Мясцовае кіраванне: якім яму быць

Главное Общество Президент

Мясцовае кіраванне: якім яму быць

Зараз па ўсёй краіне ідзе шырокае абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў, канстытуцыйнага рэфармавання. На мінулым тыдні на базе Обальскай сярэдняй школы адбылася дыскусійная пляцоўка, на якой прадстаўнікі раённага дэпутацкага корпусу, дэпутаты сельскіх Саветаў, старшыні сельсаветаў абмяркоўвалі шэраг актуальных пытанняў, якія тычацца раздзела 5 «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Удзел у дыялогу прыняў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе №38 дырэктар РУП «Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт» Аляксандр Капшуль.
Кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса хацеў пачуць аргументаваныя прапановы па ўдасканаленні работы мясцовых органаў улады. Хто як не старшыні сельвыканкамаў ведаюць сітуацыю на месцах і разумеюць патрэбы глыбінкі: якая роля дэпутатаў пярвічнага звяна і інстытутаў старэйшын у рашэнні праблем вяскоўцаў? Калі яны аджылі сваё, чым іх можна замяніць, якія новыя формы ўвесці, каб павысіць эфектыўнасць работы мясцовых органаў кіравання і самакіравання. Старшыні сельсаветаў павінны выбірацца на месцах ці прызначацца кіраўніцтвам раёна?
Дыялог атрымаўся адкрытым і канструктыўным. У кожнага была магчымасць выказаць свой пункт гледжання і абазначыць праблему. Большасць выступоўцаў адзначылі, што мясцовыя Саветы патрэбныя, бо гэта непасрэдны мост паміж насельніцтвам і кіраўніцтвам раёна. На месцах намнога прасцей і хутчэй разабрацца з праблемамі вяскоўцаў. У выніку вострай дыскусіі прыйшлі да высновы, што трэба праводзіць выбары старшыняў, а не прызначаць іх зверху, бо так насельніцтва будзе больш давяраць абранаму кандыдату, а абраны старшыня ў сваю чаргу будзе адчуваць павышаную адказнасць – як асабістую, так і грамадскую.
Адзінагалосна выступілі ўдзельнікі дыялогу за захаванне інстытута старэйшын як рэальнай і дзейснай дапамогі на месцах. У буйных населеных пунктах гэтую структуру добра было б пашырыць да вулічных, дваровых ці дамавых камітэтаў.
Абмеркавалі і пытанне неабходнасці захавання раённага корпуса дэпутатаў, магчыма, са змяншэннем іх колькасці.
Па выніках абмеркаванняў усе прапановы будуць сістэматызаваны, прааналізаваны і выкарыстаны для падрыхтоўкі да Усебеларускага Народнага сходу, за-значыў, падводзячы вынікі сустрэчы і дзякуючы за шчырую і адкрытую размову, Уладзімір Цярэнцьеў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №86 ад 02.10.2020 г.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі абмяркоўваюць праблемы мясцовых органаў улады.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *