаваныя да наступлення, матарызаваныя варожыя войскі рваліся ўперад, пакідаючы ў тыле акружаныя часці Чырвонай Арміі. Але нават у такіх умовах кожны афіцэр і радавы разумеў, што павінен змагацца, павінен спыніць варожую навалу, бо невыносна цяжка было адступаць праз родныя гарады і вёскі, глядзець у вочы людзям. Усяго адзін тыдзень адводзілі гітлераўцы на захоп Беларусі, а затрымаліся на месяц. Кожны бой, які затрымліваў нямецка-фашысцкія войскі, даваў магчымасць наладзіць чарговы рубеж абароны. У тых абарончых баях на тэрыторыі Беларусі паляглі тысячы савецкіх салдат. Многія іх магілы застаюцца невядомымі да гэтага часу, невядомымі застаюцца іх імёны. А родныя атрымалі ліст з ваенкамата: “Прапаў без весткі”.
Адзін з такіх баёў адбыўся ў вёсцы Сіроціна ў ліпеня 1941 года.
Камандзір 186-й стралковай дывізіі генерал-лейтэнант І. Бірукоў успамінае, як ў пачатку ліпеня дывізія арганізоўвала абарону на правым беразе Заходняй Дзвіны ў раёне Ула-Бешанковічы. Ад Бешанковічаў да Гняздзілавічаў абарону трымала Лепельскае мінамётнае вучылішча, далей – 153-я стралковая дывізія. “5 ліпеня было ўжо за поўдзень, калі я, палкоўнік Уласаў і мой намеснік па палітчасці палкавы камандзір П. В. Мірошнікаў, знаходзячыся на назіральным пункце камандзіра 298-га стралковага палка, убачылі калону войск праціўніка, якая рухалася ад Лепееля на Улу з разгорнутымі сцягамі і аркестрам. Напэўна, гітлераўцы лічылі, што тут савецкіх войск няма…
Калі варожая калона наблізілася да рубяжа, які знаходзіўся на аддаленасці 5-6 кіламетраў на захад ад Улы, палкоўнік Уласаў аддаў каманду адкрыць агонь. У якое імгненне маса снарадаў трох дывізіёнаў абрушылася на ворага, і калона кінулася ўрассыпную. Забітыя гітлераўцы, іхнія сцягі і бліскучыя трубы аркестра адкідваліся сілай выбухаў у розныя бакі. Толькі ўвечары праціўнік авалодаў заходняй часткай Улы, размешчанай на супрацьлеглым, левым беразе Заходняй Дзвіны, мост праз якую мы ўзарвалі”, – успамінае Бірукоў..
8 ліпеня нямецка-фашысцкім войскам удалося фарсіравалі Дзвіну ў раёне вёскі Парэчча і прарвацца да станцыі Сіроціна. Пад пагрозай акружэння савецкія войскі адступілі ад Дзвіны ў раён азёр на поўдзень ад станцыі Сіроціна. На нарадзе камандзіраў палкоў дывізіі было вырашана прарывацца праз захопленыя ворагам Шуміліна і станцыю Сіроціна на Мішневічы. Атака была нечаканай для ворага і 186-й дывізіі ўдалося прарвацца ў раён вёскі Труды. З 12 ліпеня дывізія змагалася з ворагам ў складзе 62-га стралковага корпуса 22-й арміі.
У ваенных архівах захаваліся дакументы 22-й арміі.  Баявы загад №6, падпісаны генерал-лейтэнантам Ершаковым, ставіць задачу арганізаваць наступленне 15 ліпеня. Перад 186-й стралковай дывізіяй ставіцца задача авалодаць Сіроцінам.
Захаваліся ўспаміны жыхароў вёскі Сіроціна аб спробе вызваліць захопленую вёску. Былы жыхар Сіроціна Р. М Скаблоў успамінаў, як пасля захопу вёскі людзі пачалі прыстасоўвацца да жыцця ва ўмовах акупацыі, займаліся дамашняй гаспадаркай, але праз некалькі дзён пастухі прыбеглі з пашы і сказалі, што з Мішневічаў рухаюцца на пасёлак савецкія войскі. Наша артылерыя біла па згуртаваннях немцаў, у асноўным па цэнтру Сіроціна і па рэчцы Чэрніца, дзе загаралі нямецкія салдаты. Затым ў Сіроціна ўварваліся нашы войскі і пачаўся рукапашны бой. Бой доўжыўся каля двух гадзін, на Цэнтральнай вуліцы паўсюдна валяліся трупы немцаў. Але да фашыстаў прыйшло падмацаванне з Шуміліна, яны разгарнулі артылерыю, мінамёты і пачалі весці агонь па нашых войсках.
Яшчэ адзін сіроцінец успамінаў, што пасля гэтага бою немца падабралі сваіх салдат і пахавалі іх на могілках. Потым загадалі мясцовым жыхарам сабраць забітых савецкіх воінаў і скінуць іх у саджалку на ўскрайку вёскі, якую пасля гэтага засыпалі зямлёй…
Вызначыць сапраўднасць магло б даследаванне байцоў вышуковага спецбатальёна. І калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, то будзе знойдзена невядомая брацкая магіла, магчыма, яшчэ адной гераічнай старонкай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стане б больш.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №48 ад 21.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *