Пятнадцатая посевная Петра Половкова

Сельское хозяйство Экономика

Пятнаццатая  пасяўная Пятра  Палаўкова

Трактарыст-машыніст УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» Пётр Васільевіч Палаўкоў распачаў пятнаццатую пасяўную кампанію ў сваім жыцці.

«Сяўба распачалася ў нас 8 красавіка, – падзяліўся механізатар. – На раніцу чацвярга на сваім незаменным памочніку, трактары “Беларус-3022”, засеяў 170 гектараў зерневых. Першым чакала поле каля Плігавак. Зараз шчырую каля Каравайніцы. Пакуль усё ідзе нармальна, хаця ў першы дзень сяўбы здарылася невялікая паломка, якую хутка ліквідаваў».

Пётр Палаўкоў – асоба ў сельскагаспадарчай галіне раёна вядомая і паважаная. Яго прозвішча кожны сельскагаспадарчы сезон з зайздросным пастаянствам узначальвае зводкі перадавікоў як на сяўбе, так і на ўборцы. Яго прозвішча занесена на Дошку гонару прадпрыемства і на раённую Дошку гонару. На такіх, як ён, трымаюцца сёння гаспадаркі. Напрыклад, у райаграсэрвісе на сяўбе цалкам разлічваюць на прафесіянала Палаўкова. Ведаюць, што ён справіцца, нават калі трэба будзе працаваць дапазна, без выхадных і без перапынкаў. Кажуць: галоўнае, каб тэхніка і надвор’е не ставілі палкі ў колы, а Палаўкоў наш жалезна не падвядзе.

А ўсё таму, што працаголік. Пра гэта ведаюць калегі, сябры, сям’я. Ён і сам дае сабе такую характарыстыку. «Нічога не магу зрабіць, люблю тэхніку, люблю справу, якой займаюся», – прызнаецца Пётр Васільевіч. Вылучаюць механізатара таксама адказнасць, пастаянства і сціпласць.

Як трапіў у аграсэрвіс? Пасля заканчэння шумілінскай школы хлопец, які родам з вёскі Папялыгі (была такая калісьці каля Валатовак), закончыў «сялюцкае» вучылі-шча, крыху папрацаваў на льнозаводзе і ў РАПА. У канцы дзевяностых уладкаваўся ў сельгастэхніку – цяперашні райаграсэрвіс. З таго часу працуе тут.

Сёння механізатара задавальняюць умовы працы і арганізацыя вытворчасці, кажа, што заўсёды ёсць магчымасць зарабіць. Тэхніка з усімі неабходнымі прычапнымі агрэгатамі – плугамі, сеялкай, дыскатарамі – у адных руках, таму дагледжаная, хаця ёй ужо дзесяць год. Не адмовіўся б паспрабаваць папрацаваць на больш сучасных трактарах. Ну хаця б на «Беларус-3522».

П. В. Палаўкоў прызнаецца, што больш любіць вясну і веснавыя палявыя работы. Прырода абуджаецца, сонца і цяпло радуюць, і гэта нясе пазітыў, настройвае на плённую напружаную работу. Восенню надвор’е часта не дае працаваць. Хаця, з другога боку, восень для механізатара – таксама чаканая пара. Ён тады пры першай магчымасці ў лесе, бо грыбнік заядлы.

Чарговы сельскагаспадарчы сезон механізатара Пятра Палаўкова толькі распачаўся. Хочацца, каб ён прынёс яму маральнае і матэрыяльнае задавальненне. А ўсё, што ад яго залежыць, ён зробіць. І ў гэтым ніхто не сумняваецца.

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №30 ад 17.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *