Маршал Баграмян и его роль в освобождении Шумилино в 1943 году

Актуалии Беларусь помніць

“Беларусь помніць”
У рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь помніць” рэдакцыя адкрывае новы праект, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У рамках праекта на старонках газеты будуць публікавацца матэрыялы, прысвечаныя подзвігу савецкіх салдат, якія вызвалялі наш раён. Больш за 100 воінаў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза за подзвігі, здзейсненыя на Шуміліншчыне – мы раскажам пра іх. Кожны жыхар раёна можа далучыцца да гэтага праекта і расказаць пра свайго сваяка, дзеда, прадзеда, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Маршал Баграмян
У снежні 1943 года войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту па камандаваннем генерала арміі І. Х. Баграмяна правялі Гарадоцкую наступальную аперацыю, у ходзе якой ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі вызвалены Мішневічы і частка Шумілінскага раёна, а ў чэрвені 1944 года ў ходзе наступлення падчас аперацыі “Баграціён” вызвалены Шуміліна, Обаль і ўвесь раён.
Іван Хрыстафоравіч Баграмян нарадзіўся 2 снежня 1897 года ў вёсцы Чардахлы каля горада Елізаветполя (зараз Гянджа ў Азербайджане) у беднай армянскай сям’і рабочага-чыгуначніка. Яго імя па нараджэнні Аванес Хачатуравіч. Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўнапрыходскай школе, закончыў Тыфліскае чыгуначнае, пасля – тэхнічнае вучылішча. Пачаў працаваў на чыгунцы. У 1915 г. (у час Першай сусветнай вайны) запісаўся добраахвотнікам у армію, служыў на Каўказскім фронце. У 1917 г. Баграмян закончыў школу прапаршчыкаў, а з 1918 г. служыў у Нацыянальнай армянскай арміі, удзельнічаў ў армянска-турэцкай вайне. У 1920 г. Баграмян перайшоў на бок Чырвонай Арміі, удзельнічаў у станаўленні савецкай улады ў Арменіі і Грузіі.
Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны І. Х. Баграмян закончыў курсы камсаставу, у 1923 г. стаў камандзірам Ленінаканскага кавалерыйскага палка. У 1924-1925 гг. праходзіў навучанне ў Вышэйшай кавалерыйскай школе Чырвонай Арміі ў Ленінградзе, дзе вучыўся разам з Г. К. Жукавым, К. К. Ракасоўскім, А. І. Яроменкам. У 1931 г. паступіў ў Ваенную акадэмію імя Фрунзе, якую закончыў з адзнакай у 1934 годзе і атрымаў прызначэнне на пасаду начальніка штаба дывізіі ў Кіеўскай ваеннай акрузе. У 1935 г. Баграмяну прысвоена званне палкоўніка, у 1936 ён прызначаны на пасаду начальніка аператыўнага аддзела штаба арміі. У кастрычніку 1936 г. ён, як былы вайсковец “буржуазнай армянскай арміі”, трапляе пад “чысткі” ў арміі. Выратаваны дзякуючы заступніцтву А. І. Мікаяна, Баграмян паступае ў Акадэмію Генеральнага Штаба, якую заканчвае ў 1938 г. і застаецца ў ёй выкладчыкам. У верасні 1940 г. прызначаны на пасаду начальніка апераддзела штаба 12-й арміі Кіеўскай АВА, у лістападзе 1940 года пераведзены ў штаб акругі.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны і ўтварэннем Паўднёва-Заходняга фронту ён стаў начальнікам апераддзела штаба фронту. Баграмян распрацаваў адзін з першых танкавых контрудараў савецкіх войск ў раёне Дубна-Роўна-Луцк. За арганізацыю  абароны Кіева ў жніўні 1941 года яму прысвоена званне генерал-маёра. Пасля катастрофы Паўднёва-Заходняга фронту ў акружэнні апынуліся чатыры арміі і штаб фронту. У ходзе прарыву толькі перадавы атрад штабной калоны на чале з Баграмянам выйшаў з акружэння, астатні камандны састаў фронту загінуў ці трапіў у палон. Баграмян вывеў з акружэння групу ў 20 тысяч чалавек. За гэтую аперацыю у лістападзе 1941 года атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга.
Увосень 1941 г. Іван Хрыстафоравіч распрацаваў і правёў наступальную аперацыю, у ходзе якой быў адбіты Растоў-на-Доне. У снежні 1941 года правёў удалую Ялецкую аперацыю, якая была часткай зімовага контрнаступлення савецкіх войск пад Масквой. Яму прысвоілі званне генерал-лейтэнанта і прызначылі начальнікам штаба Паўднёва-Заходняга накірунку. Баграмян спланіраваў і паспяхова правёў Барвянкова-Лазоўскую аперацыю, савецкія войскі выйшлі да Харкава. Але Харкаўская аперацыя катастрафічна правалілася, немцы пачалі наступленне на Каўказ і Сталінград. Ад трыбунала Баграмяна выратаваў Жукаў. Яго панізілі і прызначылі камандуючым 28-й, затым 16-й арміі. У красавіку 1943 года за паспяховыя дзеянні на фронце ўзнагароджаны ордэнам Кутузава 1 ступені. У жніўні за правядзенне Арлоўскай аперацыі (у ходзе Курскай бітвы)  узнагароджаны ордэнам Суворава 1 ступені, прысвоена званне генерал-палкоўнік.
У лістападзе 1943 года Баграмяну прысвоена званне генерала арміі, ён прызначаны камандуючым 1-м Прыбалтыйскім фронтам. Вяршыняй яго кар’еры палкаводца сталі дзеянні фронту ў час аперацыі “Баграціён” летам 1944 года, у ходзе якой была вызвалена Беларусь. 1-ы Прыбалтыйскі фронт ва ўзаемадзеянні з 3-м Беларускім фронтам (камандуючы І. Д. Чарняхоўскі) моцнымі флангавымі ўдарамі праз балоцістую мясцовасць акружылі ў раёне Віцебска вялікую  групоўку нямецкіх войск, развілі наступленне ўглыб Беларусі і ў Прыбалтыку. 29 ліпеня 1944 года Баграмяну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У лістападзе 1944 года ён атрымаў другі ордэн Чырвонага Сцяга, а за разгром Земландскай групоўкі войскаў ворага і ўзяцце ў красавіку 1945 года Кёнігсберга, ўзнагароджаны другім ордэнам Суворава 1 ступені. У канцы красавіка 1945 г. Баграмян замяніў на пасадзе камандуючага 3-м Беларускім фронтам А. М. Васілеўскага, які адправіўся на Далёкі Усход.
Пасля заканчэння вайны І. Х. Баграмян камандуе Прыбалтыйскай ваеннай акругай. У 1955 годзе яму прысвоена званне маршала Савецкага Саюза. У 1958-1968 гадах ён знаходзіцца на пасадзе намесніка міністра абароны СССР. У 1977 годзе атрымаў другую зорку Героя Савецкага Саюза. Памёр 21 верасня 1982 года, пахаваны ў Крамлёўскай сцяне на Чырвонай плошчы ў Маскве. У Арменіі Баграмян мае статус нацыянальнага героя. У гонар палкаводца названы вуліцы ў многіх гарадах былога СССР. Вуліца Баграмяна ёсць у Віцебску і Гарадку. У 2016 годзе ў Віцебску адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар маршала, а ў 2018 годзе ў Гарадку ўстаноўлены помнік-бюст І. Х. Баграмяну.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2019 г.