Подворный обход в Светлосельском сельсовете Шумилинского района. Деревня Тербешово

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Тут бор гутарлівы, “вясёлыя” дачы…
Час не прымае застылых форм работы з людзьмі. Да нядаўняй пары ў раёне Дзень работы з насельніцтвам праходзіў па наступнаму “сцэнарыю”: некалькі груп райвыканкама  выязджалі па вёсках, сустракаліся з  вяскоўцамі на чыімсьці падворку. Зараз для таго, каб ведаць, што непакоіць вяскоўца, у райвыканкаме палічылі за лепшае наладзіць падворны абход.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў,  які праводзіў інструктыўную нараду, засяродзіў увагу  членаў груп райвыканкама на разглядзе жыццёва важных праблем вяскоўца. Трэба абавязкова сустрэцца з кожным, распытаць, ці хапае яму дроў на зіму, ці задавальняе яго аўтобусны рух, ці ў пару дастаўляецца пошта, паглядзець санітарыю, звярнуць увагу на тых, хто вядзе амаральны ці асацыяльны лад жыцця, на так званых бамжоў. Словам, размаўляць па ўсіх надзённых пытаннях жыцця вёскі.
Цікава і сумна ў такіх вёсках, як Цербяшова. Летам раздолле. Летам — зямны рай, а вось такой маркотнай парой, як глыбокая восень, або зімой…
Збочваем з шашы, якая ледзь не ўпіраецца ў Заходнюю Дзвіну, падрульваем да хаты старэйшыны вёскі Таццяны Антонаўны Баравіковай. Жанчына — у рабочым: у вёсцы, калі такая гаспадарка, як тут (пра гэта — крыху пазней), няма чалавеку ні выхадных, ні прахадных. Рупіцца і гаспадару: даволі было, даруйце, заікнуцца жонцы, што непарадак — забівае ў хату снег, золь, бо няма ніякай веранды, каб той злажыў і сымшыў пры хаце калідор. Праўда, не закончыў…
У хаце разгаварыліся аб тым, што хвалюе, чаго не хапае, скажам так, для паўнаты шчасця. Гаспадыня не схільная плакацца ў камізэльку, наракаць на лёс, яшчэ на што-небудзь. Яна разважае пра жыццё-быццё. Нядаўна пахавала матулю, Таццяна Антонаўна была аформлена як сацыяльны работнік. Зараз трэба шукаць іншую работу. Прапановы ёсць, хаця ў правінцыі (а вёска Цербяшова ад Шуміліна — за 22 кіламетры) іх нягуста. Просяць пайсці паштальёнам. Яна пайшла б — і скутар ёсць. Падлічыла жанчына: за дзень трэба “накруціць” 33 кіламетры. Яно і не бяда, калі б быў прыстойны заробак. Да нядаўняга часу, як сцвярджае жанчына, зарплата ў паштальёна была “смешная”, ды яна, маўляў, прыкладна за тыя ж грошы можа даглядаць за суседам, якому пайшоў 81-ы год. Акрамя гэтага, гаспадарка ў іх буйная, трымаюць дзве каровы, коз, в’етнамскіх свінней, каня, так што не прападуць.
— Жыццё з мужам пражылі не дарэмна, — смяецца жанчына. — Пасадзілі сад, пабудавалі дом, вырасцілі сына…
Гэта — асабістае, а што тычыцца праблем вёскі, не без іх. Па-першае, зімой дарогу не расчышчаюць ад снегу. Дакладней, не шашу, а тыя метраў дзвесце завулка, які вядзе да сядзібы П. Ф. Ільюшчанкі. Чалавек стары, зімой не можа дайсці да аўталаўкі. А калі выклікаць “хуткую дапамогу”? Было ж у Т. А. Баравіковай, калі захварэла яе маці і машына “хуткай дапамогі” стаяла на шашы. Хоць ты на саначках старую падвозь да медыкаў. Таццяна Антонаўна трымае на ўсякі “пажарны” свае лыжы, а П. Ф. Ільюшчанку ўжо не гады хадзіць на лыжах.  Ну, і тая ж праблема паштальёна. Выпісвае старэйшына і раёнку, і абласную газету, і рэспубліканскую, а прыносяць пошту як Бог на душу пакладзе.
Завіталі да П. Ф. Ільюшчанкі. У хаце чыста, прыбрана, з ім у хаце два каты і дварняк. Гаспадыня памерла два  гады назад.
— Дачка прыязджае з Шуміліна, — расказвае ён. — Ды і сам яшчэ не зломак…
З інфармацыйных крыніц — хіба адзін тэлевізар. Радыё маўчыць даўно, газеты прыходзяць, як кажуць, гады ў рады. Тужліва зімой, прызнаецца Пётр Фёдаравіч, як раз’ехаліся дачнікі. Адзін ці двое хіба і застаюцца на зіму. Пад’язджаем да сядзібы аднаго з іх — А. Л. Ракава. Дом у яго — на два паверхі, вуллі, быў конік — збыў, а стайню разбірае на дровы. Яму тут прывольна: і бор гутарлівы пад бокам, і Заходняя Дзвіна. Курорт, а не мясціны!.. Відаць, згодны з такой думкай усе дачнікі, якіх, вядома ж, у Цербяшове не заспелі: не сезон. Але ўсе дамы ярка пафарбаваныя, дровы акуратна складзены, двары прыбраныя. Казалі, адну хату купілі нават з Мінска…
У групе райвыканкама падворны абход у вёсцы Цербяшова рабілі начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка, участковы інспектар Ю. С. Сільвестраў і аўтар гэтых радкоў
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №96 ад 13.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *