Доска Почёта Шумилинского района: Лидия Быкова

Актуалии Экономика

На яе плячах – “сэрца арганізацыі”

Вытворча-тэхнічны аддзел ПМК-70 называюць “сэрцам арганізацыі”. Да гонару прадпрыемства, гэта “сэрца” сёння працуе роўна і без збояў, яно “стукае” рытмічна і гучна. І ў гэтым вялікая заслуга начальніка вытворча-эканамічнага аддзела Лідзіі Францаўны Быкавай, чыё прозвішча сёлета занесена на раённую Дошку гонару. Такая пашана – за добрую работу і стараннасць. Мы гутарым з Лідзіяй Францаўнай напярэдадні яе прафесійнага свята – Дня будаўніка.
– Лідзія Францаўна, складваецца такое ўражанне, што вы ўсё жыццё марылі быць інжынерам-будаўніком.
–  Не, гэта зусім не так. Пасля заканчэння школы думала вывучыцца на доктара. Але для паступлення не хапіла ўсяго паловы бала. Змірылася з гэтым і вырашыла, што медыцына – не мой лёс. Вывучылася ў Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме на інжынера-будаўніка. І не пашкадавала аб гэтым ні дня – работа вельмі падабаецца.
–  А дзе вы пачыналі свой працоўны шлях?
–  Пасля вучобы была накіравана ў Ашмяны, дзе працавала майстрам у ПМК-25. Але пасля абавязковай адпрацоўкі захацела вярнуцца ў роднае Шуміліна. Тут уладкавалася ў аддзел архітэктуры райвыканкама, потым працавала інжынерам-будаўніком у аддзеле адукацыі. А дванаццаць гадоў таму прыйшла ў ПМК-70. Агульны стаж  маёй работы – 37 гадоў.
–  Напэўна, узначальваць вытворча-эканамічны аддзел – гэта вельмі адказна.
– Так, работа не з лёгкіх. Трэба быць пастаянна ў курсе будаўнічых навін: шукаць заказчыкаў на сайтах, выігрываць тэндары на выгадных для нас умовах, падлічваць і параўноўваць, камусьці ісці на ўступкі, напрыклад, па перавозках. Трэба ўсё прадугледзець і вылічыць: бывае, што ўступім на капейкі, а выйграем тысячы. Заключэнне дагавораў, праектна-каштарысная дакументацыя, работа з аддзелам забеспячэння і прарабамі – гэта “хлеб” нашага вытворча-эканамічнага аддзела, дзе працуюць пяць чалавек.
–  І як часта шумілінскім будаўнікам шчасціць выйграваць тэндары на будаўніцтва, скажам, за межамі нашага раёна?
– Нярэдка. Мы ж не дрэмлем, іншы раз дарагая кожная хвіліна. Затое нашым будаўнікам заўсёды ёсць работа – ушчыльную працуем з аблгазам, шмат аб’ектаў у Віцебску.  Нядаўна выйгралі тэндар на капітальны рамонт 80-кватэрнага жылога дома ў Наваполацку.
–  Маладыя калегі лічаць вас строгім начальнікам?
– Напэўна, у меру строгім. Перш-наперш стараюся быць справядлівай: дзесьці і заўвагу зраблю, а іншы раз і пахваліць не перашкодзіць – трэба ж стымул для таго, каб у моладзі “вырасталі крылы”. Маладых спецыялістаў вучу быць уважлівымі, сабранымі, адказнымі. Без гэтага ніяк, бо работу ў нашым аддзеле трэба выконваць хутка і дакладна.
– А што дае вам аддушыну пасля цяжкага працоўнага дня?
– Іду на агарод – адпачываю, працуючы на градках. Стома праходзіць, галава святлее. Ну, а яшчэ сілы для наступнага дня дае мая сям’я, трое дзяцей і тры ўнучачкі. Стараюся за вечар набрацца станоўчай энергіі, бо заўтра – зноў у працоўны бой.
– Дзякуй за размову. З прафесійным святам вас і добрымі пажаданнямі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №62 ад 11.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *