Спявае Ларыса Дземідовіч!

Культура Новости Общество

Спявае Ларыса Дземідовіч!

Многім, напэўна, хацелася б, каб у дзень важкага асабістага юбілею ім дарылі песні і танцы, прысвячалі ўласныя вершы, неслі букеты кветак і шчырую чыстасардэчную любоў.
Яна – не многія. Ларыса Дземідовіч у нас адна. Ёй здаецца, што быццам бы нічога асаблівага яна не зрабіла, каб заслужыць тыя дары. Проста жыла – сціпла, проста, сумленна. І проста спявала. Вялікі талент, дадзены богам, яна не павезла нікуды. Як выйшла ў 15 год на шумілінскую раённую сцэну, так і адслужыла ёй 45 напоўненых спеўнай творчасцю год.


Лічбы лёгка складваюцца і вырастаюць у прыгожую годную вышыню. І імянінніца горда стаіць на гэтай вышыні. Упрыгожаная вялікім вянком песень.
Ларыса Дземідовіч атрымала ў свой юбілейны дзень нараджэння такі шчодры шквал віншаванняў, што, думаецца, гэтага запалу ў якасці натхнення ёй хопіць яшчэ на доўгія гады.
У невялічкай зале былой музычнай школы па вуліцы Луначарскага было людна, святочна і па-сямейнаму цёпла. Залу ўпрыгожвала сама імянінніца, рознакаляровыя шары і выстава вышыванак, змайстраваных рукамі самой жа Ларысы (сапраўды, таленавіты чалавек, таленавіты ва ўсім). На юбілей прыйшлі сябры, калегі, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый. Было мора віншавальных слоў і цудоўных падарункаў. Загадзя прашу прабачэння, што газетны фармат не дазваляе назваць усіх.
Але першае слова далі ёй – віноўніцы ўрачыстасцей Ларысе Дземідовіч, і яна расказала, з чаго складаецца яе шчасце і падарыла прысутным песню «Хачу за ўсё вам дзякуй сказаць».
Потым слова (песню, танец) трымалі тыя, хто прыйшоў павіншаваць імянінніцу. Ад раённай улады яе віншавалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэй Мазанкоў. Ларыса Дземідовіч атрымала Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў, кветкі і шчырую ўдзячнасць за творчасць. «Вам і вашым песням хочацца верыць!», – падкрэсліла Ірына Іванаўна.
Шмат цікавых віншаванняў, пераплеценых успамінамі, гумарам і ўдзячнасцю, адрасавалі юбілярцы яе калегі. Юрый Раманаў успомніў пра групу «Шанс», пра тое, як Ларыса ў 1976 годзе ўпершыню выйшла на раённую сцэну з песняй «Капае дожджык», якая стала ўдалым стартам спявачкі. Ён падарыў Ларысе Мікалаеўне песню «Жадаю табе» і запрасіў на танец.
І вось гэтая песня «Капае дожджык» зноў гучыць са сцэны – эстафету падхапіла маладая спявачка Вера Рабянок.
А на чарзе ўжо – народны фальклорны калектыў «Гульбічы». Сваю каляжаначку (так імянінніцу назвала кіраўнік ансамбля Ларыса Цыркунова) «Гульбічы» закружылі ў віхуры барыні.
Гераіня свята кружыла ў танцы і смяялася, быццам і не было за плячыма той узятай узроставай вышыні. Нездарма ж яе калега з 30-гадовым стажам Валянціна Навіцкая падкрэсліла, што работнікі культуры ўзросту не маюць, гэта стан душы.
Самым жа кранальным стала для імянін-ніцы віншаванне сына Аляксея, ён падарыў маме песню «Мама, патанцуй са мной!», і дзяўчаты за кулісамі зазначылі, што прырода вырашыла не адпачываць на сыне спявачкі.
І яшчэ былі песні: «Табе адной!» спяваў Андрэй Крыўцоў, «Дні ляцяць» нагадвала Лілія Барадзёнак, «Не стамлюся захапляцца» сцвярджаў Анатоль Міхееў. Анатоль Васільевіч успомніў, як Ларыса Дземідовіч (тады Зуева) прыйшла ў вакальна-інструментальны ансамбль «Шанс» і як неўзабаве, дзякуючы ёй, узялі трэцяе месца ў міжнародным конкурсе польскай песні. «Вось тады запалілася ў Шуміліне зорачка», – з пяшчотай азначыў старэйшы калега.
Грамат і іншых узнагарод у яе было (і будзе!) многа, спатрэбіцца асобны пакой, каб усе размясціць. Нямала ўзнагарод яна атрымала і са сваім калектывам – народным хорам народнай песні «Світанак», які ў дзень юбілею кіраўніка ўстроіў цэлае прадстаўленне – з гаданнямі, з цыганкай і, вядома ж, з песнямі, як жа без іх.
А дырэктар цэнтра культуры і вольнага часу Марына Прохарава дапоўніла гул віншаванняў сваімі ўспамінамі, як яна дзяўчынкай «бегала пад танцпляцоўку слухаць Ларысу Дземідовіч і марыла спяваць так, як яна». Ад імя работнікаў цэнтра культуры яна ўручыла фотакалаж з адлюстраваннем многіх адметных памятных момантаў.
Калегі – былыя і цяперашнія, прадстаўнікі прафсаюза, ветэранскай арганізацыі, творчых калектываў – жадаючым павіншаваць Ларысу Дземідовіч не было канца. А калі б сюды яшчэ прыйшлі ўсе яе паклоннікі! Такой і залы няма ў Шуміліне.
І гэта добра, што работнікі культуры знайшлі час і падрыхтавалі для таленавітай шумілінскай спявачкі цудоўны вечар-партрэт. Бо сапраўды, як зазначыла былы мастацкі кіраўнік Дома культуры Валянціна Еўланава: «Пра чалавека трэба гаварыць пакуль ён чуе…»
Успамінаецца адзін жыццёвы эпізод, якому мо ўжо чвэрць стагоддзя. Адзін мой знаёмы падчас прыезду ў наш невялікі гарадок трапіў на свята Купалле і быў уражаны голасам Ларысы Дземідовіч. Хацеў купіць для яе кветкі, ды дзе іх возьмеш каля Шумілінскога возера. Тады ён назбіраў сціплы букецік палявых кветачак і падарыў – ад усяго сэрца як прызнанне яе талента. Ён тады сказаў, што Ларыса заслугоўвае больш высокай сцэны.
Гэта, безумоўна, так. Але яна засталася тут, не стала шукаць іншай славы, за што шумілінскія гледачы, у тым ліку і я, ёй удзячны. І мы ўсе жадаем ёй здароўя, новых песень і каб канферансье зноў і зноў аб’яўляў: «Спявае Ларыса Дземідовіч!»
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №65 ад 24.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *