З залы суда: І нават у каханні добрыя не ўсе сродкі

Происшествия

І нават у каханні добрыя не ўсе сродкі

Да якой мяжы можа дайсці жанчына ў барацьбе за мужчыну? Проста цікава. Часам здаецца, што гэтай мяжы няма. Асабліва цяжка зразумець, калі разменнай манетай становяцца дзеці. Нават і даволі дарослыя. Гэтыя і іншыя запіскі на палях засталіся пасля аднаго з выязных судовых пасяджэнняў, вяла якое суддзя Кацярына Унуковіч.

Справа была летам. У сярэдзіне чэрвеня. Калі суніцы яшчэ не паспелі. Пра суніцы – гэта важна. Хоць пачаць варта з падзей 8-гадовай даўнасці. З таго моманту, калі муж і жонка Павел і Надзея (усе імёны зменены – аўтар.) развяліся.
– Часам мы добра жылі, часам ён сыходзіў да іншых жанчын, – расказвала ў судзе Надзея. – Але заўсёды вяртаўся. Ініцыятыва развесціся сыходзіла ад мяне.
Абвінавачваная ўпэўнена, што на іх сына Кастуся развод ніяк не паўплываў. Таксама яна нармальна паставілася да таго, што роднага бацьку з той пары дзіцё пачало зваць Пятровіч. Гэта нездаровая сітуацыя працягвалася 8 гадоў. Хлопчык вырас, паступіў ва ўніверсітэт. Бацька, які спраўна плаціў аліменты, працаваў дальнабойнікам. Паміж рэйсамі жыў у адной кватэры з былой сям’ёй як чужы. Усе адлучкі да іншых жанчын былі нядоўгімі.
Але ў апошні раз нешта пайшло не так. Павел не толькі не збіраўся вяртацца ад чарговай сяброўкі (назавём яе Марыя), але быццам бы заікаўся пра падзел супольна нажытай маёмасці. Жыць, вядома, перайшоў да яе.
Марыя расказала, што былая жонка і сын Паўла пастаянна ёй званілі, шкодзілі па дробязі – то плот зламаюць, то перцы ў агародзе павырываюць, то колы ў машыне праб’юць. Да суда справу не даводзіла, маўляў, не хацелася псаваць жыццё хлопцу.
Але аднойчы, калі Марыя па працоўных справах ехала на веласіпедзе ў суседнюю вёску, на ўскрайку дарогі яе чакалі Надзея з сынам.
– Кастусь спыніў веласіпед, ухапіўшыся за багажнік. Я спалохалася і кінулася наўцёкі, нават абутак з ног зляцеў, – расказвала ў судзе пацярпелая. – Яны дагналі мяне, схапілі за рукі і ногі і сталі цягнуць да сваёй машыны. Было вельмі страшна.
Паводле слоў Марыі, маці з сынам пагражалі, што прывяжуць яе да багажніка і будуць цягаць па дарозе, каб іншым непанадна было чужых мужоў з сям’і зводзіць.
– Я плакала, клялася, што пакіну сужыцеля, але нічога не дапамагала, яны працягвалі нада мной здзекавацца – пагражалі, абражалі, – успамінала Марыя, не маючы сіл утрымацца ад слёз.
Маці і сына спудзіла машына, якая праязджала міма, і жанчыне ўдалося выратавацца.
Версія ж абвінавачваных вельмі адрознівалася ад той, якую прад’явіла ў судзе пацярпелая. Спачатку яны, наогул, адмаўляліся ад таго, што ў гэты дзень знаходзіліся на месцы злачынства. Маўляў, першы раз чуем. Але ж у іх былі з сабой мабільныя тэлефоны, таму следавацелю ўдалося ўстанавіць, што падчас апісаных падзей маці і сын знаходзіліся на той самай дарозе. Тады яны расказалі вось што. Кастусь раніцай на аўтамабілі паехаў у Віцебск, каб рыхтавацца да экзамену. На 14 гадзін была прызначана кансультацыя. Але забыў залікоўку і вымушаны быў вярнуцца дамоў. Усё ж ва ўніверсітэт да прызначанага часу планаваў паспець. А тут маці прапанавала з’ездзіць у лес па суніцы. І ён згадзіўся, нягледзячы на экзамены-кансультацыі. Сама меней, гэта дзіўна, асабліва ўлічваючы той факт, што суніцы спеюць бліжэй да канца чэрвеня, а не ў сярэдзіне месяца.
– Так, ягады былі зялёныя, – не стаў адмаўляць малады чалавек. – Таму мама і стала збіраць шчаўе.
Добра, дапусцім. Паводле слоў абвінавачваемага, Марыя сама спынілася і ініцыявала гутарку. Крычала, плакала, бегала за ім. Маці яе супакойвала. І як толькі пад’ехала тая самая машына, Марыя кінулася пад колы з крыкамі: “Дапамажыце! Забіваюць!”
– Мы не сталі глядзець, чым справа скончыцца, і паехалі, – развялі рукамі абвінавачваемыя.
Чаму маці і сын спачатку давалі іншыя паказанні, у зале суда яны гэтак і не змаглі патлумачыць. Віну сваю не прызналі.
На працягу ўсяго шматгадзіннага пасяджэння больш за ўсё хацелася пачуць, што пра ўсё гэта скажа той, з-за каго і разгарэўся ўвесь сыр-бор. Герой-каханак, мужчына мары, пакарыцель жаночых сэрцаў. А ён выйшаў і зрабіў выгляд, што не разумее, пра што ідзе гаворка. Маўляў, нешта чуў, але што канкрэтна адбылося, не ведаю. Пры тым, што ўся акруга апошнія паўгода толькі пра гэта і кажа. Дарэчы, пацярпелая Марыя ад усіх рамантычных прэтэнзій на дадзенага мужчыну адмовілася.
Суд прызнаў Надзею і Кастуся вінаватымі і прызначыў маладому чалавеку пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, яго маці – штраф. Яны, праўда, віны сваёй гэтак і не прызналі і падалі апеляцыйную скаргу. Прыгавор у законную сілу не ўступіў. Справа будзе разгледжана апеляцыйнай інстанцыяй.
Напрыканцы хочацца сказаць, што вельмі важна не толькі ўмець будаваць адносіны, але і добра, а галоўнае – цывілізавана іх завяршаць. Хаця б дзеля дзяцей.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №15 ад 25.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *