Пётр Кузьмин отмечает своё 70-летие. Поздравляем!

Актуалии Людзі і лёсы Экономика

Працаваць так, як трэба, а не так, як лягчэй


Часам так складваюцца жыццёвыя лёсы, што людзі прыязджаюць у новыя мясціны на пэўны час, а застаюцца тут назаўсёды. Апошняе цалкам адносіцца да былога дырэктара саўгаса “Лаўжанскі” Пятра Ігнатавіча Кузьміна, сапраўднага гаспадарніка, камуніста, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ганаровага ветэрана працы і паважанага чалавека, які нядаўна адсвяткаваў 70 год з дня нараджэння.

Заўсёды паказваў прыклад сам
У далёкім 1986 годзе Пятра Ігнатавіча, які на той час узначальваў саўгас “Жыжова” ў Полацкім раёне, прызначылі кіраўніком у “Лаўжанскі”. Абласное кіраўніцтва разлічвала, што аўтарытэтны і вопытны кіраўнік, які ўмеў наладзіць карэктныя адносіны з людзьмі і ў дасканаласці валодаў эканамічнымі пытаннямі, выведзе шумілінскі саўгас з заняпаду.
Так яно і выйшла. Былыя жывёлаводы і механізатары згадваюць, што “ўсё пачыналася з дысцыпліны” на вытворчасці і з кадраў, што Кузьмін вучыў працаваць “так, як трэба, а не так, як лягчэй”, што менавіта Пётр Ігнатавіч згуртаваў калектыў. Прычым, заўсёды сам паказваў прыклад. І калі на новым жывёлагадоўчым  комплексе не заладзілася работа, дырэктар прыехаў сам вывучаць сітуацыю. Пераапрануўся ў рабочую форму (яна заўсёды была ў машыне) і тры дні літаральна жыў на комплексе, аналізаваў, падлічваў. Аказалася, дрэнныя прывагі былі з-за няякаснага кармлення. Тады ў саўгасе талакой ўзяліся за нарыхтоўку кармоў. І ўжо праз два гады комплекс, які налічваў больш за дзесяць тысяч галоў, стаў вядомы ва ўсім Савецкім Саюзе. Лепшых жывёлаводаў, якія дабіліся сутачных прываг жывёлы да 1 кг 176 грамаў, запрашалі на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскву, там неаднаразова бываў і сам Пётр Ігнатавіч.
Менавіта ў “Лаўжанскім” упершыню на Шуміліншчыне прымянілі новую на той час кругласутачную пасьбу жывёлы. У перадавы саўгас прыязджалі вучыцца не толькі з гаспадарак нашага раёна, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі. Дысцыпліна на працоўных месцах, якасныя кармы плюс захаванне тэхналогій утрымання жывёлы далі свой вынік: лаўжанскія даяркі дабіліся чатырохтысячных надояў. Нядрэнныя вынікі былі і ў раслінаводстве: намалоты зерневых, напрыклад, дасягнулі 45-47 цэнтнераў з гектара.  А гаспадарцы, як пераможцу сацыялістычных спаборніцтваў, быў уручаны пераходзячы Чырвоны Сцяг Савета Міністраў СССР.

“Я не дазваляў хібіць нікому”
Пытаюся ў Пятра Ігнатавіча, як можна было дабіцца рэнтабельнай вытворчасці, прычым за кароткі тэрмін. “Пастаянна трымаў руку на пульсе, – кажа П. І. Кузьмін. –  У гаспадарцы кожны сумленна выконваў сваю работу – вось і ўвесь сакрэт. Я не дазваляў хібіць нікому. Кожную раніцу перад планёркай аб’язджаў усе фермы і палеткі, каб быць у курсе спраў. Напачатку некаторыя спецыялісты спрабавалі мяне падмануць, але потым зразумелі – дарэмна марнуюць час. Ведалі, што я абавязкова наведаю ўсе аб’екты і пасля мінскай нарады, і пасля паездкі ў Маскву, а на планёрку прыйду з аналізам работы за мінулы дзень. Бывала, не паспяваюць рабочыя скласці цюкі сена пад навес, дык у канцы рабочага дня  на дапамогу выходзіла бухгалтэрыя і ўсе спецыялісты. У калектыве жыло пачуццё сяброўскага пляча і адчуванне, што кожны ў адказе за саўгасныя справы”.
Пётр Ігнатавіч не любіць згадваць пра тыя часы, калі яго ў 1996 годзе прызначылі старшынёй райвыканкама. Кажа, што ён  па натуры чалавек справы, не любіць доўгіх выступленняў. Тым не менш чатыры гады кіраўніцтва не прайшлі дарэмна – менавіта па ініцыятыве П. І. Кузьміна быў створаны Шумілінскі лясгас,  дзе змаглі працаўладкавацца больш за сотню чалавек.
З пасады старшыні райвыканкама Пётр Ігнатавіч Кузьмін зноў вярнуўся ў “Лаўжанскае”. “Я люблю сваю гаспадарку”, – так ён тады патлумачыў незразумелы многім выбар. Права так заявіць пра сябе меў толькі сапраўдны гаспадар, які жыў і працаваў дзеля людзей, якога цікавіла не толькі вытворчасць, але і сацыяльная сфера – высокарэнтабельная гаспадарка будавала ў Мікіцісе  жыллё для сваіх работнікаў, пачалося будаўніцтва культурнага цэнтра. І ў сённяшнім аграгарадку кожны ведае, што “гэтыя дамы пабудаваў Кузьмін”.

“Сям’я – галоўная ўзнагарода”

Сярод мноства тых грамат і падзяк раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, якія атрымаў за сваё жыццё П. І. Кузьмін, ён не выдзяляе ніякую і нечакана кажа: “Галоўная мая ўзнагарода – гэта сям’я. Вельмі задаволены, што выбраў сабе добрую і разумеючую жонку. Запрыкмеціў яе яшчэ ў сельгасакадэміі ў Горках, дзе мы абодва вучыліся на аграномаў. Ну, а бліжэй пазнаёміліся ў інтэрнацкім пакоі адпачынку перад Вялікаднём. Я падышоў да прыгожай дзяўчыны, паклаў руку на плячо і прапанаваў “Можа, пойдзеш са мной на ўсяночную?”. І яна пайшла. Вось так паступова і разгарэлася наша каханне”.
Пётр Ігнатавіч і Тамара Аляксандраўна жывуць разам ужо 44 гады. Выхавалі дзвюх дачок, маюць чатырох унучак і ўнука. “Сям’я для мяне – радасць жыцця і ўсяго аснова, – кажа Пётр Ігнатавіч. – Гэта крыніца энергіі і натхнення, гэта як бальзам на гаючую рану. Я ўдзячны сваёй жонцы Тамары за тое, што ў любых жыццёвых абставінах яна знаходзіць мудрае рашэнне, што з’яўляецца самай клапатлівай жонкай, маці і бабуляй”.
На заслужаным адпачынку П. І. Кузьмін застаецца чалавекам актыўнай жыццёвай пазіцыі – узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю ААТ “Лаўжанскае”, з’яўляецца членам прэзідыума раённага савета ветэранаў. Ну, а ў вольныя хвіліны  юбіляр таксама мае занятак для душы – ён добры гарманіст, з задавальненнем грае вальсы, полькі і кадрылі.
Пётр Ігнатавіч Кузьмін – паважаны чалавек у нашым раёне. У дзень юбілею яго віншавалі не толькі родныя, але і былыя калегі, прадстаўнікі сельскага выканаўчага камітэта  і мясцовай гаспадаркі. Завітала і раённая дэлегацыя: старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Тамара Анатольеўна Сідарава, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Кацярына Фамінічна Палоўнікава, в. а. старшыні  райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Георгіеўна Варкун. Усе жадалі юбіляру здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця.
Гэтага ж зычым і мы свайму пастаяннаму чытачу, які выпісвае раённую газету больш за трыццаць гадоў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №45 ад 13.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *