Родовые схватки женщина запивала водкой. Ребёнка спасла фельдшер скорой помощи

Общество Происшествия

Жыццё дзіцяці выратавала фельчар хуткай дапамогі

Калі брацца расказваць гэту гісторыю, то пачынаць трэба не з “сёння” і нават не з “учора”. Як гэта часта бывае, нядобранадзейнасць мае больш глыбокія карані, чым гэта можа падацца на першы погляд.
Гадавалася Алеся ў інтэрнаце: маці памерла, калі ёй было 10 год, а бацьку адразу ж пазбавілі бацькоўскіх правоў. Бабуля па стане здароўя таксама не змагла стаць апекуном унучцы. Дзяўчынка скончыла школу і нават атрымала добрую прафесію – стала тынкоўшчыцай, што на сённяшні дзень даволі запатрабавана. У яе была і кватэра ў Бешанковічах, і, у прынцыпе, усе перадумовы жыць прыстойна. Яна, здаровая, маладая, з кватэрай і прафесіяй у руках, магла б наладзіць сваё жыццё не горш за іншых. Але не змагла. Пра гэта гучна заяўляе і той факт, што са сваім будучым мужам яна пазнаёмілася ні дзе-небудзь, а ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Нікому не трэба тлумачыць, да якога стану трэба давесці сваё жыццё жанчыне, каб трапіць у гэтае месца.
І вось Яўген вярнуўся дадому ў Мікіціху ўжо не адзін. І маладыя, як у песні Уладзіміра Высоцкага, “сразу стали жить, не опасаясь пагубных последствий”. Праўда, спачатку свекрыві нявестка спадабалася – працавітая, і згатаваць, і прыбрацца можа. Але тое, што прафілакторый хоць і лячэбны, але ад цягі да чаркі нікога не вылечыў, стала зразумела вельмі хутка. Парачка нідзе не працавала, выпадковыя заробкі пускала на спіртное, вяла той лад жыцця, доўга апісваць які няма патрэбы ды і жадання.
Вось і тое, што зацяжарала, Алеся заўважыла не адразу. Толькі на шостым месяцы, і то, калі б свякроў не прымусіла паехаць да доктара, то не вядома яшчэ, чым бы гэта справа скончылася. А дастаўляць цяжарную на планавыя агляды да гінеколага часта даводзілася супрацоўнікам міліцыі. Цяжка меркаваць, на што разлічвала жанчына, пра што думала – ну не пройдзе ж цяжарнасць бясследна, сама сабой. Тут для ўсіх жанчын вынік адзін – дзіця, жывы чалавек. У гэтым месцы можа падацца, што будучая маці мае нейкія праблемы са здароўем псіхічнага характару, бо не разумець такіх відавочных нават для школьніка рэчаў немагчыма. Але ж спецыяльная экспертыза пацвердзіла, што жанчына дзеяздольная і можа выконваць абавязкі па выхаванні дзяцей.
Такія рэзкія змены ў жыцці Алесі і Яўгена ніяк не паўплывалі на іх паводзіны. Ну, абсалютна ніяк. Яны не адмовілі прывычнаму асацыяльнаму ладу жыцця, не ўзяліся рыхтавацца да з’яўлення ў сям’і немаўля, якое ой як патрабуе асаблівай падрыхтоўкі. Што яны між сабой меркавалі, на што разлічвалі – невядома. Толькі ж дзіцяці не будзе чакаць, пакуль бацькі купяць яму пялёнкі, распашонкі і соскі, пакуль у доме падключаць святло і газ. Яму трэба нарадзіцца на свет, і яно гэта зробіць.
Але Алеся, па ўсім відаць, раджаць ні ў той дзень, ні наогул не збіралася. Ну, іначай не пацягнулася б яна разам з мужам аж у Цаўі ў госці да нейкага  мужчыны з няпэўным мінулым. А там, прама ў гасцях, прыхваціла жывот. Каб не так моцна балела, выпіла. Як жа яшчэ, скажыце, “лячыцца” цяжарнай? Зразумеўшы, што ўсё не так проста, Яўген выклікаў хуткую дапамогу. На шчасце, на выклік прыехала вопытны фельчар, якая не пабаялася ўвайсці ў хату, дарогу да якой перагарадзілі двое п’яных мужчын. Яны настойліва даводзілі, што яе дапамога тут ужо не патрэбна. Увайшоўшы ў пакой, медыцынскі работнік ацаніла сітуацыю: на канапе паміж акуркаў і рыбіных костак ляжыць п’яная жанчына з ужо сінім немаўля. Фельчар правяла рэанімацыйныя дзеянні, дзіця задыхала. Яна даставіла маці з малым у бальніцу.
З гэтага часу маладая маці трапіла ў поле зроку органаў апекі. Алесі і Яўгену тлумачылі, што для таго, каб ім даверылі выхаванне іх сына, трэба стварыць умовы для яго пражывання. Але бацькоў з іх зрабіць так і не ўдалося. І ў выніку справа дайшла да суда.
Адкрытае судовае пасяджэнне, якое прайшло ў Мікіцісе, на якім і былі разгледжаны ўсе падрабязнасці гэтай гісторыі, прывяло ў шок не толькі аднавяскоўцаў герояў, але і старшыню суда Алену Сініцкую, багаты прафесійны вопыт якой, здавалася б, ужо навучыў нічаму не здзіўляцца. Разглядаючы грамадзянскую справу па іску аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, суддзя імкнулася адшукаць хаця б расткі бацькоўства ў гэтай пары (шлюб паміж імі не зарэгістраваны, але бацькам Яўген сябе прызнаў). Гэта не ўдалося ні А. А. Сініцкай, ні памочніку пракурора Наталлі Гаўрылюк, якая прымала ўдзел у пасяджэнні. Ды і для любога прысутнага было відавочна, што гэтыя мужчына і жанчына не здольныя быць бацькамі. Рашэннем суда яны былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да свайго сына.
А маленькі Уладзік расце і развіваецца, як і належыць двухмесячнаму дзіцяці. Ён пакуль не ведае, што маці і бацькі ў яго няма. Але тым не менш, ён ужо шчасліўчык, бо застацца жывым у тых умовах, у якіх яму прыйшлося з’явіцца на свет, можна толькі цудам. Хочацца верыць, што далей лёс будзе да гэтага хлопчыка больш ласкавым.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №7 ад 23.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *