Бывшая партизанка и учительница Лидия Семёновна Масько отметила 90-летний юбилей

Актуалии Людзі і лёсы

Па доўгай дарозе жыцця
Калі ты святкуеш 90-гадовы юбілей, значыць, усявышні вырашыў, што ты гэта заслужыў. Значыць, ты правільна жыў, правільна думаў, займаўся добрымі справамі, прыносіў карысць людзям. Гэта як экзамен перад сусветам, які ты здаў на выдатна. Выгадаваць дзяцей, папесціць унукаў, дачакацца праўнукаў – гэта вялікае шчасце, гэта напоўненасць жыцця, пра якую можна толькі марыць.
Сваё 90-годдзе 15 верасня адзначыла Лідзія Сямёнаўна Масько. Многія шумілінцы памятаюць жанчыну як настаўніцу сярэдняй школы №2. Педагогі і вучні школы, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, грамадскіх арганізацый не маглі ў гэты дзень абмінуць дом, дзе жыве Лідзія Сямёнаўна. Вядома, што гады адабралі былую рухавасць і жвавасць жанчыны, бязлітасна высмакталі сілы. Але дачка Галіна Фёдараўна Маркава была вельмі рада гасцям, сказала, што такая ўвага вельмі важная і прыемная. Яна дастала сямейныя альбомы, расказвала пра жыццё іх сям’і, пра маладыя гады сваёй матулі, якую яна вельмі любіць і старанна даглядае.
Раней, калі Лідзія Сямёнаўна была яшчэ ў сіле, да яе часта прыходзілі вучні, каб распытаць пра жыццё жанчыны, юнацтва якой прыпала на гады вайны. Дзеці старанна запісвалі ўсё, што пачулі, і сёння зразумела асаблівая каштоўнасць гэтых запісаў.
Лідзія Сямёнаўна нарадзілася 15 верасня 1926 года ў вёсцы Бараноўскія. У 1942 годзе, калі ёй споўнілася 15 год, скончыла 7 класаў. Адзін яе брат пайшоў на фронт, два другія – у партызанскі атрад. Паліцаі і немцы шукалі іх сляды, падазравалі, што родныя з’яўляюцца сувязнымі.
Аднойчы, седзячы ў суседзяў, яна ўбачыла нямецкія машыны, якія заязджаюць у іхні двор, і адчула няладнае. Разам з сёстрамі схавалася ў кустах і аказалася, што прадчуванні яе не падманулі: немцы наладзілі вобыск у  іх хаце. Калі вярнуўся брат, было вырашана пайсці ў партызанскі атрад.
Ваявалі сем членаў сям’і: бацька, тры браты і тры сястры. Спачатку яны знаходзіліся ў атрадзе імя Кароткіна ў вёсцы Запалянка, дзе яна была сувязной. У час адступлення трапіла ў атрад імя Фрунзе пад камандаваннем Шамеля, дзе хадзіла ў разведку, была сувязной.
Ваенная біяграфія жанчыны поўная выпрабаванняў і сапраўднага недзявочага гераізму. У адной вёсцы стаялі немцы, і Лідзіі даручана было даведацца, як яны ўзброены, дзе размясціліся. Дзяўчына апранулася жабрачкай і пайшла. Дзякуючы інфармацыі, якую ёй удалося здабыць, атрад разбіў немцаў. У іншы раз стала вядома, што немцы склалі спісы людзей для адпраўкі ў Германію. Яе паслалі ў разведку даведацца, дзе знаходзіцца штаб. У выніку – немцы разбіты, людзі, занесеныя ў спісы, – выратаваны. Таксама ёй даводзілася стаяць на пасту, хадзіць на чыгунку закладваць тол і ўзрываць рэйкі. Некаторы час Лідзія знаходзілася ў армейскай часці, куды трапіла ў час злучэння рэгулярнай арміі і партызанскіх атрадаў.
Лідзія Сямёнаўна з горыччу ўспамінала пра тое, як вёска раздзялілася на паліцаяў і партызан. Розныя людзі былі, і здрада была, і подласць, і маладушнасць. Вайна навучыла ставіцца да людзей з асцярожнасцю, расказвала жанчына.
Лідзія Сямёнаўна атрымала шмат узнагарод, сярод якіх – ордэн Айчыннай вайны II ступені.
У партызанах у 44-ым загінуў брат Пётр. Ён захаваны на мемарыяльным комплексе “Прарыў” ва Ушачах. Брат Мікалай, які быў разведчыкам на вайне, і ў мірны час зрабіў шмат для сваёй краіны. Бацька пасля вайны працягнуў свой слаўны працоўны шлях: яго, ударніка працы, стаханаўца паслалі ў Мінск.
Пасля вайны былі вучоба ў Полацкім педагагічным вучылішчы, замужжа, работа настаўніцай пачатковых класаў. У СШ №2 Шуміліна Лідзія Сямёнаўна пачала працаваць у 1966 годзе, адкуль на заслужаны адпачынак пайшла толькі тады, калі пакінулі сілы. Лідзія Сямёнаўна выгадавала дваіх дзетак: сына Аляксандра і дачку Галіну.
У дзень юбілею Лідзіі Сямёнаўне хочацца пажадаць толькі  сіл і здароўя. Любоў і клопат блізкіх, павага землякоў, шчаслівая сям’я і ўсе іншыя самыя галоўныя чалавечыя багацці ў яе ёсць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №74 ад 20.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *