Дендрарий Шумилинского лесхоза обещает стать любимым местом отдыха жителей

Актуалии Экология

Наглядная энцыклапедыя раслін

Прызнацца, у апошні раз была ў дэндрапарку, які належыць Шумілінскаму лясгасу і знаходзіцца на ўскрайку Шуміліна, некалькі год таму, і наведаўшы гэтае месца нядаўна, была прыемна здзіўлена зменамі.
“Сапраўды, – кажа галоўны ляснічы лясгаса Дзмітрый Падляшчук, праводзячы своеасаблівую экскурсію, – сёлета мы шмат папрацавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі. І калі да гэтага часу мясціну можна было хутчэй назваць дэндрарыем, то цяпер “вымалявалася” абсалютная зона для адпачынку. У шырокім сэнсе слова дэндрапарк”.
Усёй дзейнасцю па дэндрапарку кіруе галоўны ляснічы Д. Л. Падляшчук. Пад яго пільным і зацікаўленым наглядам добра і плённа папрацавала летам моладзь – недзе пад дваццаць чалавек былі прыняты на сезонную работу. Перш-наперш значна папоўнілі колькасны склад дрэў і кустоў у парку – пасадзілі 400 экзэмпляраў хвойных, сярод якіх елі, сосны, туі, ядлоўцы, кіпарысавік. Усю гэтую хвойную карціну дапоўніў рададэндран. Упрыгожыла тэрыторыю альпійская горка.
Наогул дэндрапарк, па падліках інжынера па лясных культурах Юліі Лабоўкінай, сёння налічвае каля 2 тысяч экзэмпляраў самых разнастайных, у тым ліку і рэдкіх (елка канадская блакітная, ядловец кітайскі, елка гнездападобная і інш.), дрэў і кустоў каля 70 відаў. Практычна атрымалася наглядная энцыклапедыя раслін.
Акрамя гэтага, упрыгожылі дэндрапарк, як модна цяпер гаварыць, малымі архітэктурнымі формамі. “Тут папрацавалі нашы работнікі, – працягвае Дзмітрый Падляшчук.  – Іх рукамі зроблены альтанкі, лавачкі, дыхтоўныя арэлі, пергалы для павойных раслін. Хочацца адзначыць, напрыклад, інжынера па лесаахове Антона Шабанава, які аздобіў альтанкі і арэлі матылькамі, а лавачкі – сімпатычнымі павукамі. Ляснік Шумілінскага лясніцтва Дзмітрый Чумачэнка  з душой вырабіў млыны і грыбы. Можаце самі ацаніць, наколькі прыгожа атрымалася”.
Пракладзены сёлета і дарожкі па парку. Пакуль што іх апрацавалі гербіцыдамі і падсыпалі шчапой, у наступным годзе давядуць да ладу.
А яшчэ на ўваходзе з’явіўся вялікі камень. На ім работнікі лясгасу мяркуюць устанавіць памятную дошку “хроснаму бацьку” дэндрапарка – Глушыну Віктару Вікенцьевічу, першаму дырэктару лясгаса, ініцыятару і стваральніку гэтай, можна сказаць, унікальнай тэрыторыі. У пачатку 2000-х, адразу пасля стварэння лясгаса, яму трэба было акультурыць даволі буйную па плошчы – 8 га – няўдобіцу на пустэчы. Так было вырашана распачаць будаўніцтва дэндрапарка. Трэба прызнаць, вельмі ўдалы ландшафт аказаўся для гэтых мэт: тут і горкі, і нізіны, і прыродныя сажалкі…
Пакуль не выпаў снег і не стукнулі маразы, раю выбрацца ў дэндрапарк і прагуляцца па дагледжанай тэрыторыі. Атрымаеце, скажу я вам, асалоду ад убачанага. Дарэчы, можна і фотасесію маляўнічую арганізаваць. Шкада, што не ў самым цэнтры ён знаходзіцца, а так бы абавязкова стаў любімым месцам адпачынку.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №88 ад 14.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *