Пассажирские перевозки: проблемы рентабельности

Общество Экономика

Аўтобус — не раскоша…
У канцы жніўня газета змясціла інтэрв’ю з начальнікам аўтастанцыі “Шуміліна” М. Л. Багданавым. У публікацыі акцэнт быў зроблены на арганізацыю аўтобуснага руху ў нашым раёне. Сёння ў гаворцы з Мікалаем Лявонавічам спынімся на тэме стратнасці пасажыраперавозак, пагаворым аб тым, наколькі рэальна выйсці па раённай аўтобуснай сетцы на прыбыткі.
— Нерэальна, — такой думкі Мікалай Лявонавіч.— У вёсках, асабліва аддаленых, усё менш людзей, там застаюцца адно хіба пажылыя і адзінокія, і то на летні перыяд. На зіму ж іх пераважна забіраюць дзеці. Апраўдваюць сябе толькі перавозкі па маршрутах Шуміліна-Пятніцкае і Шуміліна-Віцебск, і то не заўсёды…
Дададзім: парожні часцей за ўсё аўтобус курсіруе па маршруце Шуміліна-Чаронка, але яго не знімеш — не дазваляюць сацыяльныя стандарты. Наогул, скарачаць колькасць маршрутаў у раёне не будуць, нягледзячы на тое, што такія паслугі — стратныя. Аўтобус — не раскоша, асабліва для тых вёсак, адкуль выехаць у горад іншага транспарту няма. Асобная гаворка пра гарадскі аўтобус. Ён патрэбен — ніхто не сумняваецца, але, на думку М. Л. Багданава, толькі раніцой і вечарам. Астатнія тры рэйсы на дні выпадаюць — салон аўтобуса амаль пусты.
Зменшыць страты мог бы выпуск у рэйс найбольш прымальнага аўтобуса — у плане колькасці месцаў. Тым не менш, як адзначыў М. Л. Багданаў, не заўсёды можна наперад угадаць, які аўтобус пасылаць — умяшчальны ці “маршрутку”. Было такое, што ў Шашы выязджаў мікрааўтобус, а неўзабаве адтуль званілі і абураліся: не ўсе селі, чаму, маўляў, не выслалі хаця б “ПАЗік”. Таму адміністрацыя станцыі стараецца ўлічваць усе акалічнасці, не дапускаць таўкатні ў цесных аўтобусах. “Мы лепш пашлём аўтобус на 20 месцаў, з запасам, чым пасля выслухоўваць скаргі”, — так разважае М. Л. Багданаў.
Не выкаранілі да канца праблему нявыдачы вадзіцелямі аўтобусаў білета пасажыру. Ваш пакорны слуга двойчы не атрымаў яго, калі садзіўся ў Обалі, каб даехаць да Шуміліна. У трэці маё цярпенне лопнула — папрасіў білет. “Вам для камандзіроўкі?” — спытаў вадзіцель. — “Не, але няхай ляжыць у кішэні”, — адказаў я. Той са злосцю кінуў білет на капот, побач з сабою…
— Сёння рызыкаваць баяцца, — перакананы начальнік станцыі. — У  аўтапарку кантралёраў хапае. Яны часта правяраюць і нашых вадзіцеляў, двое папаліся. Цяпер за такое парушэнне і штраф 370 тысяч, і звальненне з работы…
Тым не менш, грошы ад праязных білетаў у кішэнях вадзіцеляў асядаюць. У іх карпаратыўная ўзаемавыручка, асабліва ў век мабільнай сувязі, так што злавіць хцівага да “навару” вадзіцеля нялёгка. Адно выйсце — устанавіць у салоне аўтобуса відэакамеру. Але да такой паслугі ў Полацкім аўтобусным парку № 2 яшчэ не прыйшлі…
Застаецца спадзявацца на тое, што пасажыры будуць больш прынцыповымі, будуць патрабаваць білет. Інакш можа скласціся парадаксальная сітуацыя: людзей поўны салон, а па дакументах выйдзе — ехала пяць ці сем пасажыраў. Бяззубасць пасажыра можа дорага каштаваць: не выключана — маршрут закрыюць як нерэнтабельны. І яшчэ. У Полацкім аўтобусным парку ўвялі прэмію пры ўмове, калі тэхніка ў рэйс выходзіць не менш як 17 дзён за месяц. Відаць, трэба прадумаць  падобныя меры заахвочвання тым, хто нясе ў касу лепшую выручку ў разліку на аднаго вяскоўца на пэўным маршруце аўтобуса.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №79 ад 12.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *