Партрэт настаўніцы: Алена Казакова

Актуалии Образование

Проста быць з адкрытым сэрцам
Ёсць асаблівая місія ў чалавека, якому давераны дзіцячыя сэрцы, – не разбіць іх. І калі гэта ўдаецца, ён ужо пераможца, ён ужо адбыўся як прафесіянал.
За сваю доўгую працоўную біяграфію настаўніца малодшых класаў Шумілінскай СШ №1 Алена Мікалаеўна Казакова прапусціла праз сваё сэрца дзясяткі цікаўных, далікатных, яшчэ кволых дзіцячых сэрцайкаў. Яна, не шкадуючы, дзялілася з імі цеплынёй сваёй душы, аберагала іх, вучыла быць добрымі людзьмі. Яна з задавальненнем працягвае гэта рабіць.

Прыгожая жанчына, цікавы суразмоўца, актыўны і адкрыты па натуры чалавек, Алена Мікалаеўна дала інтэрв’ю “ГП” напярэдадні свайго дня нараджэння, які, дарэчы, яна адзначае якраз сёння.
– Алена Мікалаеўна, вам падабаецца ваша прафесія?
– Ну, напэўна, каб не падабалася, то я не затрымалася б у ёй так надоўга. Я не раблю тое, што не люблю.
– Калі і як вы вырашылі, што будзеце настаўнікам?
– Я ніколі не ўяўляла, што магу быць яшчэ некім. З дзяцінства заўжды была ў няньках, і дзеці мяне любілі. І зараз, напэўна, любяць, не ведаю. Магчыма, ролю сыграла і мая “класная” Раіса Якаўлеўна Рачкоўская. Для мяне яна ўзор сапраўднага настаўніка на ўсё жыццё. А наогул, калі я паступала ў інстытут, быў вельмі вялікі конкурс – 11 чалавек на месца, і я баялася. Думала спачатку ў вучылішча пайсці. Але мой бацькі настаяў, і толькі дзякуючы яму я пайшла адразу ў інстытут. Бацькі не стала даўно, і кожнае 1 верасня я нясу да яго магілы кветкі.
– Ваша біяграфія ў прафесіі?
– Ведаеце, мая біяграфія ў прафесіі вельмі кароткая. Не, яна доўгая, ужо 28 год, але немудрагелістая. Я нарадзілася ў Шуміліне, вось у гэту школу пайшла, потым паступіла ў інстытут і адсутнічала нейкі час, і сюды ж вярнулася. Працую настаўнікам з 1988-га года. У маёй працоўнай кніжцы толькі адзін запіс.
– Якія чалавечыя якасці варта развіваць, а ад якіх, наадварот, – пазбаўляцца настаўніку?
– Напэўна, у першую чаргу, гэта ўсведамленне таго, што дзіця – гэта асоба. Не трэба быць аўтарытарным, важна ўмець успрымаць дзяцей такімі, якія яны ёсць. Я таксама гэтаму не адразу навучылася.
– Што адрознівае настаўніка пачатковых класаў ад іншых педагогаў?
– Мы ставімся да вучняў, як да ўласных дзяцей, і бачым у іх найперш дзяцей, а потым ужо вучняў. Яны так і гавораць: вы наша другая мама. Першы год яны і плачуць, і капрызнічаюць, ім і сарочкі заправіць трэба, і з лыжкі пакарміць. А чацвёртакласнікі нам здаюцца ўжо абсалютна дарослымі, самастойнымі. Праўда, настаўнікі сярэдніх класаў з намі не згодныя (смяецца). У настаўніка пачатковых класаў павінна быць больш адкрыта сэрца.
– Магчыма, не заўжды гэта ўдаецца і не ўсім.
– Так. Я думаю, з гэтым  трэба нарадзіцца. Навучыцца – не навучышся. У прынцыпе, як і доктару, і прафесіяналу ў любой іншай прафесіі. Напрыклад, у нас дзяўчынка ў групе ішла на чырвоны дыплом. У яе былі адны пяцёркі, а ўрок яна даць не магла. Яна не бачыла клас, не адчувала дзяцей. І ў рэшце рэшт пайшла ў навуку. Вось вам і пяцёркі. Дарэчы, часта бацькі перш за ўсё цікавяцца адзнакамі. А для мяне ж адзнака – не галоўнае. Жыццё само расставіць адзнакі. Які чалавек вырастае, якімі чалавечымі, душэўнымі якасцямі валодае – вось што галоўнае. Важна, каб дзіцяці ў школе было камфортна, каб яно не было зажатае, заняволенае.
– Як заставацца сучасным, і ці трэба гэта настаўніку?
– Самаўдасканальвацца трэба пастаянна. Трэба ісці ў нагу з часам. І гэта нават не пра тое, што ўрок павінен быць тэхнічна сучасным. Хаця, і пра гэта таксама. Трэба, як зараз модна казаць, сачыць за ўсімі трэндамі. Гэта важна, калі не хочаш адчуваць, што адстаеш ад свайго вучня. Трэба пра ўсё мець уяўленне. Заўжды цікавіцца навінкамі ва ўсіх сферах. Дзеці ж думаюць, што настаўнік – самы разумны, усё ведае. Неяк не хочацца іх расчароўваць.
– Падводныя камяні ў прафесіі?
– Ведаеце, я нават не ведаю, што сказаць.
– А, наадварот, назавіце неаспрэчныя перавагі прафесіі.
– Гэта я скажу. Ну, па-першае, прафесія стымулюе пастаянную цікаўнасць і магчымасць у  гэтым сэнсе знаходзіцца заўжды ў тонусе. Наступнае, ёсць стымул сачыць за сабой, сваім знешнім выглядам. Настаўніца павінна быць прыгожай, быць прыкладам для дзяцей. Таксама я навучылася пакідаць усё дрэннае за сценамі школы і прыходзіць да дзяцей заўжды з добрым настроем. Дрэнны настрой перадаецца і дзецям. Карацей, прафесія вымушае быць заўжды ў форме, і гэта выдатна.
– Калі б не настаўнік, то хто?
– Мне здаецца, што з мяне мог атрымацца добры ўрач. Я дома – сямейны доктар. Мне гэта ўсё цікава. Так што ўрач, а лепш – медсястра, яна ж яшчэ і ўколы робіць.
– Гавораць, што прафесія аднімае шмат часу і нават перашкаджае асабістаму жыццю. Ці праўда гэта?
– Гэта праўда. Большую частку жыцця ты ў школе, і часу ні на што іншае не застаецца, і сіл таксама. Бывае, што і на ўласнае дзіця. Мая дачка доўгі час нават раўнавала мяне да вучняў. Вось у гэтым, магчыма, я зараз і раскайваюся.
– Да чаго трэба быць гатовым сям’і, калі ў ёй ёсць настаўнік?
– Як я ўжо заўважыла, вельмі шмат часу аддаецца школе – гэта планы, сшыткі, розныя мерапрыемствы. Дзіця 1 верасня ў школу заўжды вадзіў муж, на бацькоўскія сходы, зноў жа, хадзіў муж. На яго дапамогу па дому я таксама заўжды разлічвала.
– А на што вы абавязкова знаходзіце час?
– Я вельмі люблю кветкі. У мяне вялікі сад, у якім я разводжу лілеі. У мяне іх 56 сартоў. Ну, і не без памідор з агуркамі таксама.
– Пра што вы марыце?
– Я не тое што мару, а вельмі хачу, каб у маёй дачкі ўсё ў жыцці склалася, каб яна была шчаслівая.
– У вас шмат сяброў, і што найперш вы цэніце ў людзях?
– Наогул, я чалавек вельмі адкрыты і лёгкі ва ўзаемінах, камунікабельны. У мяне сяброў вельмі шмат у розных сферах жыцця. І ў школе, і дома. Але сяброўка, кажуць, павінна быць толькі адна. Вось і ў мяне так – сапраўдная блізкая сяброўка – адна. Гэта Людміла Васільеўна Мінава. Былая калега. Гэта мой дарадчык, духоўны настаўнік. А, наогул, я з усімі стараюся жыць у дружбе, не сварыцца, не дай бог, не скандаліць. Не люблю гэтага. Не выношу здрады, пляткарства не магу цярпець. Цаню адкрытасць, сумленнасць, добразычлівасць. Ліслівасць заўжды адчуваю і бачу.
– Як вы любіце адпачываць?
– Калі я вам раскажу, вы смяяцца не будзеце?
– Абяцаю, ва ўсялякім разе пастараюся.
– Мы з мужам ездзім на рыбалку. Лаўлю ляшча на донку. Бывае, і дні на тры з’язджаем з дому. Ён усё хацеў заахвоціць мяне зімовай рыбалкай, але колькі разоў я хадзіла, у мяне ні разу не клюнула. Таму да зімовай ён мяне яшчэ не прывучыў. Муж кажа, калі б у цябе хоць раз клюнула, цябе было б з возера не выцягнуць.
– Якія планы на бліжэйшую пяцігодку?
– Не ведаю. Выпусціць гэтых дзяцей, набраць яшчэ клас. Думаю, не здарма кажуць, што хочаш рассмяшыць бога, раскажы пра свае планы. Нейкіх грандыёзных планаў у мяне няма. Яны ў мяне кароткатэрміновыя. Задумала – зрабіла, іду далей.
– Што будзеце прасіць у Дзеда Мароза?
– Я сама прывыкла быць Дзедам Марозам (смяецца).
– Алена Мікалаеўна, дзякуй вам за такую шчырую, прыемную размову. Хочацца пажадаць захаваць такі ж малады задор, прагу да жыцця, цікаўнасць і аптымізм на доўгія гады.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №97 ад 13.12.2016 г.



5 комментариев по теме “Партрэт настаўніцы: Алена Казакова

  1. А почему Казакова? Разве одна она «прыгожая жанчына,адкрытая па натуры…»? За что ей такая честь? По случаю Дня учителя? Нет. А может, она получила Заслуженного учителя или отличника? Не. Прежде чем давать интервью, надо убедить читателя, что оно важныенеобходим. Тогда будет вес у газет. А так случайно, просто чтобы кого-то, кто тебе нравится, похвалить. И вопросы трафаретные. Что я узнал из статьи? Что она любит летнюю рыбалку, остальное старо, как мир.

  2. Елена Николаевна, умница, красавица и прекрасный педагог! С юбилеем!

  3. нормальная статья.хороший человек.Газета гражданин ЛИЦВИН районная.чтобы читать что то более реальное боюсь у Вас не хватит ни ума ни денег если ВЫ даже не знаете одну их ведущих учительниц начальных классов….и хотелось бы узнать Ваши заслуги и Вашу специальность что Вы так смело высказываетесь о ЛЮДЯХ….УВЕРЕН И ВСПОМНИТЬ НЕЧЕГО…ДА И НЕКОМУ ДАЖЕ СКАЗАТЬ СПАСИБО

  4. Добры артыкул, змястоўны чалавек, вельмі шчырая бяседа. Калі Ліцвін не ўмее чытаць паміж радкоў — аб жыццёвых прынцыпах, сямейных традыцыях, працавітай душы героя — гэта праблемы яго чэрствасці і жадання ўсё апляваць. Такіх паслухаць — дык ніхто нічога не варты. Дык не слухайце, Алена і Наталля, тых, хто падрывае вашу ўпэўненасць у сабе. Поспехаў і шчасця вам!

  5. Замечательная статья про замечательного человека.Елена Николаевна не только хороший педагог,но и женщина,у которой есть чему поучиться.И, я думаю, все у кого она была классным руководителям,могут сказать только добрые и благодарственные слова.Спасибо,Елена Николаевна!!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *