Курган Дружбы як сімвал свабоды, памяці і сардэчнага сяброўства

Актуалии

Курган Дружбы як сімвал свабоды, памяці і сардэчнага сяброўства


Па зямлі можна правесці межы, памяць межаў не ведае. Удзячнасць і боль, якія адны на ўсіх, – не раздзяліць. Не абясцэніць. Не дэвальваваць. А іначай, як глядзець у вочы ветэрану, які тады, калі быў малады, прыгожы і па ўсіх законах жыцця павінен быў кахаць, танцаваць і смяяцца, ні хвіліны не раздумваючы, ішоў пад кулі?..
Памяць – святая. Яна ўжо ў 59-ты раз у першую нядзелю ліпеня збірае сотні людзей на стыку трох дзяржаў – Беларусі, Расіі і Латвіі, – каб ушанаваць тых, хто пакінуў нам у спадчыну свабоду, каб сказаць дзякуй ветэранам, якія сёння з намі, каб ускласці кветкі да помнікаў і прыслухацца да свайго сэрца ў хвіліну маўчання.
Сёлета сустрэчу арганізоўваў беларускі бок. У мерапрыемствах узялі ўдзел кіраўніцтва Віцебскай вобласці на чале са старшынёй аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым, прадстаўнікі Пскоўскай вобласці на чале з выконваючым абавязкі губернатара Міхаілам Вядзернікавым, дэлегацыя Латвійскай Рэспублікі разам з дэпутатам Сейма Латвіі Артурам Рубіксам.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі ў той час агульнай Радзімы быў разгорнуты маштабны партызанскі і падпольны рух. Сімвалам сумеснай барацьбы і стаў Курган Дружбы, які ўручную быў насыпаны зямлёй, прывезенай сюды з магіл загінуўшых у гады вайны герояў. Курган знаходзіцца на тэрыторыі Латвіі, а таму ў беларусаў і расіян сёння няма магчымасці падысці ўшчыльную да гэтага святога месца. Але агульная гісторыя і адна на ўсіх Перамога яднаюць брацкія народы ў адзін мацней за любую ідэалогію. І на тым беразе рачулкі Сіняя таксама спяваюць “Кацюшу” і падымаюць сімвалічныя франтавыя сто грам за Перамогу.
Каля паўсотні шумілінцаў, аб’яднаных ГА “Белая Русь”, наведалі мерапрыемства. У складзе афіцыйнай дэлегацыі Віцебскай вобласці ў мерапрыемствах удзельнічаў кіраўнік Шумілінскага раёна Аляксандр Снараў. Дзень аказаўся надзвычай напоўнены ўражаннямі, цікавымі сустрэчамі, стаў нагодай яшчэ раз задумацца над такімі вечнымі паняццямі як мір, свабода, незалежнасць.
Ляглі вянкі і кветкі да манумента героям-камсамольцам вёскі Прошкі на беларускай зямлі, затым – да помніка камсамолцы-разведчыцы Марыі Пынто на тэрыторыі Расіі, карзіну з кветкамі латвійскаму боку для ўскладання да манумента Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу перадала кіраўніцтва Віцебскай і Пскоўскай абласцей. У капліцы Сергія Раданежскага прайшоў малебен па загінуўшых партызанах і падпольшчыках.
Сапраўдны партызанскі лагер са штабам, медсанчасцю і тыпаграфіяй раскінуўся на беларускай тэрыторыі. Прычым, усё атрымалася даволі рэалістычна: за ваенных медыкаў – сапраўдныя ўрачы, сувязісты таксама прафесіяналы, а ў тыпаграфіі – мясцовыя журналісты. Працавалі два музея: стацыянарны Музей баявой садружнасці, дзе можна даведацца ўсё пра гісторыю ўзнікнення Кургана Дружбы, і перасоўны музей-бус “Кветкі Вялікай Перамогі”, дзе можна было пазнаёміцца з экспанатамі, што ілюструюць не толькі гады вайны, але і даваенны быт, і часы пасляваеннага ўзнаўлення. Шматлікія тэматычныя выставы і мерапрыемствы былі арганізаваныя і на расійскім баку. Актывісты-патрыёты традыцыйна сабраліся і на баку Латвіі, спявалі песні, абменьваліся праз раку-мяжу прывітаннямі і найлепшымі пажаданнямі. Усім, хто першы ліпеньскі дзень вырашыў правесці менавіта так, можна не сумнявацца, было над чым паразважаць, і будзе што ўспомніць. Многія дамовіліся пра сустрэчу на тым жа месцы праз год. Традыцыя такіх сустрэч на Кургане Дружбы будзе працягнута, асабліва важна ўцягваць у гэта ўсё мага больш маладых людзей, на што звярнуў увагу кіраўнік Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №51 ад 06.07.2018 г.

Кіраўнікі дэлегацый ускладаюць кветкі
да помніка героям-камсамольцам беларускай вёскі Прошкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *