Всегда в боевой готовности – Обольский пожарный аварийно-спасательный пост №11

Актуалии Бяспека

Начальнік ПАРП № 11 В. Баганаў і супрацоўнікі паста: вадзіцель М. Дзяцел, камандзір аддзялення Р. Полазаў, вадзіцель В. Карасёў, вадзіцель Д. Кляцкоў, камандзір аддзялення В. Масько, вадзіцель А. Гардзіенка, камандзір аддзялення В. Калугін.

Работа ў іх такая – ратаваць


19 студзеня сваё прафесійнае свята і 20 год з дня ўтварэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзначаць людзі, якія сваёй галоўнай місіяй абралі надзвычай высакародную справу – РАТАВАЦЬ. І для іх не мае значэння, каго ці што.
Самае непасрэднае дачыненне да справы маюць і вось гэтыя моцныя духам, фізічна загартаваныя хлопцы  – яны нясуць службу на Обальскім пажарным аварыйна-ратавальным пасце №11. Дэманструюць пры гэтым ўдалы сплаў маладосці і вопыту, зладжанасць, калектыўны дух.
Іх адзінаццаць чалавек, тры дзяжурныя змены. На ўзбраенні пажарнага паста – дзве спецыяльныя машыны, якія заўсёды ў баявой гатоўнасці, запраўленыя і палівам, і вадой. Яны ў выпадку трывогі павінны выехаць на ліквідацыю здарэння на працягу адной хвіліны. Забяспечаны пост неабходным абмундзіраваннем і спецабсталяваннем. Будні ратавальнікаў вельмі падобныя на армейскія: усё па дакладным раскладзе, усё распісана па хвілінах – прыняцце дзяжурства, развод каравулаў, праверка спраўнасці абсталявання і тэхнікі, фізпадрыхтоўка, інструктажы, самападрыхтоўка, гаспадарчыя работы, прыняцце ежы, адпачынак… Пакуль няма выкліку.
Кожны з іх па-рознаму трапіў у ратавальнікі. Адны свядома, як, напрыклад, начальнік паста Віктар Баганаў, які з дзяцінства марыў аб гэтай прафесіі і служыць у РАНС чвэрць стагоддзя, з якіх вось ужо два дзясяткі год кіруе ПАРП №11.
Дарэчы. Гэты год для начальніка Обальскага пажарнага аварыйна-ратавальнага паста №11 Шумілінскага РАНС Віктара Баганава пачаўся вельмі прыемна. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь старшы прапаршчык унутранай службы Віктар Генадзьевіч Баганаў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” II ступені. У самы бліжэйшы час ратавальнік атрымае заслужаную высокую ўзнагароду. Віншуем!
Свядома абраў прафесію і самы малады супрацоўнік паста камандзір аддзялення Віталь Масько. Хлопец прыйшоў у РАНС тры з паловай года таму пасля заканчэння спецыялізаванага ліцэя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Баец адразу зразумеў, што гэта яго стыхія, і вырашыў вучыцца далей. Сёння ён заканчвае Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Як зазначае Віктар Баганаў, ён будзе шостым, для каго Обальскі пажарны пост за апошнія 20 год становіцца стартавай пляцоўкай для далейшай кар’еры.
Прызнаюцца, што выпадкова трапілі ў пажарную службу, Міхаіл Дзяцел, Валянцін Калугін і Андрэй Гардзіенка. Аднак за сваю шматгадовую службу яны ніколі не пашкадавалі пра свой выбар. Сёння яны самыя вопытныя і ахвотна дзеляцца з маладымі сакрэтамі сваёй прафесіі, вучаць граматна і беспамылкова дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях.
А надзвычайных сітуацый і самых розных выпадкаў, на якія выклікаюць ратавальнікаў, хапае. Обальскія пажарныя выязджаюць на пажары, якія здараюцца ў раёне (а ў 2018 годзе іх было 29). Яны часта аказваюць дапамогу сваім калегам-суседзям з Полацкага і Бешанковіцкага раёнаў, выязджаюць на дарожна-транспартныя здарэнні, ускрываюць зачыненыя ўваходныя дзверы, ратуюць жывёлу, адкачваюць ваду ў падвалах, здымаюць гнёзды шэршняў. Летам і восенню хапае работы па пошуку ягаднікаў і грыбнікоў.
“Гадзіна пік” для ратавальнікаў, самы, бадай, напружаны час – вясеннія палы. Бывалі дні, калі яны не вярталіся на пост цэлымі суткамі, бо тушылі шматлікія загаранні, якія ўзнікалі з-за бяздумных дзеянняў людзей.
У мінулым годзе на тэрыторыі Обальскага сельсавета здарылася тры пажары. Тут, лічаць ратавальнікі, немалую ролю адыгрывае прафілактычная работа, якую яны праводзяць на замацаванай тэрыторыі. Супрацоўнікі паста – частыя госці ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах, у прыватным сектары, яны цесна супрацоўнічаюць з сельвыканкамам, прымаюць актыўны ўдзел у днях работы з насельніцтвам, у пасяджэннях грамадскага пункта аховы правапарадку і прафілактыкі, сельскіх сходах…
З ліку апошніх самы, напэўна, складаны пажар  здарыўся восенню на тэрыторыі ОКЗ. Гарэў бітум і мазут, у памяшканні знаходзіўся чалавек, у любы момант мог адбыцца выбух. Пажарныя справіліся, чалавек пацярпеў, але, галоўнае, застаўся жывы. Так што кожны пажар для супрацоўнікаў МНС – паездка ў невядомасць і праверка на кемлівасць, халодны разлік, уменне дакладна ацэньваць сітуацыю. І дзейнічаць да канца.
Людзі лічаць прафесію ратавальніка гераічнай, самі супрацоўнікі МНС – звычайнай работай, хаця і напоўненай рызыкай і павышанай небяспекай.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №6 ад 18.01.2019 г.