Васіль Іваноў вызваляў родную Беларусь

Актуалии

Ён вызваляў родную Беларусь

12 чэрвеня пад рубрыкай “Рэха вайны: шукаем родных” у нашай газеце быў змешчаны артыкул “Яны не прапалі без вестак…” пра тое, як пошукавікі з горада Ладзейнае Поле Ленінградскай вобласці знайшлі месца гібелі нашага земляка Віктара Піліпавіча Іванова з в. Жданоўка Мішневіцкага сельсавета і прасілі знайсці яго родных. Адгукнуўся Пётр Іванавіч Іваноў, які зараз жыве ў Віцебску.

Ён расказаў, што ў Віктара быў малодшы брат Васіль, які прайшоў усю вайну, вярнуўся дамоў і пражыў яшчэ шмат гадоў.
Вось што ўдалося даведацца пра малодшага лейтэнанта Васіля Піліпавіча Іванова на сайце “Подзвіг народа” (www. podvignaroda.ru), на якім апублікаваны ўзнагародныя дакументы ўдзельнікаў вайны, некаторая дадатковая інфармацыя пра іх.
Васіль Піліпавіч Іваноў нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Жданоўка Мішневіцкага сельсавета Сіроцінскага раёна Віцебскай вобласці БССР. У верасні 1940 года Сіроцінскім райваенкаматам быў прызваны на службу ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію.
Васіль Іваноў уступіў у баявыя дзеянні на Заходнім фронце (былая Беларуская ваенная акруга) ў ліпені 1941 года, калі нямецкія войскі падыходзілі да Дняпра і Заходняй Дзвіны. А значыць, ён прайшоў увесь шлях адступлення з цяжкімі баямі да Масквы, выстаяў абарону сталіцы СССР, удзельнічаў у разгроме фашыстаў пад Масквой зімой 1941/1942 года. У гэтых баях 7 красавіка 1942 года быў лёгка паранены.
У ходзе наступальнай аперацыі летам і восенню 1943 года Заходні фронт падышоў да межаў Беларусі. Малодшы лейтэнант Васіль Іваноў камандаваў самаходнай артылерыйскай устаноўкай СУ-85, служыў у 401 гвардзейскім самаходным артылерыйскім палку, які ўваходзіў у склад 2 гвардзейскага Тацынскага Чырванасцяжнага корпусу 31-й арміі.
1 мая 1944 года, перад пачаткам Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”, Заходні фронт быў ператвораны ў 3-ці Беларускі фронт. Войскі фронту вызвалялі цэнтральную частку Беларусі ад Оршы да Мінска і далей наступалі на Вільнюс і Усходнюю Прусію. За ўдзел у вызваленні сталіцы Беларусі 401 гвардзейскі самаходны артылерыйскі полк атрымаў ганаровую назву Мінскі.
У першыя дні Беларускай аперацыі Васіль Іваноў вызначыўся і быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Ва ўзнагародным лістку сказана:
“Камандзір самаходнай артылерыйскай устаноўкі 85 малодшы лейтэнант Іваноў у баях з 24 па 30 чэрвеня 1944 года дзейнічаў смела і рашуча. У раёне вёскі Кісялі (можна меркаваць, што гэта ў Талачынскім раёне – аўт.) знішчыў склад боепрыпасаў праціўніка, 2 гарматы і ўзяў у палон 15 нямецкіх салдат”.
У пачатку 1945 года войскі 3-га Беларускага фронту падышлі да Усходняй Прусіі, якую немцы ператварылі ў сапраўдную крэпасць з глыбокай абаронай.

З пачаткам Усходне-Прускай наступальнай аперацыі ў перыяд з 16 па 18 студзеня Васіль Іваноў “за час баявых дзеянняў паказаў сябе смелым, мужным афіцэрам. Пад яго камандаваннем устаноўка ў складзе экіпажа знішчыла 2 танкі, 1 самаходную гармату, 4 палявыя гарматы, 4 мінамёты, 1 супрацьтанкавае ружжо і да 30 салдат і афіцэраў праціўніка”. Наш зямляк быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Далейшы баявы шлях Васіля Іванова звязаны з 1901 самаходным артылерыйскім Беластоцкім палком 41 стралковага корпусу. За ўдзел у баявых дзеяннях ва Усходняй Прусіі Васіль Піліпавіч быў прадстаўлены да ордэна Айчыннай вайны 2-й ступені.
Як гаворыцца ў прадстаўленні да ўзнагароды, “Гвардыі малодшы лейтэнант Іваноў В. П. удзельнічаў у баях па ліквідацыі Усходне-Прускай групоўкі з 13 па 16 сакавіка 1945 года праявіў мужнасць, адвагу і ўменне ў камандаванні самаходнай устаноўкай СУ-85. 13 сакавіка ў раёне Шэнліндэ падтрымаў наступленне пяхоты агнём сваёй гарматы, знішчыў 2 супрацьтанкавыя гарматы і 3 кулямёты, спрыяў поспеху наступлення. 16 сакавіка 1945 года ў раёне Розенгоф гвардыі малодшы лейтэнант Іваноў быў цяжка паранены”.

Да перамогі заставалася два месяцы.
Пасля вайны Васіль Піліпавіч вярнуўся на радзіму, будаваў мірнае жыццё.
Вось ужо 73 гады над нашай зямлёй мірнае неба. Усё далей ад нас вайна. Зыходзяць з жыцця ветэраны – жывыя сведкі той вайны. Але яны, іх подзвіг будуць жыць у нашай памяці, у памяці нашых дзяцей.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 50 ад 29.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *