«Хату спалю». І спаліла. І трапіла на чатыры гады за краты

Общество Происшествия

«Хату спалю». І спаліла
Бывае, проста дзіву даешся, якія страсці кіпяць там, дзе кіпець ім, ну, зусім не трэба. Якія кашы заварваюцца, што і не расхлябаць потым. Проста хаты гараць. Прычым, у прамым сэнсе гэтага слова. Такое здараецца, вядома, не раптам. Да такога жыцця яшчэ дайсці трэба, а калі дакладней, то дакаціцца.

Падсудная Філіпончык (прозвішчы фігурантаў справы зменены – рэд.) ужо больш за 10 год падтрымлівала шлюбныя ўзаемаадносіны з таварышам Канеўскім. У сапраўдную сям’ю гэта сужыццё так і не перарасло. Жанчына за гэты тэрмін паспела тры разы пабываць у ЛПП, ды і лад жыцця яе сужыцеля быў і застаецца далёкім ад здаровага. Пастаянна канфліктавалі, мужчына папракаў куском хлеба і гразіўся пазбавіць спадарожніцу кута ў сваім доме. Так і жылі.
У той жа канкрэтны дзень, які па хвілінах быў адноўлены ў ходзе выязнога судовага пасяджэння ў Мікіцісе, здарылася такое, што імгненна “праславіла” пару на ўвесь раён. Нават старшыню суда Алену Сініцкую, якая разбіралася ў справе і за сваю доўгую працоўную біяграфію бачыла многае, гэтая каларытная пара нямала здзівіла сваімі паводзінамі і поглядамі на жыццё. Як і пракурора раёна Сяргея Зайцава, што выступаў у якасці дзяржаўнага абвінаваўцы.
Канеўскі, вярнуўшыся дадому з бутэлькай гарэлкі і перакуліўшы па чарцы з сужыцелькай, пайшоў спаць, строгім чынам забараніўшы апошняй датыкацца да бутэлькі. Тая не вытрымала і гарэлку ўсё ж дапіла. Прачнуўшыся і выявіўшы нястачу, мужчына раз’юшыўся і запатрабаваў: круціся, як хочаш, але каб гарэлка стаяла на табурэце – там, дзе ён яе і пакінуў.
А Філіпончык жа таксама з характарам аказалася: пайшла на веранду ды падпаліла шпалеры. Гаварыла потым, што не хацела бяды, а толькі папужаць нядобрага мужыка хацела. Але агонь імгненна шухнуў пад столь, і кантраляваць гэты працэс стала немагчыма. Жанчына спахапілася, кінулася тушыць пажар, будзіць п’янага мужа, выклікаць пажарных.
Хата згарэла – такі вынік сямейнага канфлікту. Дзякуй богу, усе жывыя. Хаця, гэта яшчэ не ўсё. Грамадзянка Філіпончык была затрымана праваахоўнымі органамі і паўстала перад судом за злачынства, прадугледжанае ч 2. арт. 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі –  наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам ці пацягнуўшае прычыненне шкоды ў буйным памеры. Такія злачынствы караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў. Вось так “нятанна” каштуе схільнасць паддавацца парывам ярасці пад уздзеяннем градусаў.
Самае цікавае ў гэтай справе тое, што жанчына, якая з першых хвілін прызнавала сябе вінаватай, каялася, гаварыла, што проста не чакала такіх наступстваў ад свайго ўчынку, у зале суда раптам ад сваіх мінулых паказанняў адмовілася. Сказала, што “разумныя людзі” (толькі такія звычайна і сядзяць у следчым ізалятары) навучылі жыццю. Маўляў, не прызнавайся, а тое, што адразу прызналася – саманагавор пад ціскам следства. Падсудная, канешне, спрабавала паставіць факты з ног на галаву, нават на паперцы ўсё напісала, каб не заблытацца. І як не падпальвала, і як само невядома якім чынам загарэлася, і як міліцыянер раіў узяць віну на сябе. Але факты на тое і факты, што ў лагічную карціну выстройваюцца, толькі калі праўдзівыя. У адваротным выпадку, колькі дадатковых сведак ні патрабуй, колькі слоў у сваё апраўданне ні кажы, падман відавочны ўсім.
Жанчына на чатыры гады трапіла за краты. У яе будзе дастаткова часу падумаць над сваім жыццём. Праўда, дзёрзкія паводзіны на судзе ставяць пад сумненне магчымасць гэтага чалавека раскайвацца.
Прыгавор у законную сілу не ўступіў: жанчына абскардзіла яго  ў вышэйшую інстанцыю.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *