Паліна Кавалёва: «Каб рашыць, трэба рашаць»

Образование Общество

Паліна Кавалёва: «Каб рашыць, трэба рашаць»

У тым, што яна стане настаўніцай, Паліна Аўдзееўна не сумнявалася з самых ранніх школьных гадоў. Толькі выбірала паміж матэматыкай і рускай мовай-літаратурай. Думаеце, гэта супрацьлегласці? Не, у ёй і сёння ўдала ўжываюцца фізік і лірык. Яна выдатны матэматык з багатым стажам (вельмі багатым – за плячыма 37 год настаўніцтва), што не перашкаджае ёй пісаць вершы і верыць, што свет выратуе любоў, дабро і цярпенне.
Сёння Паліна Аўдзееўна Кавалёва працуе ў Шумілінскай раённай гімназіі (да гэтага былі Мікалаеўская, Кардонская, Язвінская школы), прызнаецца, што, ідучы ў гімназію, хвалявалася, бо дагэтуль не працавала са старшакласнікамі.
– Я наогул заўсёды хвалююся і перажываю, – кажа Паліна Аў-дзееўна, – хвалююся, калі дзеці здаюць экзамены, калі самой трэба даваць адкрыты ўрок.
– Дык вы колькі ўжо іх далі, прадмет свой ведаеце ў дасканаласці, матэматыка ж такая кансерватыўная дысцыпліна, а вы – настаўнік вышэйшай катэгорыі, маеце нават вопыт адміністрацыйнай работы, вунь колькі год завучам працавалі…
– А ведаеце, чым больш працуеш, тым вышэй да сябе патрабаванні. А наконт кансерватыўнасці матэматыкі я з вамі не пагаджуся. Навука расце і развіваецца, з’яўляюцца новыя метады, падыходы, рашэнні, я стараюся быць у курсе і сваім вучням заўсёды гавару: «Каб рашыць, трэба рашаць».
– Аднак жа не ўсім дзецям матэматыка па зубах, не дарэмна ж кажуць «матэматычны склад розуму» ці «філалагічны».
– Па дадзеных ЮНЕСКА, 20% насельніцтва мае высокія здольнасці да матэматыкі, але гэта зусім не значыць, што нехта з вучняў не справіцца са школьнай праграмай, калі будзе старанна займацца. Зноў жа паўтаруся: «Каб рашыць, трэба рашаць».
– З якімі класамі больш складана працаваць?
– На мой погляд, з пятымі. Гэта той перыяд, калі дзеці, прывыклыя да стылю і метадаў аднаго настаўніка, пачынаюць працаваць з прадметнікамі, пераходзяць у сярэдняе звяно, і патрэбны амаль што цэлы год, каб проста ўсадзіць іх, навучыць слухаць і задаваць пытанні. Потым з кожным годам напрацоўваеш узаемасувязь і разуменне. А ўжо з дзявятага класа працаваць лёгка, у класе адчуваеш сябе на роўных.
– Тым больш, што ў гімназіі з самага пачатку адабраны найбольш паспяховыя вучні.
– І гэта праўда. Працаваць з тымі, хто хоча вучыцца, куды прасцей. А гімназісты ў большасці сваёй маюць матывацыю, мараць пра далейшую вучобу, нацэлены на вышэйшыя навучальныя ўстановы.
– Мы разумеем, што сёння, каб паступіць у прэстыжную ВНУ, недастаткова школьных урокаў, патрэбна профільная падрыхтоўка. Які працэнт дзяцей ідзе на матэматыку?
– Па-рознаму. Зараз, напрыклад, з 17 дзесяцікласнікаў на фізіка-матэматычны профіль пайшло сямёра. Апроч асноўных урокаў у іх дзве дадатковыя гадзіны матэматыкі на рабочым тыдні, а ў адзінаццацікласнікаў – дадаткова чатыры з паловай гадзіны кожную суботу. Ды яшчэ плюс фізіка…
– Хочацца верыць, што гэтая тытанічная праца ў канечным выніку дае плён і задавальненне.
– Ну, калі Вераніка Воранава набрала на ЦТ па матэматыцы 96 балаў, а Георгій Архіпаў 89, вялікую радасць адчулі і дзеці, і я, іх настаўніца. І мне прыемна, што яны ўжо паспяхова закончылі БДУІР і што сёння такімі ж паспяховымі студэнтамі сталі другія мае вучні, напрыклад, Кацярына Гарохава, Максім і Сцяпан Архіпавы, многія іншыя дзеці.
– Паліна Аўдзееўна, парайце, як жа настаўніку пры такіх нагрузках спраўляцца з эмацыянальным выгараннем, як адраджацца, бы тая птушка фенікс, і ісці кожную раніцу да дзяцей з усмешкай і добрым сэрцам?
– Я скажу вам шчыра, што мне гэта нескладана. Я сапраўды гавару гэта без усякага пафасу, люблю дзяцей і люблю іх вучыць. І нават больш: я сама як бы падзараджаюся ў працэсе ўрока, асабліва калі бачу зацікаўленыя вочы, інтарэс. Вы можаце мне не верыць, але для мяне матэматыка, як для іншага сканворды ці вышыванне. Я нават калі ехала ў санаторый, прыхапіла з сабой зборнік задач. Сядзела на лавачцы і пад ціхае шапаценне дрэў рашала задачы. Напэўна, хто-небудзь падумаў: дзівачка.
– І што, вы ніколі не крычыце на дзяцей?
– Я стараюся ніколі не крычаць, бо лічу гэта дэманстрацыяй уласнай бездапаможнасці, непрафесіяналізму.
– А ў вас ёсць любімае свята?
– Так, я і ўся мая сям’я вельмі любім Новы год. Заўсёды загадзя рыхтуемся, упрыгожваем дом, выбіраем адзін аднаму падарункі. Потым складваем іх у мяшкі, і ў самы разгар Новага года яны «раптам» аказваюцца на ганку, і нехта (вядома ж, Дзед Мароз) стукае ў акно… Мае сыны, мае Дзіма і Жэня, недзе класа да восьмага свята верылі ў існаванне Дзеда Мароза і былі страшна пакрыўджаны на нас з мужам, калі мы сказалі, хто ім прыносіць падарункі. А цяпер у нас ёсць унучкі – пяцігадовая Варвара і двухгадовая Васіліса, і мы з падвоеным стараннем рыхтуем навагоднія дзівосы. А калі дадаць, што кожнае сямейнае свята мы адзначаем разам з маёй сястрой і пляменніцамі, дык можаце ўявіць, як у нас весела.
– На ваш юбілейны дзень нараджэння таксама збярэцца ўся сям’я?
– На свой юбілейны дзень нараджэння я з’еду ў санаторый, збягу аж у Гомельскую вобласць, у «Чонкі».
– І зноў прыхопіце з сабою зборнік задач?
– Не, на гэты раз я паабяцала сабе: ніякіх задач. І наогул, акрамя матэматыкі, я па-ранейшаму вельмі люблю літаратуру, на адпачынку з задавальненнем пачытаю Уліцкую, Рубіну, Мятліцкую. Парадуюся магчымасці зрабіць невялікае падарожжа, сёлета ж у сувязі з каранавірусам гімназія нікуды не змагла выехаць, а раней часценька ў нас арганізоўваліся экскурсіі, і я заўсёды была ў ліку першых аматараў новых уражанняў і адкрыццяў.
– Дык вы ўпэўнены, што любоў, дабрата і цярпенне выратуюць свет?
– Упэўнена. Абавязкова выратуюць.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №84 ад 27.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *