Новый визит друзей из Нидерландов в наш район

Актуалии Общество

Даўняе сяброўства

Канец працоўнага дня. Галандскія спонсары збіраюць свой рабочы рыштунак;

— Прыязджайце, у нас галандцы!
Запрашэнне — ад дырэктара Обальскай СШ А. М. Штокіна. Такую падзею журналіст прапусціць не можа, не мае права: усё-такі едуць галандцы да нас у Беларусь не на бліны, даруйце, а — працаваць. Дапамагаць, рэалізоўваць праекты, да якіх мы ставімся з вялікай ухвалай: што ні кажы, а спонсарская дапамога нам вельмі дарэчы.
Па словах А. М. Штокіна, завязалася сяброўства з галандцамі даўно, напэўна, у 2003 го-дзе, калі праязджалі яны праз Обаль, спыніліся ноччу ля стэлы: сапсавалася машына. А тут якраз Рыгор Жукаў, ветурач з гаспадаркі. Як яны размаўлялі, на якой мове, пакінем за “кадрам”, аднак Рыгор Жукаў запрасіў галандцаў да сябе дамоў. Вось тады і зразумелі госці, наколькі шчодрыя на дабро, наколькі гасцінныя беларусы.
Неўзабаве нашы дзеці паехалі ў Галандыю на аздараўленне. Пасля з’явіліся праекты, да рэалізацыі якіх прычыніліся розныя галандскія суполкі, аднак касцяк даўніх сяброў застаўся. Сярод іх  кіраўнік групы OOSTING Albertus. Ён даволі прыстойна размаўляе па-руску,  ён па сутнасці і быў нашым перакладчыкам. Хаця, шчыра кажучы, і сам А. М. Штокін, і намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў, і галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў, якія прыехалі аддзячыць гасцей за дапамогу, дзе на нямецкай, дзе на галандскай, а калі і жэстамі гутарку вялі.

Водная экскурсія па рацэ Обаль на катамаранах.

З Обальскай СШ, як і з лячэбнымі ўстановамі раёна, сувязі ў галандцаў трывалыя. А пачыналася зноў-такі ўсё з праектаў. Быў у школе першы — на вырошчванне бульбы і цыбулі. Не падвялі, усё зрабілі па тэхналогіі. Больш таго, быў наладжаны велапрабег “Амстэрдам-Обаль”, які прайшоў “на ўра”. Галандцы зразумелі: з кіраўніком  школы можна працаваць на поўным даверы. Узяліся за школьную кухню.
Арганізацыя ў іх грамадская “Дапамажы дзецям”, а значыць, ні капейкі ад дзяржавы ім не паступае. Праўда, дзякуючы намаганням дырэктара А. М. Штокіна да рэалізацыі праекта была падключана і ўрадавая арганізацыя. Вось тады, у 2006-ым, пачалі паступаць у Обаль з Галандыі фуры з будматэрыяламі і абсталяваннем. Зараз яны прыехалі заканчваць справу, пачатую пяць гадоў таму. Праект прыкладна на 100 тысяч еўра.
А. М. Штокін да прыезду гасцей падрыхтаваў некалькі сюрпызаў. Гэта трэба было бачыць, з якім захапленнем са-дзіліся на лаўкі  дыліжанса, які нядаўна змайстравалі на пацеху дзецям прытулку, і не толькі ім, як госці з Галандыі прымяралі ратавальныя камізэлькі перад тым, як пакатацца на катамаранах па рацэ Обаль.  Дарэчы, пра катамараны. Яны “прыйшлі” ў школу не толькі таму, каб пацешыць галандцаў, яны будуць спраўна служыць школе і па краязнаўчай рабоце, і ў рабоце па бяспецы на вадзе.
Здзіўляўся Аляксандр Мікалаевіч Штокін спрыту і ўвішнасці людзей, якім далёка не дваццаць. І майстэрству, з якім клалася плітка, як падшывалася столь, як рабілася ўсё на кухні — без мітусяніны, па-дзелавому, без перакураў. Умеюць яны і шчыра, нязмушана адпачываць. Разам жа са сваім кіраўніком OOSTING Albertus  у Обаль прыехалі MULDER Hilbert, ARENDS Dirk, DE GRAAF Nicolaas і EPPINGA Willem Hendrik.  Прыехалі, каб яшчэ раз засведчыць сваю прыхільнасць да Шуміліншчыны, даказаць, што галандцы — народ, які ўмее трымаць слова.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №73 ад 23.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *