К профессиональному празднику – Дню медицинских работников

Здоровье Общество

Напярэдадні прафесійнага свята медыкаў мы сустрэліся з галоўным урачом Шумілінскай ЦРБ Канстанцінам Фёдаравічам Баканавым, які расказаў аб дасягненнях і праблемах медыцынскіх устаноў раёна:
– У лячэбна-прафілактычных установах раёна працуюць 464 чалавекі, з іх 43 урачы, 193 сярэднія медыцынскія работнікі.
За мінулы перыяд медыцына раёна дабілася пэўных поспехаў. Знізілася агульная смяротнасць насельніцтва, адсутнічае дзіцячая, мацярынская, перынатальная смяротнасць. Няма лятальнасці ад вострых пнеўманій, адсутнічае пасляаперацыйная лятальнасць. Знізілася захворваемасць з часовай стратай працаздольнасці, выяўленне анкалагічных захворванняў у позніх стадыях. Узрасла колькасць абследаваных рэнтгенафлюараграфічнымі метадамі, павялічылася колькасць прафілактычных аглядаў, аглядаў на даму.
За 5 месяцаў бягучага года павялічылася нараджальнасць: нарадзілася 104 дзяцей (за 5 месяцаў 2010 года – 84).
Па паказчыках работы ўстаноў аховы здароўя за 5 месяцаў Шумілінская ЦРБ займае першае месца ў вобласці.
Але ёсць шэраг праблем у рабоце з насельніцтвам: нізкая прапаганда здаровага ладу жыцця; прафілактыка табакакурэння, алкагалізму; павышэнне якасці дыспансерызацыі насельніцтва; ранняе выяўленне захворванняў.
У 2010 годзе і за студзень-май 2011 года набылі сучаснае абсталяванне: гастраскоп, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, абсталяванне для клініка-біяхімічнай лабараторыі, у тым ліку аўтаматычны аналізатар крыві. Гэта дазваляе больш аператыўна і якасна дыягнасціраваць захворванні на ранніх стадыях.
Удалося ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу Крывасельскага, Грудзінаўскага, Сіроцінскага ФАПаў, шэрагу кабінетаў паліклінікі.
За кошт гуманітарнай дапамогі фонду “Дапамажы людзям” (Нідэрланды) праведзены рамонт Мішневіцкай бальніцы сястрынскага догляду, яе харчаблоку.
Інфекцыі – пад кантролем
Дзякуй  Богу, не дайшлі да нас страшныя хваробы, якія апанавалі Еўропу і афрыканскія краіны. “Прыпынілі мы распаўсюджанне і зусім прывычных у апошняй чвэрці стагоддзя для постсавецкіх краін хвароб такіх, як кароста і мікраспарыя, іншых захворванняў скуры, – адзначае загадчыца дерматавенералагічнага кабінета А. А. Карапузава. – Што тычыцца такіх венінфекцый, як сіфіліс, ВІЧ, то за мінулы год і пяць месяцаў бягучага не зарэгістравана ніводнага выпадку. Не трывожыць сітуацыя і з іншымі вірусна-інфекцыйнымі захворваннямі”.
Такі аптымізм і як ўрача-дэрматавенеролага, і як намесніка галоўнага ўрача райбальніцы па экспертызе і рэабілітацыі ў Алы Анатольеўны не выпадковы. Больш за дваццаць год займаецца выяўленнем, лячэннем, рэабілітацыяй, вядзе і аналізуе статыстычныя даныя і па захворваемасці насельніцтва раёна, і па прызначэнні інваліднасці.
Асаблівую ўвагу надае яна прафілактычнай рабоце. Сёння дэрматавенеролаг можа даць кансультацыю не толькі на прыёме, а і па электроннай сувязі. Прычым кансультаванне арганізавана і ў рэжыме рэальнага часу.
Паспяхова весці прафілактыку і лячыць хворых урачу дапамагае медыцынская сястра Кацярына Папалава. Дзевяць год, як кажуць, у адной звязцы. І Ала Анатольеўна, і Кацярына прызнаюцца: прафесію абралі па душы. З ахвотай і настроем пачынаюць дзень. Уважліва і з клопатам прымаюць пацыентаў. Адсюль і добрыя вынікі.
Тандэм сямейны, прафесійны
Галоўны ўрач раённай бальніцы Канстанцін Баканаў упэўнены, што з маладога хірурга Аляксея Трубачова ў будучым можа атрымацца нядрэнны загадчык хірургічнага аддзялення. І наогул парадаваўся, што маладая пара (поплеч з мужам працуе і жонка Алена) жыве і адточвае сваё прафесійнае майстэрства менавіта на Шуміліншчыне. Іх сямейны і прафесійны тандэм (Алена — анестэзіёлаг-рэаніматолаг) дазваляе маладым быць заўжды разам: у каханні, у працы, у адпачынку, у ратаванні чалавечага жыцця.
У рэанімацыйным  аддзяленні  жыве чалавечы боль, таму пранікаешся вялікай павагай да тых, каму (можа, і не штодня, але ж) прыходзіцца ўступаць у спрэчку са смерцю. Праўда, калі глядзіш на маладую, усмешлівую пару, разумееш, што ўсё ў іх павінна атрымлівацца лёгка.
Так і атрымліваецца. Трубачовы гадуюць дачушку, планамі на будучае дзеляцца сціпла. Маўляў, ужо другі год працуюць тут, а далей, як складзецца. Трэба адзначыць, што да Шуміліна маладыя ўрачы пакаштавалі гэтага хлеба…
Напрыканцы пра тое, што закінула маладых урачоў у Шуміліна не выпадкова: матуля Аляксея — з нашых краёў…
Самы малады калектыў
Калектыў біяхімічнай лабараторыі  — самы малады калектыў у райбальніцы. Ды молада – не зелена: усе лабаранты маюць першую ці другую кваліфікацыйную катэгорыю, могуць рабіць поўны комплекс аналізаў. Да таго ж, з’яўляецца ў лабараторыі новае сучаснае абсталяванне, якое дапаможа хутка рабіць агульны аналіз крыві.
Сваю работу лабаранты любяць, аналізы робяць кругласутачна, калі патрэбна тэрмінова – дзяжурыць лабарант.
Штодзень праз рукі дзяўчат з лабараторыі праходзіць да 100 пацыентаў.
На здымку: (злева налева) першы рад — фельчар-лабарант Бруева І. С., санітарка Шабулдаева Н. У.; другі рад – фельчары-лабаранты Прэабражэнская А. В., Піскун А. А., старшы фельчар-лабарант Шкулава В. Г. санітарка Волкава Н. Л.
Надрукавана ў №45 ад 17.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *