Андрэй Сасновіч: “Спектр задач, якія стаяць перад супрацоўнікамі МНС, пашыраецца год ад года”

Актуалии Безопасность Новости

“Спектр задач, якія стаяць перад супрацоўнікамі МНС, пашыраецца год ад года”

З нагоды 165-годдзя пажарнай службы Беларусі мы пагутарылі з начальнікам Шумілінскага РАНС Андрэем Сасновічам.

–  Андрэй Іванавіч, супрацоўнікі РАНС не раз стана-віліся героямі газетных публікацый як людзі, з якіх можна браць прыклад. Назавіце некалькі якасцяў у характары чалавека, якімі абавязкова павінен валодаць выратавальнік.
– Бачыце, на нашым сцягу напісана – прафесіяналізм, адвага і гонар. Гэта, бадай, і ёсць самае важнае. Для выканання пастаўленых перад выратавальнікамі задач чалавек павінен быць смелым, самаадданым, стойкім псіхалагічна. У нашай прафесіі, як ні ў якой іншай, на першы план выступаюць асабістыя якасці, а прафесіяналізм абавязкова прыйдзе, калі чалавек трапіў на сваё месца.
– У вашым падпарадкаванні больш за 50 чалавек, і гэта, у першую чаргу, вялікая адказнасць. Што вы найперш патрабуеце ад сваіх падначаленых?
– Будні супрацоўнікаў РАНС, як і ў любым вайсковым падраздзяленні, звычайна праходзяць напружана і згодна з раскладам. Супрацоўнікі МНС не проста павінны аказаць дапамогу ў любой экстрэмальнай сітуацыі, але і пры гэтым самі застацца жывымі і здаровымі. А таму на першы план заўжды выходзіць дысцыпліна, дакладнае выкананне пастаўленых задач, прафесіяналізм. Вельмі важна, каб і на службе, і дома байцы заставаліся ўзорам высакароднасці, каб яны вялі здаровы лад жыцця, займаліся спортам.
– На пасадзе начальніка вы  працуеце 4 гады, але наогул у прафесіі ўжо амаль 20, а таму можаце рабіць аўтарытэтныя вывады пра змены, якія перажывае пажарная служба.
– У нашай свядомасці замацавалася, што работа пажарных найперш звязана з тушэннем пажараў. Гэта так, але спектр задач, якія сёння стаяць перад супрацоўнікамі МНС, пашыраецца год ад года. Супрацоўнікі РАНС выходзяць на барацьбу з любой стыхіяй ці катастрофай, выязджаюць на ДТЗ, на ліквідацыю гнёздаў шэршняў, здзяйсняюць дзяжурства на масавых мерапрыемствах, суправаджаюць сельскагаспадарчыя работы на палях. Калі чалавек аказаўся ў небяспецы, ён адразу тэлефануе 101 ці 112, і баявы разлік тут жа едзе на дапамогу. Байцы пастаянна ўдасканальваюць свае навыкі, вучацца, асвойваюць сучасную тэхніку і могуць аказаць дапамогу ў любой надзвычайнай сітуацыі тэхнагеннага, прыроднага ці бытавога характару.
– Як можна вызначыць гэты год па напружанасці работы?
– Сёлета год сапраўды выдаўся напружаным, павялічылася колькасць надзвычайных сітуацый у параўнанні з мінулым годам. Мы адрэагавалі прафілактычнымі мерапрыемствамі, колькасць якіх павялічылі, бадай, утрая. Сёлета супрацоўнікамі РАНС былі выратаваны на пажарах адзін чалавек, 24 пабудовы, тры адзінкі тэхнікі, адна жывёла і матэрыяльных каштоўнасцяў на 162 тысячы рублёў.
– Па вашых назіраннях, прафілактычная работа дае той эфект, на які звычайна спадзяюцца?
– Важнасць прафілактыкі цяжка пераацаніць, гэта вам скажа любы выратавальнік, які на свае вочы бачыў наступствы трагедый, сутыкаўся з людскім горам і нават смерцю. А таму кожны супрацоўнік аддзела выкарыстоўвае любую магчымасць, каб заклікаць людзей берагчы сябе. У ходзе падворных абходаў, дзён інфармавання і работы з насельніцтвам, сходаў грамадзян, рознага роду абследаванняў мы зноў і зноў нагадваем пра неабходнасць у час рамантаваць печкі, сачыць за спраўнасцю электраправодкі, быць асцярожнымі ў быце. Праводзіцца безліч разнастайных акцый, мы цесна супрацоўнічаем з усімі суб’ёктамі прафілактыкі.
– Можна меркаваць, што гэта работа мае і прафарыентацыйны эфект?
– Напэўна, так. Адзначу, што мы заўжды рады маладому папаўненню. Прычым, для таго, каб  пачаць свой шлях у службе МНС, дастаткова мець сярэднюю адукацыю. Дадам, што звязаўшы сваё жыццё з прафесіяй выратавальніка, маладыя людзі заўжды будуць мець магчымасць вучыцца, павышаць кваліфікацыю, рабіць кар’еру. І наогул, мы цікава і актыўна жывём, удзельнічаем ва ўсіх масавых мерапрыемствах, турзлётах, спартыўных спаборніцтвах. Заўжды маем прызавыя месцы. У аддзеле абсталяваны спецыяльны пакой для заняткаў спортам.
– Ведаю, што ваш малады калектыў з глыбокай пашанай ставіцца да ветэранскай гвардыі.
– Вядома, так. Дзейнічае грамадская арганізацыя ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях “Выратавальнік”, узначальвае якую былы начальнік РАНС М. У. Жукаў. Мы не абыходзім увагай ніводнага ветэрана пажарнай службы. Бываем у гасцях, запрашаем да сябе, абавязкова віншуем у святы. Вось і бліжэйшае свята ў гонар 165-годдзя пажарнай службы Беларусі, якое пройдзе заўтра ў дзіцячай школе мастацтваў, сённяшнія выратавальнікі адзначаць поплеч са сваімі старэйшымі калегамі. Мы ніколі не трацім гэтай сувязі, той пераемнасці пакаленняў, якая важная як для моладзі, так і для ветэранаў пажарнай службы.
– 25 ліпеня – ваша агульнае свята.
– Так, і мне хочацца павіншаваць з Днём пажарнай службы ўсіх супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, пажадаць здароўя, аптымізму, дабрабыту ў сем’ях, ну, і, вядома, – сухіх рукавоў. Дарагія ветэраны, мы памятаем і шануем ваш неацэнны ўклад у развіццё пажарнай службы раёна. Нам патрэбны ваш вопыт і вашы падказкі. Будзьце здаровымі і памятайце, што ў райаддзеле вам заўжды рады. Са святам!
Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў і жадае выратавальнікам лёгкай службы і толькі прыемных навін.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №56 ад 24.07.2018 г.

З гісторыі пажарнай аховы Шумілінскага раёна
Гарадская пажарная каманда мястэчка Шуміліна была створана 15 ліпеня 1944 года і ўваходзіла ў склад Сіроцінскага аддзела НКУС. Першапачаткова пажарная каманда складалася з 14 чалавек: начальнік, інструктар прафілактыкі і тры змены дзяжурных каравулаў па чатыры чалавекі. Будынак пажарнага дэпо размяшчаўся на перакрыжаванні вуліц Вакзальная і Ленінская. Паставы на вышцы нёс службу круглыя суткі. На работу ў пажарную каманду прымаліся як жанчыны, так і мужчыны. У 1946 годзе ў штат пажарнай каманды былі ўведзены тэлефаністкі.
У 1968 годзе гарадская пажарная каманда была рэарганізаваная ў прафесійную пажарную часць па ахове г. п. Шуміліна. У 1978 годзе з’явіўся новы будынак пажарнага дэпо па вуліцы Луначарскага. З 1991 г. кіраўніцтва прафесійнай пажарнай часцю (ППЧ) было ўскладзена на начальніка інспекцыі дзяржпажарнагляду Шумілінскага РАУС.
У 1993 годзе пры правядзенні першага этапа ваенізацыі ППЧ па ахове г. п. Шуміліна была пераўтворана ў ваенізаваную пажарную часць. Штатная колькасць работнікаў тады складала 26 чалавек. У 1995 годзе з’явіўся асобны пост ваенізаванай пажарнай службы ў Обалі. Пры правядзенні другога этапа ваенізацыі ў 1995 годзе былі створаны пасты ў Слабадзе і Сідараўшчыне (скарочаны праз тры гады).
У 2003 годзе ўсе размешчаныя на тэрыторыі раёна падраздзяленні МНС былі аб’яднаныя ў Шумілінскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
Надрукавана ў №56 ад 24.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *