Адзін дзень у гаспадарцы: КУСГП “Ульскі”

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Адзін дзень у гаспадарцы: КУСГП “Ульскі”

Валянціна Лабейка абмяркоўвае з механізатарамі падрыхтоўку да будучага жніва.

Агульная зямельная плошча КУСГП “Ульскі”, дзе сёння працуе 117 чалавек, складае 6572 гектары. Сельгасугоддзі займаюць 4374 га, у тым ліку паша – 2410 га. У гаспадарцы тры малочнатаварныя фермы: дзве ў Лявонаве і адна ў Брыціках. На ферме Кардон утрымліваюцца цяляты на дарошчванні. Агульная колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы – 1178, у тым ліку 710 кароў. Валавая вытворчасць малака за студзень-май склала 5334 цэнтнеры (гэта на ўзроўні адпаведнага перыяду мінулага года). Валавая прывага на дарошчванні склала 540 грамаў.
Сёлета “Ульскі” засеяў  716 га зерневых , што на 106 га больш за папярэдні год.  На палетках гаспадаркі расце 210 га рапсу і 195 га кукурузы.

Далучэнне да інтэграцыйнай структуры – шанс жыць і развівацца
У красавіку бягучага года  КУСГП “Ульскі” наведаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Візіт губернатара на Шуміліншчыну быў звязаны з важнай і актуальнай на сённяшні дзень тэмай – далучэннем гаспадаркі да інтэграцыйнай структуры Віцебскага мясакамбіната.

Безумоўна, аграхолдынгі – новы этап у развіцці сельгасвытворчасці. Іх асноўная прызначэнне і мэта – развіццё эфектыўнай вытворчасці. Далучэнне да інтэграцыйнай структуры – шанс выжыць і развівацца, – кажа  дырэктар “Ульскага” Валянціна Уладзіміраўна Лабейка. – Падтрымку аграхолдынгу мы адчулі адразу: нашай гаспадарцы былі вы-дзелены энерганасычаныя трактары, сучасны шыроказахопны пасяўны агрэгат “Амазон”, неабходныя мінеральныя ўгнаенні. Дзесяцімятровай сеялкай за чатыры дні мы адсеялі кукурузу, справіліся з зерневымі, зернебабовымі і рапсам. Галоўны козыр холдынгу – фінансавыя магчымасці. Калі ў гэтым годзе ў складзе віцебскай дэлегацыі пабывала ў выставачным цэнтры “БелЭКСПА” ў Мінску, заўважыла, што некаторую сучасную тэхніку, якую там прадставілі, Віцебскі мясакамбінат ужо мае, плануе набываць і больш сучасную. Асобна ўзятая гаспадарка не можа дазволіць сабе такой раскошы. Вось чаму далучыцца да аграхолдынгу для нас было выгадна”.
КУСГП “Ульскі” фармальна яшчэ не стала структурным падраздзяленнем Віцебскага мясакамбіната – згодна з заканадаўствам, неабходныя дакументы будуць аформлены толькі ў пачатку наступнага года. Зараз гаспадарка знаходзіцца  ў так званым давяральным кіраванні. Холдынг падтрымлівае пакуль што толькі тэхнікай. Зразумела, за ўсё трэба разлічвацца, але ж выгадна тое, што плаціць можна з вялікай адтэрміноўкай. Затое з наступнага года “Ульскі” абяцаюць падтрымліваць і палівам, і запчасткамі, і ўгнаеннямі, і новай тэхнікай.
Што дае інтэграцыйная структура для людзей?   Напэўна, менавіта гэтае пытанне вельмі хвалявала і дырэктара “Ульскага”,  і жывёлаводаў, і механізатараў. Нязменны лідар прафсаюзнай арганізацыі Людміла Аляксандраўна Шэдзько таксама цікавілася, ці палепшацца ўмовы працы вясковага працаўніка. Кіраўніцтва аграхолдынгу пайшло насустрач: падчас пасяўной, напрыклад, абеды і падвячоркі, што падвозіліся на поле, былі бяс-платнымі. Да таго ж, прадукцыйнасць працы на новай тэхніцы была больш высокай. Мінеральныя ўгнаенні, што ў неабходнай колькасці дастаўляліся ў гаспадарку, таксама ў будучым спрацуюць на карысць: добры ўраджай – значыць, добры заробак. Дарэчы, ён хвалюе людзей перш за ўсё. За апошні месяц ён павялічыўся, бо бухгалтары кіруюцца расцэнкамі, якія даводзяць з аблвыканкама.
Разам з Валянцінай Лабейкай і Людмілай Шэдзько мы наведалі некаторыя вытворчыя аб’екты. Ля фермы Лявонава заклалі дзве сянажныя траншэі. Падчас нашага прыезду рабочыя закрывалі адну з іх зверху торфам. “Гэта надзейна, пажарабяспечна, – тлумачаць рабочыя. – А саломай нельга – значны слой корму зверху падгнівае”. Увогуле ў гаспадарцы з першага укосу закладзена восем сянажных траншэй, якія змяшчаюць 4300 тон корму. У гэтым заслуга мясцовых механізатараў – Сяргея Агафонава, Аляксея Дамарата, Аляксандра Лабейкі, Васіля Аглушэвіча, Генадзя Козіка і іншых. Зараз мужчыны рыхтуюць камбайны да будучага жніва. “Ульскі” – адна з нямногіх гаспадарак раёна, якая поўнасцю забяспечана і галоўнымі спецыялістамі, і бухгалтарска-эканамічнай службай.

Людміла Шэдзько (злева) разам з жывёлаводамі фермы Кардон.

І на ферме, і на мехдвары прафсаюзны лідар Людміла Шэдзько – часты госць. Да таго ж, яна ў гаспадарцы і спецыяліст па кадрах, і сакратар. Так што ведае, хто, дзе працуе і як. “Аляксандраўна, дзякуй за спецадзенне, халаты, што нам выдалі апошні раз, аказаліся вельмі трывалымі, – кажуць пры сустрэчы мясцовыя жывёлаводы. – У непагадзь карыстаемся і гумавымі ботамі”. Здаецца, дробязь, усяго толькі спецадзенне. А людзі ўдзячныя і за яе, і за салодкія падарункі падчас навагодніх святаў, і за віншаванні і прэміі падчас юбілеяў, і за выдзеленыя па льготнай цане трактары ці аўтамабілі для ўласных патрэб. Вядома, сельскагаспадарчая прафсаюзная пярвічка небагатая, таму ўскладае вялікія надзеі на павышэнне заробку.  Але і зараз прафсаюз па меры сваіх сіл падтрымлівае людзей. Прафсаюзны лідар працуе ў цесным кантакце з кіраўніцтвам гаспадаркі: спрыяюць, каб людзі падлечваліся ў санаторыях, дапамагаюць матэрыяльна мясцовай Кардонскай школе падрыхтавацца на новага навучальнага года. “А як жа інакш, там жа вучацца дзеці і ўнукі нашых работнікаў,” – кажа Людміла Шэдзько.  А яшчэ ўзялі шэфства над Обальскай школай – для яе падсобнай гаспадаркі выдзяляюць зерне, сена, салому. Так што кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт славяцца добрымі справамі.
Стараюцца падтрымаць старанных работнікаў і маральна: зараз, напрыклад, абнаўляюць мясцовую Дошку гонару. На ёй ужо не першы год красуецца партрэт цялятніцы фермы Кардон Веры Барысевіч. Да яе мы і завіталі на рабочае месца. Вера Іванаўна працуе разам са сваім сынам Дзмітрыем. А шостай гадзіне раніцы яны ўжо на рабоце, пояць і кормяць цялят на дарошчванні, якія знаходзяцца на глыбокай падсцілцы. Вынік навідавоку – сутачныя прывагі складаюць больш як 500 грамаў.

Малады ветурач Таццяна Нячай.

На ферме Кардон сустрэліся з маладым ветурачом Таццянай Нячай, якая рабіла прафілактычныя прышчэпкі. Дзяўчына працуе ў гаспадарцы другі год, прыехала на радзіму сваёй бабулі, дзе ў дзяцінстве праводзіла кожнае лета. “Я не адна маладая ў гаспадарцы, – расказала нам дзяўчына. – Заатэхнікам працуе Ядзвіга Сямёнава, бухгалтарам – Таццяна Быкава. Механізатарамі пасля заканчэння навучальных устаноў уладкаваліся мясцовыя хлопцы Сяргей Шавяка і Анатоль Шаракоў”. Праз месяц у гаспадарку прыходзіць працаваць яшчэ адзін механізатар  – Дзяніс Кадукоў. Менавіта на моладзь кіраўніцтва “Ульскага”  ўскладае вялікія надзеі.  Хлопцы і дзяўчаты, якія вяртаюцца на сваю малую радзіму, працавітыя, мабільныя і надзейныя.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №54 ад 17.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *