Общежитие: психология иждивенца

Общество

Общежитие на улице Короткина, Шумилино

Не сваё — чужое?..

Інтэрнацкая псіхалогія ў чалавека існуе роўна столькі, колькі чалавек жыве ў інтэрнаце.

Пераехаў на сваю кватэру, і псіхалогія  мяняецца. Чалавек становіцца больш ашчадным, стараецца не запэцкаць шпалеры, не стане курыць у кватэры, смеціць. Калі гэта, вядома, гаспадар, а не ўтрыманец і не часовапражываючы.

І пра абшарпаныя сцены, і пра курцоў, і пра многае іншае, не менш надзённае гаварылася ў інтэрнатах па вуліцы Кароткіна (на балансе УП ЖКГ) і па вуліцы Лескавіцкай (прадпрыемства меліярацыйных сістэм). Сход у першым інтэрнаце сабраў чатырох жыльцоў.

— А што ж астатнія? — пытаемся. — Колькі ў вас пражывае чалавек?

Пражывае недзе 17 чалавек, а што не прыйшлі на сход, дык у адных няма   праблем, другім, маўляў, сорамна за тое, што не плацяць за жыллё. А такія, што не плацяць, ёсць. Іх не выселіш — няма куды. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Селязнёў, які прымаў удзел у размове, расказаў, што рыхтуецца фонд для “перасяленцаў” — тых, хто хранічна не аплачвае за паслугі ЖКГ. А пакуль што праблема, таму і прывольна адчувае сябе ў дзяржаўным інтэрнаце неплацельшчык. Зноў жа гаварылася на сходзе пра так званае камерцыйнае жыллё (здадзенае ў арэнду), пра указ Прэзідэнта, які рыхтуецца па пытаннях жыллёвых узаемаадносін. Васіль Сцяпанавіч падзяліўся інфармацыяй пра кааператыўнае будаўніцтва ў раёне, расказаў прысутным пра магчымыя варыянты займець свой вугал.

Размова адбылася ў фае інтэрната пры абшарпаных сценах і выкарчаваных са сцен секцыях паштовых скрынак. Непрыгляднае, сумнае  відовішча! Па словах юрыста УП ЖКГ В. А. Емяльянава, інтэрнат чакае капітальны рамонт з тым, каб адну частку пакояў перадаць пад гасцініцу. Рыхтуецца праект. Аднак і самі жыльцы павінны мець пачуццё гаспадара. Гаворка пра ўваходныя жалезныя дзверы, якія былі некалі з дамафонамі, а цяпер у інтэрнаце прахадны двор. Няма каму патэлефанаваць на фірму, якая абслугоўвае дзверы інтэрната.

Трэба навучыцца эканоміць электраэнергію. Адны так і робяць, а некаму холадна, бо ў пакоі малыя дзеці, і падключаюцца магутныя абагравальнікі. Кабель не вытрымлівае, гарыць і дыміцца. А плацяць людзі за святло аднолькава.

У інтэрнаце ПМС на кожным паверсе кухня, але туды часцей за ўсё  заходзяць пакурыць ці памыць бялізну. Майстар па быту прадпрыемства А. М. Кіпрын даводзіць: у інтэрнаце жыве ўсяго адна сям’я меліяратараў, астатнія 12 сямей — людзі іншых арганізацый і прадпрыемстваў Шуміліна. Многае для камфорту тут зроблена: заменены сілавы кабель, пастаўлены пластыкавыя вокны. Але гэта было не ўчора, і грошы, выдзеленыя з бюджэту, закончыліся значна раней, чым завяршыўся капрамонт. “Завісла” работ нямала.

У фае, дзе сабраліся жыльцы, змрок, не гарыць лямпачка.

— Перагарэла, — сказаў А. М. Кіпрын.

— А ці ёсць хто старшы па інтэрнаце? — пытаемся.

— А іх нідзе няма.

Гэта так, у шумілінскіх інтэрнатах не выбіраюць старшых. За дарма ніхто з жыльцоў не хоча браць на сябе такія абавязкі, а грошы плаціць у прадпрыемстваў няма. Таму кожны — сам па сабе. Жанчыны першага паверха паставілі рубам праблему: кураць на калідоры, на кухнях, смуродны табачны дым прасочваецца ў пакоі, а ў пакоях дзеці.

— Трэба забараніць! — рашуча патрабуюць маладыя жанчыны. І не разумеюць яны, што ніхто, акрамя іх саміх, з гэтым парадак у інтэрнаце не навядзе. Дастаткова напісаць заяву ў міліцыю. Трэба курыць на вуліцы, калі няма для гэтага асобнага пакоя, або на балконе. Гэтым азам культуры чалавека трэба вучыць і словам, і рублём.

Жыльцы скардзяцца: кран на кухні цячэ, не абсталяваны туалеты, няма на паверхах гарачай вады, хаця электраправодка новая і дазваляе падключаць воданагравальныя прыборы. Праўда, спярша іх трэба закупіць, а грошай на іх набыццё ў ПМС няма.

На заканчэнні яшчэ адно разважанне. Плацяць у інтэрнаце за паслугі прыкладна тыя ж сумы, што і гаспадары прыватызаваных кватэр. Але розніца ў тым, што адны гаспадары рэальныя, законныя, другія носяць гэтае імя намінальна. Адсюль і стаўленне  да жылля — ашчаднае ці абыякава-ўтрыманцкае.

Мікалай МАРОЗ.

Надрукавана ў №1 ад 04.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *