Люди и судьбы: лейтенант медицинской службы Нина Горбачева

Людзі і лёсы

Дзевяць дзясяткаў  нягод і радасцей
Ну, вось, сёння зноў сям’я разам: старэйшая дачка Рэгіна прыехала з Барысава, сын Валера з нявесткай прыйшлі, малодшая дачка Ларыса побач — усе сабраліся за святочным сталом. Нагода самая што ні на ёсць важкая: любай мамачцы Ніне Еўдакімаўне Гарбачовай — 90.
“Ды няма мне столькі, — усміхаецца імянінніца і працягвае жартаваць: — Пашпарт хлусіць. У душы ж мне намнога менш, здаецца, і танцаваць бы пайшла, і ўборы прымерыла б…”
Яшчэ ў мінулым годзе, працягвае Ніна Еўдакімаўна, і ў магазін хадзіла, і на кухні спраўлялася, ды здароўе падкачала: інсульт здарыўся. Яна  не перастае дзякаваць Ларысе (Ларыса Мікалаеўна Жураўлёва — яе дачка) за тое, што выхадзіла, і дзень і ноч была побач. А пазней жанчына ўсё ж дадала: “Старасць — хранічнае захворванне, якое не вылечваецца”. Каму-каму, а лейтэнанту медыцынскай службы гэта вядома.
У свае дзевяноста Ніна Еўдакімаўна мае цудоўную памяць, добры слых і неблагі зрок. Яна дакладна прыгадвае прозвішчы людзей, якія сустракаліся на яе жыццёвай дарозе, помніць і назвы мястэчкаў, дзе давялося пабываць.
Сёння за сталом, безумоўна, будуць успаміны. А як жа без іх? Імянінніцы ёсць што ўспомніць. Усякага ў жыцці было: і добрага, і сумнага. Горычы больш ад вайны, дакладней, ад войнаў, бо выпала жанчыне прайсці ажно праз тры вайны.
Пасля заканчэння Гомельскай фельчарскай школы ў 1939 годзе васемнаццацігадовая Ніна з Сенненшчыны ў званні малодшага лейтэнанта ўдзельнічала ў вызваленні Заходняй Беларусі ад палякаў. Потым была фінская, дзе ўпершыню сутыкнулася са смерцю і адчула ўвесь жах вайны. Была, хоць і кароткай, паездка ў Грузію, быццам бы вызваляць Турцыю. Чакалі наступлення, але абышлося… Там Ніна сустрэла сваё каханне, маладога афіцэра Віктара. Нараджаць дзіцяці паехала дадому. 9 мая 1941 года нарадзілася Рэгіна. Акурат на 27 чэрвеня маладая маці ўзяла білет, каб паехаць да мужа, прадоўжыць службу, але сустрэчу абарвала вайна.
Гэтая вайна стала для сям’і самай трагічнай. З усёй вёскі сям’я Гарбачовых была самай партызанскай (бацька, брат і сама Ніна былі ў партызанах) і самай пацярпелай. У Ніны загінулі самыя блізкія людзі: бацька (быў расстраляны), малодшая сястра, старэйшы брат, муж…
Пасля вайны Н. Е. Гарбачова ўся аддалася рабоце. Выйшла другі раз замуж за свайго земляка Мікалая Рачкоўскага. У 1958 годзе сям’я з ужо трыма дзецьмі пераехала на Шуміліншчыну, у Лескавічы. Мікалай быў прызначаны дырэктарам Лескавіцкага дзіцячага дома, а Ніна — загадчыцай ФАПа.
Менавіта гэты перыяд жыцця Ніна Еўдакімаўна сёння ўспамінае як самы шчаслівы. Яе сям’я была побач. Яна адчувала сваю патрэбнасць людзям, дзеля якіх часта бегла на выклік ўначы і выхадныя.
42 гады сумленна, сябе не шкадуючы, адпрацавала Н. Е. Гарбачова ў медыцыне. І ніколькі не шкадуе. Хіба толькі што не пайшла вучыцца на ўрача. Гэтая мара так і засталася няздзейсненай.
На пытанне, у чым жа сакрэт даўгалецця, імянінніца адказала: “Ва ўсім вінаватыя гены.” Яе матуля ў 95 яшчэ бульбу капала, дзед і наогул пражыў 115. А яшчэ, як модна цяпер гаварыць, вяла жанчына ўсё жыццё здаровы лад: не курыла, не піла (“Ці набярэцца паўлітра за мае 90?”), старалася сачыць за ежай.
“Я шчаслівая, што ў мяне такія дзеці выраслі, — прызналася Ніна Еўдакімаўна. — Калі б не яны, да такога юбілею наўрад ці дажыла…”
І яшчэ жывіце доўга, Ніна Еўдакімаўна. Вы гэтага заслужылі сваёй душэўнасцю, самаахвярнай працай, маральнымі адносінамі да людзей, да жыцця.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №48 ад 28.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *