Доска почёта Шумилинского района: Владимир Севрюков

Актуалии Людзі і лёсы

Малады пенсіянер-сувязіст
Як бонус, як дадатковы камплімент шматгадовай сумленнай працы, як цёплае “бывай” ад роднага прадпрыемства, Уладзімір Пятровіч Сеўрукоў перад выхадам на заслужаны адпачынак быў вылучаны калектывам на раённую Дошку гонару. Такі прыгожы фініш са зразумелым кожнаму падтэкстам. Значыць, тыя 25 год, што адпрацаваў чалавек у раённым (цяпер занальным) вузле электрасувязі, шануюцца і цэняцца, значыць, сённяшнія сувязісты разумеюць: на падмурку, закладзеным ветэранамі працы, стаіцца ім цвёрда і надзейна. І яны ведаюць, каму за гэта дзякаваць.
Калі перагарнуць працоўную біяграфію Ула-дзіміра Пятровіча ў самы пачатак, то мы даведаемся, што пераехаў ён у Шуміліна маладым хлопцам са Смаленшчыны на пачатку 80-ых. Як гэта часта бывае, маладая жонка перацягнула на сваю радзіму. Тут спачатку працаваў у калгасе “Ленінскі прызыў”, затым перайшоў у ПМК-25, а ў 92-ім ужо ўладкаваўся ў РВЭС. Спачатку працаваў трактарыстам на буравой устаноўцы, а потым, прайшоўшы дадатковае навучанне прама на прадпрыемстве, стаў яшчэ і электраманцёрам. На пенсію У. П. Сеўрукоў пайшоў электраманцёрам лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання чацвёртага разраду лінейна-тэхнічнага ўчастка ЗВЭС. Гэта значыць, што менавіта ён займаўся абслугоў-ваннем лінейных збудаванняў сувязі, рамонтам і мантажом ліній, пракладкай кабелю і многім іншым. Праз яго рукі прайшоў у тым ліку і дэмантаж паветраных ліній у сувязі з ліквідацыяй праваднога радыёвяшчання.
Наогул, мужчына заўважыў, што работы заўжды было многа, без справы сядзець не выпадала. Цікава, што менавіта гэты факт даў упэўненасць у стабільнасці прадпрыемства сувязі ў такія няпростыя 90-ыя. І прагнозы спраўдзіліся: перажыўшы розныя часіны, сёння ЗВЭС – адно з самых моцных прадпрыемстваў і не толькі ў нашым раёне. Таксама Уладзімір Пятровіч назваў свой калектыў згуртаваным і надзейным, заўважыў, што і зараз можа звярнуцца за любой дапамогай і атрымаць яе. Цяпер яму яшчэ і аказваюць дадатковую ўвагу як маладому пенсіянеру, запрашаюць у гэтай новай якасці на ўрачыстыя мерапрыемствы.
Уладзімір Пятровіч – шчаслівы бацька трох дарослых дзяцей. Старэйшы Аляксандр пераехаў з сям’ёй на Гомельшчыну, дачка Вольга жыве ў Віцебску, а малодшы Артур вучыцца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. А яшчэ аказалася, што ў гэтага жвавага, поў-нага сіл мужчыны аж сямёра ўнукаў. Ён сапраўды дзейны і актыўны, з моцным жыццёвым рэсурсам, і, можна меркаваць, што яго працоўная біяграфія яшчэ не дапісана. Мужчына гатовы і далей прымяняць свае сілы і вопыт у справе. А пакуль такой справы не знайшлося, Уладзімір Пятровіч займаецца па гаспадарцы: вядзе агарод, дабудоўвае хлявок, у якім па вясне паселіцца якая-небудзь жыўнасць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №95 ад 08.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *