Оставайтесь дома! Вам помогут социальные работники

Общество

Заставайцеся дома. Вам дапамогуць

Падчас неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўзяў на сябе дадатковую нагрузку па абслугоўванні адзінокіх пажылых людзей.

Як вядома, падчас пандэміі каронавіруса сталыя людзі знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі. Таму медыкі пераканаўча раяць ім як мага радзей, а па магчымасці наогул не выходзіць з дома. У магазін за прадуктамі ці ў аптэку за лекамі сходзяць сацыяльныя работнікі, калі няма паблізу дзяцей ці ўнукаў. На Шуміліншчыне паслугай цэнтра скарысталіся амаль 70 чалавек, расказала загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Аксана Аўчыннікава. Калі ў першыя дні паступала за дзень па 2-3 заяўкі, то на гэтым тыдні  –больш за 10.

 

Патрэбна  дапамога?

  ТЦСАН Шумілінскага раёна прымае заяўкі ад непрацаздольных адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян па пытаннях набыцця і дастаўкі прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці і медыкаментаў па тэл. 4-28-27, тэлефон «гарачай лініі» 4-58-85. Тэлефануйце. І беражыце сябе!

 

Бясплатна і ў любую вёску

Паслуга гэтая бясплатная. Арыентаваная на адзінокіх і адзінока пражываючых пенсіянераў, а таксама інвалідаў. Пакінуць заяўку можна, патэлефанаваўшы ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Заяўкі выконваюць пераважна сацыяльныя работнікі, хаця пры неабходнасці падключаюцца і іншыя работнікі цэнтра. Пакуль яны спраўляюцца. Без увагі і клопату не застаюцца жыхары нават самых аддаленых населеных пунктаў.

Маска, пальчаткі, бэйдж

У панядзелак у сацыяльнага работніка Надзеі Яшчук па графіку наведванне 6 падапечных. Плюс адна дадатковая заяўка ад адзінокай жыхаркі райцэнтра на дастаўку лекаў з аптэкі па рэцэпце, які спачатку трэба забраць у бальніцы. Мы сустрэліся з Надзеяй Антонаўнай, калі яна прыехала на веласіпедзе да Ліліі Іванаўны, якую абслугоўвае 7 гадоў. Сацыяльны работнік у медыцынскай масцы, пальчатках, з бэйджам, хаця па сутнасці яна даўно стала для сваіх падапечных членам сям’і, якога пазнаюць нават па першых нотах голасу. Аднак правілы бяспекі патрабуюць.

Па просьбе Ліліі Іванаўны сацыяльны работнік прывезла лекі з аптэкі, потым прынясе дроў на прапальванне печкі, пасля чаго зоймецца чысткай і мыццём акон – Вялікдзень жа на падыходзе, прынята прыбірацца ў хаце.

Надзея Антонаўна вельмі адказна адносіцца да сродкаў індывідуальнай абароны, бо ведае сур’ёзнасць сітуацыі. Пры сабе мае столькі медыцынскіх масак, колькі трэба за дзень наведаць чалавек. Пальчаткі – абавязковыя, сродкі для дэзынфекцыі рук таксама ў кішэні. Яна разумее, што ў адказе не толькі за ўласнае здароўе, але за здароўе сям’і і сваіх падапечных, якіх у яе 8 чалавек. Сярэдні ўзрост іх 79 год. І яе боязь зразумелая: ёй кожны дзень па службовых абавязках прыходзіцца наведваць патэнцыйна небяспечныя месцы – магазіны і аптэкі. Кажа, што галоўны магазін, у якім звычайна набывае прадукты, – «Еўраопт», аптэка – цэнтральная. Хаця бываюць розныя выпадкі. Скажам, чалавек папросіць тварог ці смятану пэўнай тлустасці ці пэўнага вытворцы. Тады прыходзіцца ехаць у другі магазін, каб купіць усё па спісе.

Што тычыцца дадатковых заявак, адзінокія ці адзінока пражываючыя сталыя людзі пераважна просяць забраць рэцэпт на лекі ў бальніцы, а потым «атаварыць» яго ў аптэцы. Усе нюансы па сустрэчы з кліентам і дастаўцы агаворваюцца па тэлефоне. Пажылыя, кажуць спецыялісты ТЦСАН, застаюцца вельмі задаволеныя. Дзякуюць.

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №30 ад 17.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *