Выбираем профессию. Спасатель — престижно и почётно

Молодёжь Образование Общество

Выбіраем прафесію. Кім быць? Выратавальнікам – прэстыжна  і  ганарова

  Зараз перад многімі выпускнікамі стаіць пытанне: куды пайсці вучыцца, якую прафесію выбраць, у якой галіне рабіць кар’еру. Гэта вельмі важнае пытанне, можна сказаць, жыццевызначальнае. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях гатовы дапамагчы з выбарам і раяць фізічна і маральна дужым падлеткам разгледзець установы, дзе рыхтуюць ратавальнікаў, прадстаўнікоў вельмі важнай, ганаровай і прэстыжнай прафесіі. Як стаць курсантам, якія іспыты неабходна вытрымаць – нюансы паступлення і перавагі вучобы раскрывае намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Красоўскі.

 Універсітэт чакае фізічна і маральна дужых  

– Атрымаць прафесію выратавальніка запрашае Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у Мінску, – расказаў Д. Красоўскі. – Універсітэт рыхтуе па спецыяльнасцях «папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый» (толькі юнакоў) з прысваеннем кваліфікацыі «інжынер па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый» і «пажарная і прамысловая бяспека» (юнакоў і дзяўчат) з прысваеннем кваліфікацыі «інжынер па пажарнай і прамысловай бяспецы». Разам з тым універсітэт дае магчымасць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «В».

Выпускнікам універсітэта прысвойваецца першае спецыяльнае званне «лейтэнант унутранай службы», ім гарантаваны працаўладкаванне і першае працоўнае месца.

Тэрмін навучання ва ўніверсітэце 4 гады. Для паступлення неабходны сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы, фізіцы, рускай (беларускай) мове. Да паступлення ўсе кандыдаты ў абавязковым парадку праходзяць прафесійны адбор, які ўключае правядзенне спецыяльных праверак, вывучэнне маральных і дзелавых якасцяў, медыцынскае засведчанне ваенна-ўрачэбнай камісіяй, вызначэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці кандыдатаў.

Усе курсанты забяспечваюцца бясплатным пражываннем, харчаваннем, форменным абмундзіраваннем, дзяржстрахаваннем і медабслугоўваннем, а таксама добрай стыпендыяй. Размяркоўваюцца выпускнікі пераважна па месцы жыхарства ці ў бліжэйшае падраздзяленне.

Ліцэй – выдатны старт у будучае

«Для смелых і рашучых рабят выдатным стартам у будучае можа стаць Спецыялізаваны ліцэй пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, які размешчаны ў Гомелі, – адзначае Дзмітрый Анатольевіч. – Спецыялізаваны ліцэй з’яўляецца сучаснай установай агульнай сярэдняй адукацыі з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні, накіраваных на падрыхтоўку вучняў да паступлення ў ВНУ МНС і іншых органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Асноўная перавага пры паступленні ў гэту ўстанову адукацыі – магчымасць у будучым атрымаць прафесію ратавальніка. Навучэнцы ліцэя знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні (абмундзіраванне, 5-ці разовае харчаванне, пражыванне, медабслугоўванне)».

У ліцэі вучацца 5 год (з 7 да 11 класа), юнакі праходзяць абучэнне ва ўмовах кругласутачнага знаходжання. Тут  створана ўнікальная вучэбна-трэніровачная і матэрыяльна-тэхнічная база, у навучанні выкарыстоўваюцца перадавыя метады з прымяненнем сучаснага абсталявання.

Выпускнікі ліцэя на апошнім годзе навучання пры наяўнасці ўсіх ацэнак у атэстаце 7 балаў і вышэй маюць права паступаць у ВНУ сілавых структур без здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Пры паступленні у ВНУ МНС курсанты карыстаюцца ўсімі льготамі супрацоўніка МНС.

Для фарміравання вучэбнай справы на паступленне Дзмітрый Красоўскі рэкамендуе звяртацца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях (г. п. Шуміліна, вул. Луначарскага, 44а, тэл. 5-72-01).

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *