Ва ўладзе нязгасных гадоў (Эсэ з нагоды)

Блоги и мнения

Першая сустрэча

“Няма таго, што раньш было…”. Гэтыя словы   М. Багдановіча, якім даўно нададзены статус крылатых, узгадаў не з той нагоды, каб сказаць, як было добра тады, а як зараз “няма таго”. З гісторыяй не паспрачаешся, аднак жа ўлічыў і тую акалічнасць, што ўсякія ўспаміны кульгаюць.

Тым не менш хочацца, каб паверылі ў маю шчырасць. Хочацца падзяліцца тым, што “раньш было”,  паказаць чытачу атмасферу, калі пачынаў працу ў рэдакцыі (а пачынаў у далёкім 1982 годзе), расказаць пра тых, каго няма ўжо з намі, але ў сэрцы маім яны жывыя і па сённяшні час.

Пачну з самага пачатку, з таго чэрвеньскага дня  (у сярэдзіне чэрвеня прыняў як настаўнік апошнія экзамены ў вучняў і адразу, не адгуляўшы водпуску, рушыў у Віцебскі абкам партыі за накіраваннем), калі прыехаў у Шуміліна. Праўда, я ведаў, што тут не адразу прымуць мяне ў абдымкі, хаця вакансія была – папярэдзілі ў Віцебску: рэдактар суровы, прынцыповы, нікому не дае спуску, а тым больш “зялёным”. Таму хваляваўся, адчыняючы дзверы рэдакцыі.

Рэдактара Э.М. Дамарацкага ў рэдакцыі не заспеў. Мяне сустрэў намеснік У.Ц.Батакоў, прывеціў адразу, падаючы гасцінна руку.

–Рад, што прыехалі, – сказаў проста, і ў мяне чамусьці крыху адлягло ад сэрца.–Чакаем, нам патрэбны новыя і свежыя ідэі…

Я чакаў, склаўшы на каленях свае ўспацелыя ад хвалявання рукі.

–Рэдактар на бальнічным, ён мне даручыў з вамі пагаварыць і даць першае рэдакцыйнае заданне. Няхай не бянтэжыць – усім, хто прыходзіць, даём. Каб ведаць, хто на што здатны…

Я кіўнуў галавой. Пры мне Уладзімір Цярэнцьевіч набраў парторга  райсельгастэхнікі Генадзя Маслянінава, і той даў слесара Сініцына з тым, каб сказалі пра яго ў газеце ўсцешанае слова.

–Ну вось, і герой ёсць. Справа за драбязой: напісаць пра яго так, каб… самі ведаеце…Рэдактар будзе цаніць, будзе рашаць, браць вас на работу ці не.

Я зноў моцна захваляваўся, і гэтае хваляванне, відаць, адклалася на маім твары, мусіць, збялеў я, бо намеснік раптам паправіўся, супакоіў:

–Не  крыўдуйце, так было з кожным з нас. А ў вас ўсё атрымаецца…

Сініцына знайшоў хутка, пагаварыў, разгаварыў яго, хаця словаахвотлівым яго не назавеш. Зайшоў у гасцініцу – тую, якая дзясяткі гадоў прытуляла такіх жа вандроўнікаў, як і я (з жалезнай конаўкай і вядром вады на калідоры), напрасіўся на начлег, заплаціў  і пашоў падсілкавацца. Недалёка была сталоўка-кафэ “Яблынька”, выйшаў адтуль сыты і задаволены жыццём (усё ж была надзея, што возьмуць, бо пастараюся – мову я ведаў добра: выкладаў яе шэсць гадоў да гэтага ў школе). Купіў вучнёўскі сшытак у клетачку і вярнуўся ў гасцініцу…

Раніцой зайшоў у рэдакцыю з гатовай замалёўкай. Рэдактара зноў на рабоце не было, і я адчыніў дзверы намесніка. Той зноў сустрэў мяне з усмешкай, як добра знаёмага, спытаўся:

–Ну, як, ці лёгка далася замалёўка?

–Не навічок, не зялепуха: пісаў жа ў докшыцкую газету. І там абяцалі прыняць на работу, але пакуль заканчваў вучэбны год…

–Так, пакуль заканчваў… –паўтарыў у задуменні Уладзімір Цярэцьевіч, не даслухаўшы мяне да канца, бо ўзяўся ўжо чытаць мой “опус”.

Так няўтульна сябе я не пачуваў даўно, а мо і ніколі: усё ж вырашаўся мой лёс! Тут, за сталом намесніка Батакова… “А ўвогуле прычым Батакоў?–разважаў. –Ёсць рэдактар, яго слова апошняе…”.

Я сядзеў насупраць Батакова прыцішана, як птушанё, як хлапчук, якога зараз пачнуць чысціць за двойкі. І гэта прытым, што мне было 28, але сарамлівасць і няўпэўненасць усё ж рабілі сваю няўдзячную справу.

Нарэшце Уладзімір Цярэнцьевіч адарваў галаву ад стала, устаў і – падаў мне руку.

–Добра. Не чакаў, калі папраўдзе… Зараз пазваню рэдактара, – і ўзяўся за тэлефонную трубку.

Той прыйшоў хвілін праз дзесяць – жыў недалёка. Я пачуў,як рыпнулі-ляпнулі ўваходныя дзверы, як ступілі на калідор, прыпадаючы на адну нагу, з прыстукам кійка, нечыя крокі: рып-плясь, рып-плясь!..

–Гэта ён, –папярэдзіў мяне намеснік, і я неяк міжволі ўскочыў з крэсла. Устаў і Батакоў.

Дзверы адчыніліся: з калідора на мяне   глядзелі ўедліва-насцярожаныя вочы таго, на каго я, скажу шчыра, маліўся.

Дамарацкі не зайшоў да нас, не парукаўся, толькі сказаў:

–Давайце да мяне!

І мы з Батаковым пайшлі. Ён, трымаючы ў руках акуляры, спакойны, дзелавы,  я – як на Галгофу.

Пакуль Эдуард Мікалаевіч займаў сваё месца, ставячы побач кульбу, на якую нядаўна абапіраўся, мы стаялі, як тушканчыкі. Толькі тады, седзячы, ён падаў нам, спачатку свайму намесніку, затым мне, сваю шырокую, лапацістую (разбіў на кульбе) руку. Уладзімір Цярэнцьевіч, не чакаючы, пакуль той  папросіць мой рукапіс, падаў яго сам, сказаўшы:

–Будзе з яго толк, Эдуард Мікалаевіч!

І пайшоў, пакінуўшы мяне сам-насам з рэдактарам.

Той не стаў мяне разглядаць ды распытваць, сказаў, што яму патэлефанавалі з газеты “Чырвоная змена” (была такая моладзевая газета), параілі ўзяць, бо пісаць умее і хоча. Гэта значыць, я. Дзівіўся, седзячы ад акна ў ягоным кабінеце: нічога ж не казаў у “Чырвонцы”, што збіраюся ў Шуміліна, адкуль жа ведае, аднак думкі абарваў уладарны, басавіты голас рэдактара:

–Я бяру вас, хаця да гэтага і адмаўляў не аднаму. Шмат каму… Адмаўляў і больш масцітым, а вас вазьму, бо вы не сапсаваны штампамі…

Я вырас, праўда, неўзабаве мне зрабілася крыху гнятліва, бо сэрца маё  білася з касмічнай хуткасцю, удараў пад сто дваццаць…

–Прыязджайце хоць заўтра, – сказаў проста рэдактар. –А жыллё вам знайшлі… Праўда, не вельмі. Аднак з цягам часу будзе лепшае. Зайдзіце да Батакова, і ён вас адвядзе…

 

2.“Я прыехаў, каб стаць рэдактарам…”

 

Згледзеўшы  хацінку, хутчэй нейкае бунгала, чым жылы дом у райцэнтры, я аслупянеў: няўжо давядзецца тут жыць сям’ёй гадамі? Але думка працягу не мела: калі, нагінаючы галовы, мы ступілі ў калідорчык, дзверы ў хату адчыніла сама гаспадыня Н. М. Папчанка. Яна (а павёў мяне У. Ц. Батакоў кватараваць па адрасе вуліца Полацкая, д.3), відаць, чакала  гасцей.

– Не бядуйце, –супакоіла яна, бачачы маю збянтэжанасць. –Будзеце тут за гаспадара. Я бываю ў Шуміліне рэдка, усё ў Наваполацку, у дачкі. Так што вось вам ключы і жывіце. А за  хату многа не вазьму… Хатка цёплая, а што цесна…Ім жа не надоўга? –звярнулася яна да У. Ц. Батакова.

–Не, на зіму-другую, –абнадзеіў той.

У трысценчыку пісаў для газеты, бо не спраўляўся ў рабочы час. Так сказаць, набіваў руку. Сядзеў дапазна, зачыніўшы дзверы ў спальню, і калі за шпалерамі гойсалі пацукі, не дужа баяўся, хаця было і брыдка. Ганяў іх, пастукваючы рукой па сцяне…

Гэта было маім першым жыллём на новым месцы. Я не адчайваўся, бо дамогся працы па душы, спадзяваўся, што і для жонкі знойдзецца цікавая работа. Тут да месца будзе сказаць, што рэдактар Э.М.Дамарацкі прабіў для журналістаў дзве кватэры, а А.П. Бруцкі – і  месца ў інтэрнаце ПМК-70. Кватэры  былі заняты, і пасля хацінкі па Полацкай (там перабылі адну зіму) пераехалі ў новыя інтэрнацкія пакоі на самы высокі паверх.

Я быў малады і  аб жыллёвых праблемах не думаў. Думаў пра тое, ці атрымаецца з мяне годны журналіст. Першы ж рэпартаж з саўгаса “Ульскі”, дзе вялі нарыхтоўку кармоў, у мяне выйшаў нязграбны. Здавалася б, пастараўся, а калі паклікаў да сябе рэдактар, зразумеў, што напісаны па-вучнёўску. Мяне апаліў сорам: два аркушы паперы, надрукаваныя на машынцы, былі спярэшчаны чырвоным алоўкам.

–Вось твой дэбют, Мікола, –сказаў Эдуард Мікалаевіч,як мне здалося, без здзеку. –Але не падай духам. Ты не адзін такі…

І дастаў з шуфлядкі стосік папер з такім жа чырвоным на белых аркушах.

–Нехта кажа, што нічога не раблю. А гэта не работа?..

Я знябожана сядзеў, чакаў, што будзе далей.

–Рэпартаж дапрацуй, мы ставім яго ў наступны нумар.

З таго бліна, які камяком, і пачаўся мой журналісцкі вопыт…

Да мяне ў кабінет заходзілі, каб падтрымаць, і адказны сакратар Уладзімір Шаўчэнка, і карэспандэнты Таццяна Касуха, Ядвіга Захар, не прамінаў, каб не памагчы, Уладзімір Батакоў. Але першы, з кім я завёў гаворкуў сценах рэдакцыі, яшчэ калі прынёс замалёўку пра Сініцына, быў фотакарэспандэнт Віктар  Палісадзін. Ён адразу запаў мне ў душу: просты, без зазнайства,хаця з-пад акуляраў глядзелі на мяне цікаўныя і насцярожаныя вочы.

Гаворачы пра мой “блін”, Таццяна Касуха сказала неяк шэптам, пад сакрэтам:

–Табе пашанцавала, ён не збіраў усіх да сябе і не ганьбіў прылюдна. А нам казаў:”Што вы заканчвалі, паглядзіце, што за пісаніна?!” А сам жа не напісаў ніводнага артыкула, усё вучыць…

Тады я адчуў напружанне, пад якім стаяў калектыў рэдакцыі. Што была за прычына такога стаўлення да рэдактара, я не ведаў, а неўзабаве і наогул забыўся аб папярэджанні Таццяны.

Напрыканцы жніўня ў рэдакцыі важна і рэспектабельна, з дыпламатам, заявіўся новы чалавек –Анатоль Паўлавіч Бруцкі. Зайшоў да мяне ў кабінет.

–Новенькі? –спытаўся.

Я кіўнуў галавой.

–Я прыехаў, каб стаць рэдактарам. Замяніць старога…

Я павіншаваў яго, і той пакінуў мой кабінет. А праз гадзіну мяне паклікаў да сябе рэдактар. Пачаў здалёку, а пасля нібыта між іншым спытаўся:

–Пра што вы з Бруцкім гаварылі?

Я не бачыў падвоху і расказаў. Толькі пазней, калі месца рэдактара заняў А.П.Бруцкі, ад яго даведаўся, што Э.М.Дамарацкі ўзяўся скардзіцца ў райкам партыі, абкам, маўляў, як гэта так: у мяне за спінай чыняць такія падкопы. Падкопаў жа ніякіх не было, проста чалавек з універсітэцкай адукацыяй, які да таго ж толькі што закончыў ВПШ, меў права на высокую рэдактарскую пасаду (у былога не было наогул вышэйшай адукацыі). Ён і пахваліўся мне, але не папярэдзіў, каб тэма  гаворкі засталася паміж намі.

За справу ён узяўся чынна, з захапленнем. Увёў паўсюднае планаванне (трэба сказаць, сустрэтае намі ў штыкі, бо не ведалі мы, чаго чакаць ад жыцця пра тры дні, не кажучы праз месяц), збіраў часта планёркі, дзе мы вучыліся і журналістыцы, вучыліся магіі публіцыстычнага слова. Анатоль Паўлавіч беларускую мову ведаў выдатна, сам быў добрым нарысістам, гэтага патрабаваў і ад нас, газетчыкаў. Праўда, той-сёй у нарысы не “ўлягаў”, торачы сваю сцяжынку. Таццяна Касуха замахнулася на разважанні на тэму маралі, помню ўдалы яе фельетон у барацьбе з п’янствам,  Ядвіга Захар (абедзьве яны заканчвалі журфак БДУ)  умела падаць сціслую нататку аб жыцці раёна. Такім жа хвацкім да нататак быў Руслан Шпакаў – высокі русявы хлапчына з Віцебска. Як ён трапіў у Шуміліна, не ведаю, аднак журналістам ён бы стаў неблагім, каб пабыў у нас больш (рэдактар з яго вылепіў бы прафесіянала). Кажуць, пайшоў па іншым шляху, ён добра ведаў польскую мову, можа, прысвяціў сябе перакладчыцкай дзейнасці. Яго часта можна было бачыць з Таццянай Касухай, мо ў іх і большае было, чым сяброўства, адно скажу: побач з Русланам Таццяна расквечвала, як ружа.Яе часта можна было бачыць у абдымках з бухгалтарам рэдакцыі Г.П.Шкулавай. Галіна Пятроўна чулліва называла яе дачушкай…

У кабінеце рэдактара А.П.Бруцкага. За чытаннем газеты…  (з архіва аўтара. Фота Віктара Палісадзіна) 

  1. “Хто паедзе ў Брагін?..”

Таццяна Касуха дзяўчынай была ўзбаламучанай, жывой, імпульсіўнай. Часта крыўдавала, бывала, з-за драбязы. Але чалавекам была творчай натуры. Курыла, і гэта загана прыносіла ёй нямала праблем і клопатаў. Рэдактар Бруцкі не курыў і не пераносіў тытуню. Такое было ўражанне, што ён наогул   не браўся за цыгарэту, нават калі быў падлеткам. Многія хлапчукі праз гэта прайшлі, а ён наўрад. Кабінет Таццяны быў насупраць рэдактарскага, і калі яна смыліла, седзячы за сталом, у рэдакцыі ўзнімаўся лёгкі шумок, які неўзабаве пераходзіў у басавітыя павучанні.

–Таццяна, –адчыняў рэдактар кабінет супрацоўніцы, – як табе не сорамна! На калідоры ж не прадыхнуць. І ў кабінеце… Мне што, збягаць, пакуль ты паліш?..

Ён мог “увінціць”  і паланізм, як вось і зараз – “паліць”, значыць, курыць. Родам з Столінскага раёна Брэстчыны, ён нядрэнна ведаў  польскую мову.

Таццяна бажылася, што кіне, не стане курыць прылюдна, аднак слова сваё не трымала. Тады А.П.Бруцкі пайшоў на крайні крок: выдаў загад аб тым, каб у сценах рэдакцыі не курылі. А курцоў у нас было: курыў я сам, Уладзімір Батакоў, пазней прыйшоў яшчэ адзін курэц Канстанцін Кудлаеў. Так што давялося курылку перанесці на рэдакцыйны ганак…

Ядвіга Захар – ледзь не антыпод Таццяны. Спакойная, яе немагчыма было вывесці з раўнавагі, яна калі і злавала, што незласліва, астывала хутка. Вершаў не пісала, не тое што Касуха, хадзіла акуратненькая, пылінкі з сябе здзьмухвала (родам была з Гродзеншчыны). І жаніха сабе выбрала такога ж, спакойнага, але на той час грашавітага: будучы муж хадзіў у далёкае плаванне. Відаць, да таго, як сустрэць Ядвігу, той меў у Рызе калі не кватэру, то сталы прыстанак. Прозвішча яго Капіч, ён недзе з Кардона. Так што Ядвіга выйшла замуж і з’ехала з мужам у Рыгу. Там і пасёння.

У Рызе асела і Таццяна. У яе было інакш. Дзяўчына яна была зграбнай, статнай і з твару нябрыдкай, і многія хлопцы яе “з’ядалі” вачыма. Яна ўсё пераводзіла на жарт, на ганку рэдакцыі, на калідоры часта быў чутны яе залівісты смех. Але была крытычна-задзірлівай, і ў рабоце, і з сяброўкамі. Дзяўчаты-халасцячкі, а па першым часе, пакуль не прыехала жонка, і я хадзілі ў “Яблыньку” папалуднаваць. У кафэ ведалі, хто мы, аднак іншым разам падавалі нам такую “драўляную”адбіўную, што Касуха выклікала афіцыянтку і доўга скардзілася. Пераходзіла нават на крык…

”Чаго б паспытаць?” –Таццяна Касуха за абедзенным сталом.

Яна выйшла замуж за радыёэлектроншчыка. Адкуль ён быў родам, мы не ведалі, аднак перад ад’ездам яна наладзіла для калектыву шыкоўны па тым часе стол. Пасля таго, як Уладзімір Шаўчэнка памяняў пасаду адказнага сакратара на намесніка рэдактара ў Талачыне, аднапакаёвую кватэру заняў я з сям’ёй, а ў інтэрнат пераехала Наталля Абрамава, радыёарганізатар. Таццяна з ёй сябравала, вось на пятым паверсе інтэрната і накрылі стол. Былі падарункі, былі слёзы расставання. Таццяна не журылася, яна, відаць, жыла ўжо блізкім пераездам у Рыгу, дзе чакаў яе муж.

Нельга тут абысці ўвагай адзін, па-мойму, недарэчны і імпульсіўна-непрадуманы ўчынак Таццяны. У маі 1886 года здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Як вядома, нейкі час гэтую трагедыю ад нас утойвалі, а калі ўведалі, паляцелі абвесткі да ўсіх, хто жадае памагчы чарнобыльцам, паехаць на месяц-другі папрацаваць – у Нароўлю, Брагін, Хойнікі, бо там ва ўсю ішла эвакуацыя людзей. Кінуў нехта зверху кліч і да газетчыкаў. А.П.Бруцкі, помню, сабраў сход, выклаў сутнасць пытання  і папрасіў не спяшацца, падумаць як след. Першай загарэлася Таццяна. Яе адгаворвалі, яе не зацвярджалі, усяляк спрабавалі зацягуць час. Аднак усё было марна…

Яна паехала на месяц у Брагін, прыехала адтуль жвавая, вясёлая, нібы з санаторыя. Расказвала, праўда, шмат жахлівага, аднак была ў гуморы.

Праблемы са здароўем у яе пачаліся там, у Рызе. Яна пісала Абрамавай, званіла ёй часта (Наталля тады ўжо, атрымаўшы акрамя педагагічнай, яшчэ і юрыдычную адукацыю, з’ехала на радзіму, у Полацк, дзе і адпрацавала не адзін год суддзёй), скардзілася, што пачувае сябе няважна, а ў сярэдзіне нулявых нават прыязджала ў Шуміліна – за выпіскай з загаду таго памятнага 1986 года. У кнізе загадаў запісу адпаведнага не знайшлі, і Таццяне давялося шукаць сведкаў, каб праз суд дамагчыся даведкі. Яна была патрэбна як чарнобыльцу, які меў права на льготы…

Я спісваўся ў Аднакласніках са старэйшай дачкой Уладзіміра Антонавіча Нарушэвіча Аленай, таксама журналісткай.

“Добры вечар, Мікола! –пісала мне Алена 1 чэрвеня 2017 года. –Ты пытаеш, ці ведаю я Таню Касуха – не толькі ведаю, але і сябруем з ей яшчэ з тае пары, калі яна жыла у нашай (бацькавай)  кватэры, працуючы ў Шуміліне ў газеце. Я тады працавала ў Чашніках. У Латвіі мы з ей сустрэліся на адной прэс-канферэнцыі гадоў 17 таму. З той пары зноў сябруем. Яна жыве у Рызе, афіцыйна ніколі не працавала, бо яе муж добра зарабляе, жывуць у прыватным доме. Але Таццяна ўвесь час актыўна дзейнічае ў беларускай дыяспары – калісьці працавала ў беларускай школе ў Рызе, ужо шмат гадоў рыхтуе беларускія радыёперадачы на беларускай мове на Латвійскім радыё. Здаецца, адзін раз у месяц выходзяць яе перадачы. У апошнія гады ў Тані са здороўем не ўсе добра, спадзяюся, што яна пераможа хваробу…”.

Амаль праз тры гады Алена даслала яшчэ адзін допіс, на гэты раз сумны: 19 сакавіка 2020 года Таццяны не стала. Пражыла яна 61 год.

На лаўцы побач з рэдакцыяй. Злева направа: Кацярына Шабанава,Галіна Шылко (стаіць),Любоў Мацуганава,Ядвіга Захар,Мікалай Мароз (стаіць), Наталля Абрамава, Таццяна Касуха. З асабістага архіва. Фота Віктара Палісадзіна.

                               4. Пра ката ў мяшку і вымовы

Вернемся ж да першай паловы 80-х, калі, на маю думку, было для нас, газетчыкаў, больш цікава. Яшчэ не пакінуў Шуміліна У.Шаўчэнка –несумненна, здольны публіцыст (ён пісаў і вершы), прыехала на сталую працу не менш здольная і творчая журналістка Іна Міхайлоўская. Праўда, яна пабыла ў нас нядоўга, але адразу аб сабе заявіла ва ўвесь голас. У яе быў незвычайны стыль, без штампаў і пустых разважанняў, і мне ён імпанаваў. Шкада, што яна не затрымалася ў нас, з’ехала да мужа. Куды, не помню, а вось яе разважанні пра шумілінскі боршч (амаль з сякеры) помню добра.

Інтэрв’ю прама на полі (аўтар радкоў апытвае механізатара.

Падчас наведвання мемарыялу “Прарыў” (Ушачы). Фота Віктара Палісадзіна.

Ахвочыя мы былі і да змястоўнага адпачынку. І справа зусім не пра пікнікі (хаця і гэта было) – пра экскурсіі. Адна з іх, ва Ушачы, на мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Экскурсію вёў тадышні намеснік рэдактара ўшацкай газеты, паэт Мікола Лісічонак (на здымку першы справа).

Трое ў лесе –Уладзімір Батакоў, Леанід Пагарэльскі –сябра рэдакцыі, Анатоль Бруцкі.

Аселі ў памяці частыя спрэчкі А.П.Бруцкага са сваім намеснікам У.Ц.Батаковым. Справа ў тым, што Уладзімір Цярэнцьевіч грашыў штампамі, напрыклад, пачынаў артыкулы недзе так:”Ідучы насустрач Пленуму ЦК КПСС і выконваючы павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы… ён браў прыклад… змагаючыся за датэрміновае выкананне напружаных заданняў…” і ў тым жа духу заканчваў іх. Бруцкі крывіўся ад такіх нагрувашчванняў і бязлітасна выразаў з артыкула цэлыя блокі. Батакоў кіпеў, і тады пачыналася сварка, ды такая, што сцены дрыжэлі. Гэтыя непаразуменні я помню добра…

Лёгкі перакус (злева направа:Іна Міхайлоўская, Мікалай Мароз, Таццяна Касуха,Анатоль Бруцкі, Віктар Улюценка –грамадскі карэспандэнт, сябра рэдакцыі, Наталля Абрамава.

Калі А.П.Бруцкі ўладкаваўся ў абкаме партыі, яго месца заняў У.Ц.Батакоў. Быў у разгары 1989 год. Я паспеў ужо нацешыцца пасадай інструктара райкама партыі (выцягнуў У.С.Пясоцкі), калі даводзілася пісаць Уладзіміру Сяргеевічу даклады, выступленні на пленумах, нарадах, сходах, канферэнцыях. Не знімалі з мяне абавязкаў і рыхтаваць актывістаў да паступлення ў партыю. Мне гэта абрыдла нямала, і я папрасіўся ў сакратара райкама зноў у рэдакцыю. Той не адпускаў, пакуль Бруцкі не пайшоў да першага сакратара абкама У.В.Грыгор’ева і не папрасіў спрыяння.

Так я апынуўся на пасадзе намесніка рэдактара. Неўзабаве да нас у рэдакцыю прыйшоў Канстанцін Кудлаеў – здольны журналіст, хвацкі знаўца беларускай мовы. І хаця ў яго не было вышэйшай адукацыі, У.Ц.Батакоў паставіў яго адказным сакратаром. Мы з рэдактарам былі камуністамі, Косця беспартыйны. І вось напачатку лютага 1991 года здарылася тое, пра што доўга мусолілі  ў райвыканкаме, не спускалі з языка чытачы. Гэты лютаўскі нумар вырывалі з рук.

А здарылася што. Батакоў захварэў, я рэдагаваў газету. У той лёсавызначальны пераломны перыяд у жыцці СССР рассылася не толькі эканоміка, пацярпела і газетная справа, мараль. Ад эйфарыі многім распірала грудзі. Нам увайшло ў заганную практыку пакідаць газетную плошчу на водкуп выпускаючаму, які сядзеў у Віцебску. Выпускаючым быў былы рэдактар газеты з Гарадка Мікола Мятла. Ён і дамовіўся з Кудлаевым паставіць на апошнюю паласу газеты артыкул на рускай мове “Помешавшаяся на сексе попзвезда обожает звёзд большой политики”, нібыта перадрукаваны з фінскага часопіса праз пасрэдніцтва газеты “Эсмаспяэв”. Косця, па ўсім відаць, ведаў ў агульных рысах пра змест артыкула, а мне яны нічога не сказалі. Атрымаўшы нумар газеты, я ўпаў у ступар. Той нумар быў, вобразна кажучы, катом у мяшку. Я зараз жа набраў Батакова, і той прыляцеў у рэдакцыю, як на крылах.

Газета выйшла ў суботу, 16 лютага, і ў панядзелак нас з Батаковым паклікала ў Дом Саветаў. Тадышні начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі У.П.Воранаў, а таксама М.М. Станавенка ад імя ветэранаў, яшчэ нехта чысцілі нас бязлітасна, абураліся, дакляравалі патэлефанаваць А.Б.Пугачовай, каб тая падала на газету ў суд.

Мы ведалі, што Пугачовай ніхто званіць не будзе,  хаця нерваў патрапалі нам нямала. Зараз жа абавязалі мяне склікаць партсход рэдакцыі, і на тым сходзе  старшыня парткамісіі Ф.В.Кляшчонак дамогся, каб нам з Батаковым аб’явілі “страгача”. К.Н.Кудлаеў застаўся чысты…

Сёння, перачытаўшы артыкул, я зразумеў:так, быў перабор, асабліва пра жарсці спявачкі, аднак такіх ці прыкладна такіх прызнанняў у сеціве сёння хоць гаць гаці. Тады ж, калі лічылася, што ў СССР не было секса, артыкул выклікаў эфект бомбы, якая разнесла ў мэтлахі ранейшую савецкую мараль.

У тым жа 1991-ым у рэдакцыі з’явілася А.І. Пятрова. Заканчвалася эра  кіруючай ролі партыі камуністаў, і Аліна Іванаўна, якая працавала ў райкомаўскай  бібліятэцы, шукала сабе працу. Напісала ліст у рэдакцыю, ён спадабаўся У.Ц.Батакову (напісаны быў у творчай манеры), і той запрасіў яе на сталую працу.

Чаяпіцце з нагоды (злева направа Канстанцін Кудлаеў, Уладзімір батакоў,Наталля Бараноўская –аператар, Яўгенія Карпушэнка –прыбіральшчыца,Ларыса Дамарацкая –карэктар,Вольга Мацюшкова –бухгалтар,Святлана Ігнацкая –машыністка,Аліна Пятрова, Ігар Жулега, на пярэднім плане спінай Мікалай Мароз) . 

 5. Эпоха эйфарыі і безграшоўя

У.Ц.Батакоў памёр раптоўна, памёр заўчасна. На трэці дзень жніўня 1992 года мне пазванілі і паведамілі, што рэдактар у цяжкім стане: у яго інсульт. Па сутнасці я быў у водпуску, аднак яго давялося адкласці.

Рэдактар спачыў неўзабаве, пражыўшы ўсяго 45 гадоў.

У райвыканкаме ўзяліся шукаць на пасаду кіраўніка рэдакцыі свежага чалавека, але, відаць, тыя, каго прасілі, заламалі небывалыя ўмовы, і там астылі. Чаму мяне сем месяцаў не зацвярджалі, я разумеў: свежай была яшчэ публікацыя пра попзорку Пугачову.

Нарэшце на сесіі райсавета ў сакавіку 1993 года мяне зацвердзілі рэдактарам.

Рэдактар М.А. Мароз з аператарам Г.Л.Шылко.

З рэдакцыі нечакана папрасіўся на “вольны хлеб” К.Н.Кудлаеў. Ён, відаць, адчуваў пэўную  віну ў смерці У.Ц.Батакова, і вырашыў не спакушаць у Шуміліне свой лёс. Зноў вярнуўся ў родны Слаўгарад, дзе і працаваў. Памёр таксама ў росквіце сіл…

Жыццё не спынялася, яно падкідвала ўсё новыя сюрпрызы, выкідвала  нечаканыя конікі, павароты-віражы. 90-ыя гады мінулага стагоддзя наогул лічу самымі ліхімі і шчаслівымі –у тым сэнсе, што чалавек адчуў сябе свабодным. Не пра харчы ды чарку гаворка, а пра тое, што пасля партыйнага засілля чалавек быў нібы выпушчаны з клеткі звер. Гэта ж столькі панавала адна ідэалогія, якая паралізавала волю, а тут раптам пішы, што хочаш, выходзь на плошчу з любымі транспарантамі і сцягамі, дзяры горла, кляймі ганьбай. Праўда, калі пачнеш абражаць ды гаварыць брыдкасці – возьмуць на цыгундар, пакараюць. Не ўлады, дык тыя, каго зневажаеш.

Уздыхнула з палёгкай і газета. Здавалася б, пішы, твары і май ад гэтага асалоду. Аднак жа павярнула па-іншаму: прыйшла пара безграшоўя, анархіі і беднасці. Пасля развалу Саюза эканоміку паставілі на калені. Улады не ведалі што рабіць. Пачаў змяншацца наклад газеты. Нават да 1991 года тыраж складаў амаль 6 тысяч, нумар каштаваў усяго 2 капейкі. Выпісвалі, чыталі, абмяркоўвалі. Як вось артыкул пра секс і зорку эстрады. Але і гэты “піярход” не выратаваў: людзі выпісвалі газету ў апошнюю чаргу, пакінуўшы грошы  на больш пільныя патрэбы – харчаванне, адзенне, абутак, набыццё тэлевізара. Ды і паслугі пошты, друкарні выраслі ў разы.

Раён застаўся на мелі. Помню той час, калі мы з Андрэем Бурым, тады рэдактарам радыёвяшчання, хадзілі ў Дом Саветаў, вымольвалі сабе на зарплату.   Выпісвалі раёнку тыя, хто зрадніўся з ёй, каму яна была дарагой, як дзіця ў сям’і. Многія проста выжывалі. А тут прэтэнзіі ад друкарні з Віцебска: калі не пагасіце даўгі за друк, не выпусцім тыраж у свет. Бегаў, пісаў нейкія паперы, мне абяцалі, а выдавалі крыхі. Друкары ўсё ж пакаралі нас – газета не выйшла і раз, і другі, і трэці. Тадышні старшыня райвыканкама Я.С.Ганчароў збяднела разводзіў рукамі: а што, маўляў, зраблю, звані ў Мінск. І званіў, напрасіўся нават на гаворку з міністрам друку А.І.Бутэвічам, і той перакінуў нам нейкую скупую капейку. Усе пераходзілі на камп’ютары, а ў нас ні камп’ютараў, ні грошай. Дапамаглі з Віцебска, выдзелілі два камп’ютары. А ўсё адно тыраж газеты растайваў, як сакавіцкі снег, дайшоў да 1720 асобнікаў. Натуральна, на зарплату не хапала, не кажучы пра ганарары – ад іх часова адмовіліся.

Але няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Праблемы расцягнуліся на гады. Праўда, гэта ніяк не загубіла жыццёвы тонус журналіста. Па плошчы бегае ў натоўпе забарадзелы чалавек з чырвоным сцягам уруках –навіна, мы туды. Кіраўнік днямі трымае, узводзячы сваю даміну, казённы экскаватар, кран, не плаціць за гэта ні капейкі, званок у рэдакцыю – мы там. Дырэктар “прыхватызуе” трактар, адганяе яго да цесця ці бацькі, званок у рэдакцыю, і тут наш карэспандэнт. Пераганяецца наша тэхніка за мяжу, сплаўляецца паліва, тонамі, сотнямі тон, вадзіцелі абрываюць званкі рэдакцыі, я сам выязджаю вечарам у аўтапарк, слухаю палкія тырады людзей, абураных да глыбіні душы. Пішу артыкул “Выгнаннік”, ставім яго на першую паласу. Рэакцыя, як ад выбуху атамнай бомбы. Цяжкая гаворка з “выгнаннікам”,кіраўніком прадпрыемства, у кабінеце рэдактара, скаргі, кляўзы…

Калектыў рэдакцыі быў баявіты і зубасты. Ігар Жулега, віцебскі журналіст, вёў сельскую гаспадарку, яму ў дапамогу быў кінуты Мікалай Шаўчэнка, таксама з Віцебска, ён знешне паходзіў на дзядка, ссівелы, з бародкай клінам. Праўда, Мікалай Іванавіч грашыў чаркай і ў журналістыцы зорак з неба не хапаў. Часта да яго прыязджаў А.Когаль, яны разам ехалі ў гаспадарку, адтуль вярталіся “пад мухай”. Яны, як я зразумеў, бралі авансам, бо неўзабаве мне на стол клаўся хвалебны артыкул і такая ж хвалебная тэкстоўка да фота А.Когаля…

Усяго было. А чаму віцебскія журналісты?.. Ды сваіх не ставала. Помню, не раз упрошваў на працу ў рэдакцыю моваведаў А.А.Навуменка, А.У.Васілеўскую –тыя адмаўляліся наадрэз. Алена Уладзіміраўна казала:”А калі ў мяне не атрымаецца, турнуць мяне, якая школа возьме зноў?!”. Праўдай было і тое, што зарплата тады ў газетчыкаў была – кракадзілавы слёзы. Няхай яна расла, але ж не стаяла на месцы і настаўніцкая. Не пабаялася, што не атрымаецца, А.М.Карпушэнка. Яна мовавед, аддала некалькі год настаўніцкай працы ў школе і ліцэі і прыйшла да нас. Думаю, не расчаравана, зорак з неба не хапае, але старанная і ўніклівая ў рабоце. Зараз яна адказны сакратар рэдакцыі.

З прыходам рынкавай эканомікі (хаця рынкавай назваць было цяжка) многія кіраўнікі ўзяліся аспрэчваць рашэнні райвыканкама. Старшыня калгаса імя Леніна (в.Светласельская) У.П.Долгі ўвязаўся ў спрэчку са старшынёй мясцовага сельсавета А.П.Кухарэнкам, выстаўляючы яму рахункі за арэнду калгаснага памяшкання. Дайшло нават да абрэзкі труб цеплатрасы. Умяшаўся Я.С. Ганчароў, якому, аднак, было нялёгка пераканаць старшыню калгаса ў памылковым  рашэнні. Не засталася ўбаку і газета. Сам асабіста вёў у газеце гэтую гісторыю, змясцілі тры ці чатыры артыкулы.

Дапамагаў чым мог старэйшы газетчык У.А.Нарушэвіч. Пры Дамарацкім і Бруцкім ён быў нават у штаце, а ў 90-ыя прыходзіў, прасіўся на месяц-другі, каб зарабіць на лычка каўбасы. У яго была фенаменальная памяць: яшчэ працуючы ў школе, а пасля інспектарам рана, ён ведаў на памяць цалкам “Новую зямлю”, ахвотна дэкламаваў нам цэлыя кавалкі “Яўгенія Анегіна”. А з каўбасой, дарэчы, і з сырам ды маслам праблемы былі такія, што хацелася плакаць. Картачкі, на прадукты і на вопратку з абуткам, на іншыя рэчы, “заячыя” грошы не перакрэслівалі, аднак,  прагі знайсці цікавы матэрыял, парадаваць чытача. Прасілася, помню, на працу ў рэдакцыю маладая журналістка з Віцебска Міхайлава (імя не помню, яна пачынала, здаецца, у шматтыражцы, а тут захацела адазу на пасаду намесніка рэдактара. Я пераконваў яе, каб пачынала радавым, паказала сябе, а пасля і рашалі б, якую пасаду ёй даць. Яна паехала раіцца з некім, і я дамовіўся ўжо з галоўным санітарным урачом раёна В.Р.Бурэнем аб месцы ў інтэрнаце  (пакоі былі пры санстанцыі, з ацяпленнем, але прыбіральняй на вуліцы). Але Міхайлава так і не аб’явілася.  Праз нейкі загадам рэдактара была праведзена намеснікам Аліна Пятрова.

Ключавым, калі хочаце, артыкулам на той час стала сатырычная публікацыя, пра якую гаворка пойдзе ў наступным нарысе майго эсэ.

За рабочым сталом. 90-ыя.  М. Мароз.

 6.Шлюбаразводны працэс

Перш чым распавесці пра гісторыю, якая ў 90-х ускалыхнула многіх, сіганула і за межы раёна, раскажу эпізод, які яскрава сведчыў пра атмасферу, якая панавала ў рэдакцыі ў пярэдадзень палітычных кампаній. У 1994 годзе Беларусь рыхтававлася да выбараў першага ў гісторыі Беларусі прэзідэнта. На гэтую пасаду прэтэндавалі шэсць кандыдатаў, сярод іх лідар БНФ Зянон Пазняк. Тады ў рэдакцыю прынёс перадвыбанчую праграму П.А.Сарапеня –давераная асоба Пазняка. У раёне яго добра ведалі: чалавек гарачы, апантаны прыхільнік пераменаў, свабоды друку і сходаў. Ён паклаў мне на стол тры аркушы паперы з праграмай, і я стаў чытаць. Не спадабалася мне адна надта экстрэмісцкая фраза, я папрасіў яе замяніць. Пётр Андрэевіч не згаджаўся, я параіў яму звязацца з кіраўнікамі штаба і ўдакладніць. Назаўтра Сарапеня зноў прыйшоў у рэдакцыю, і па ваяўнічым адбітку на твары я зразумеў: настроены чалавек рашуча.

–Ну, што рашылі? –спытаўся.

–Не, папараўляць не будзем. Гэта наша пазіцыя.

–Я не магу такое даць у друк…

І тут нечакана над маёй галавой (я сядзеў за сталом, а ён стаяў) чалавек ускінуў моташлем і шмякнуў мне ім па галаве. Я ўскочыў, абураны і разгневаны…

Не так даўно я сустрэў П.А.Сарапеню на вуліцы. У яго быў нездаровы твар, пабляклыя (некалі гарэлі агнём барацьбы!) вочы.

–Парабачце, – першае, што сказаў ён мне пры сустрэчы. –Ведаеце, гарачы быў… А сёння… У мяне дрэнная хвароба… Вось змагаюся за жыццё…

Дрэннай хваробай многія называлі тады анкалогію. Мусіць, не звыкліся яшчэ з такім страшным па тым часе словам.

Вось такая гісторыя, якая сведчыць пра атмасферу, у якой жыў тады і працаваў журналіст.

А зараз пра шлюбаразводны працэс. Вядома, гаворка ішла не пра сямейныя справы – пра школьныя. У гарадской школе супраць дырэктара ўзняўся калектыў настаўнікаў. Наспяваў буйны скандал, які маглі пагасіць на пачатковай стадыі, калі б у час зрабілі аргвывады аддзел адукацыі і намеснік старшыні райвыканкама, якая курыравала школы.

Супрацьстаянне набірала абароты, падключаў дырэктар і “цяжкую артылерыю” – запрасіў у школу інспектараў з вобласці з праверкай якасці работы пратэстоўцаў. Але і яны яму не паамаглі.

Збіралі сход, на які настаўнікі запрасілі і рэдакцыю. Пайшоў рэдактар радыёвяшчання Андрэй Буры. Пазней ён расказваў, што дырэктар папрасіў журналіста выдаліцца, галасавалі, большасцю галасоў яго пакінулі ў актавай зале школы.

Не стану пераказваць сутнасць канфлікта, адно скажу: дырэктар, маючы неўтаймаваныя амбіцыі, паставіў сябе вышэй за інтарэсы калектыву і…паплаціўся за гэта.

Андрэй напісаў крытычны артыкул, які назваў “Шлюбаразводны працэс” –словы, узятыя з выступалення на сходзе адной настаўніцы. Я без вагання, неадкладна паставіў яго ў нумар. І тут пасыпаліся званкі ад уплывовых людзей з просьбамі  не даваць публікацыю, замяць, не прыдаваць гісторыі  публічнасці …

Я не здаўся.

Андрэй Буры прыйшоў да нас у рэдакцыю пасля таго, як не знайшоў паразуменне з дырэктарам саўгаса імя Кароткіна (ён гады два, мусіць, быў за фермера, выпасаў, жыўшы ў вёсцы, ладны гурт маладняку буйной рагатай жывёлы, восенню здаваў яго высокімі кандыцыямі і меў высокія заробкі). Заробкі добра-такі ўрэзалі, палічылі ледзь не міністэрскімі. Вось так паставілі крыж на так званым гаспадарчым разліку, які тады ўкараняўся.

На сталую працу А.Бурага прымаў У.Батакоў. Трэба сказаць, з Андрэем было працаваць цікава, голас у яго быў дыктарскі, прыгожы, праўда, ён не так добра, як хацелася б, ведаў беларускую мову, але важна, што ён стараўся ведаць лепш. Закончыўшы інстытут замежных моў (зараз МДЛУ) па спецыяльнасці “французская мова”, ён добра ведаў і англійскую. І тут радыёжурналістыка.

Аднак жа праз нейкі час пайшоў на “вольны хлеб”…

З маіх дзёнікавых запісаў:

“5.11.1998. Прыехаў з Мінска А. М. Буры (ён некалі працаваў рэдактарам радыёвяшчання, звольніўся). Там зарплаты ў 2-3 разы большыя, чым у нас. Гэта я ведаў і сам, але ўспыліў, баронячы сваё, правінцыяльнае. А. Буры вучыцца ад цэнтра занятасці ў нейкай нямецкай фірме за чырвонадрэўшчыка, збіраецца адкрываць сваю справу. Па начах працуе недзе ад Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта, зарабляе 7 мільёнаў (у мяне, рэдактара, ледзь набягае 5 мільёнаў). Хочацца ў Мінск, малады ж яшчэ, усяго 44 гады, але кім я там буду са сваім Віцебскім педам?..

   Атрымаў зарплату за кастрычнік – купілі старэйшай, Вользе, жаночыя боцікі. Рэшту пакінулі ёй на студэнцкія харчы. Усё. Чакаем зарплату жонкі – яна павінна быць сёння. Выжыльваецца яна, небарака, бярэ ўсе падпрацоўкі (замены ўрокаў), мае 5,5 мільёна.

  Нейкі вэрхал з цукрам, з цэнамі на алей, масла, рыбу. Масла 300-400 тыс. за кіло, рыба – 250-300, беларускі рубель ліхаманіць. Даляр роўны 170-180 тысяч. Значыць, мая зарплата 30 “баксаў”. Усё. Прыехалі! Як нехта сказаў з горыччу: “Атрымаў на 10 кг каўбасы”.

  Бульбу прывезлі ад цешчы, уся гародніна свая. Перазімуем, пераб’ёмся. Было б толькі цёпла ў кватэры. Хаця адчуваеш сябе кінутым на горкую долю…

  6.11. 1998. З раніцы – у гумовікі: трэба збіраць матэрыялы для святочнага нумара (чакаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі). Паехалі са А.М. Скробавым (загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі рэдакцыі. –аўт.). Ён, мусіць, наўмысна застаўся ў калгасе імя Суворава, каб адтуль паехаць прама на Віцебск, дзе і жыве…

   Праблем па самую макаўку. “Радыстка” Святлана Якаўлева не можа выйсці да слухача, не можа запісаць выступленне Г. Кашпара, старшыні райсавета, бо селі батарэйкі. Просіць грошай у бухгалтара рэдакцыі, у той грошай няма. Няма грошай і на мае камандзіровачныя. Звонім у райвыканкам. Там разводзяць рукамі…”.

  Нельга не ўспомніць пра шахматныя турніры на прызы газеты “Герой працы”. Яны бяруць пачатак  з таго часу, калі рэдагаваў газету А.П.Бруцкі. Весці турніры даручылі мне, бо кеміў у шахматах. Вёў іх з канца 80-х да самага выхаду на адпачынак. Не заўсёды хапала ў нас грошай, прызоў, каб заахвоціць пераможцаў (даводзілася нават дарыць рэпрадукцыі карцін – з запаснікаў рэдакцыі), паспрабавалі дарыць падпіску на газету, хаця затым узніклі пэўныя праблемы. Ля вытокаў турніру стялі А.Драгун, м,Кузьмін, пазней прыйшлі М.Радайкін,У.Грыбаў, У.Любімаў, здольным і заўзятым арганізатара  турніраў выступіў У.Вярлоў.Шкада, што не знаходзіў падтрымку ў раённых уладаў, з’ехаў ва Ушачы, дзе ўзяўся весці гурток стральбы з пісталета сярод вучнёўскай моладзі…

Рэдактар М.Мароз з В.Улюценкам вяртаюцца з Пяценкі. 

 7.Шырокі крок рэнесансу

Культура і наогул адраджэнцкія матывы цікавілі нас, газетчыкаў, не менш, чым пытанні сяўбы ды племянной работы ў жывёлагадоўлі. Нашы настроі і перакананні пераўвасабляліся ў газетныя публікацыі, якія мелі шырокі рэзананс. Урач, даўні сябар рэдакцыі В.В.Улюценка  загарэўся на адраджэнне Пяценкі – мясціны на радзіме продкаў, побліз былой зараз вёскі Казаногава, што па дарозе на Слабаду Сіроцінскага сельсавета.

Намаганнямі актывістаў і энтузіястаў, якія горача падтрымалі Віктара Васільевіча, сярод лазоўя паставілі гожую каплічку, прывялі ў парадак крынічку, якая бруілася і давала вандроўнікам гаючы напой у спякотны дзень. Сюды пацягнуліся людзі, сюды настаўнікі не раз прыводзілі вучняў, каб тыя не забывалі сваю гісторыю.

Багатая гісторыя Шуміліншчыны знайшла сваё адлюстраванне ў кнізе “Памяць. Шумілінскі раён”, выдадзенай у 1985 годзе. У камісію па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі былі ўключаны А.П.Бруцкі, на той час  рэдактар газеты, Э.М.Дамарацкі, былы рэдактар, У.А.Нарушэвіч – супрацоўнік газеты “Герой працы”. Нельга скідваць з рахункаў важкую работу па стварэнні “Памяці” грамадскіх карэспандэнтаў газеты Ф.А. Анапрыенкі і В.В.Улюценкі, якія  ўзбагацілі выданне яркімі матэрыяламі з даваеннага, ваеннага і пасляваеннага часу.

Пазней, ужо ў 2009 годзе, трапілася мне рэдагаваць вучэбны дапаможнік “Шуміліназнаўства”, які пабачыў свет, прыйшоў да вучняў у 2010 годзе. Пісаў уводзіны, разам з настаўнікамі, краязнаўцамі пералапацілі горы літаратуры, тыя неслі да мяне ў кабінет стосы рукапісаў, якія давялося перапрацоўваць, даваць ім, калі хочаце, божы выгляд. Ну і перакладаў артыкулы на беларускую мову.

Але гэта было пазней, а ў 90-х стварылі пры газеце літаратурнае аб’яднанне “Крыніцы”. На яго пасяджэнні запрашалі мясцовых паэтаў і празаікаў, публіцыстаў, людзей, неабыякавых да мастацкага слова.  Прыходзілі і прымалі ўдзел у рабоце “Крыніц” наша зямлячка Аксана Холад, якая выдала ўсяго адну кніжку паэзіі “Незнаёмая споведзь”. Гэта было ў 2009 годзе. У заключным слове крытык  Генадзь Барысаў назваў Аксану “самотным анёлам паэзіі”. Яна сапраўды была самотніца, са сваімі нялёгкімі думкамі і рана пакінула  зямное жыццё, засталася ў мяне  яе кніжачка ў гнуткай вокладцы з 50 вершамі…

На пасяджэнне прыходзілі моваведы, чынны ўдзел у рабоце аб’яднання прымала паэт Наталля Аляшкевіч, для літаратурнай старонкі ў газеце дасылалі вершы Іван Лазука, добрымі прачулымі вершамі песціў рэдакцыю наш вядомы зямляк Алег Салтук, прыносіў творы Дзмітрый Самойленка. Дзмітрый Піліпавіч пакінуў мне на памяць кніжку вершаў “Грыцаволя незабыўная”, у якой шмат ад споведзі чалавека, які перажыў вайну, наглытаўся радыяцыі  на роднай Брагіншчыне, перш чым пераехаць у Барысаў (у Шуміліне ён бываў часта: тут жыла яго любімая жанчына, ягоная Муза). Пяць кніжачак з вершамі даслаў на ўдзячную памяць Іван Салаўёў – родам з Шуміліна, хаця ўсё жыццё пражыў у Баранавічах. Вершы, праўда, слабыя (ёсць і знаходкі!), і зборнічкі выпушчаны  Слонімскай раённай  друкарняй. Няхай так, затое чалавек помніць свае карані і Шуміліну прысвяціў не адзін верш.

І зноў пра кніжку, на гэты раз успамінаў. І самы чынны ўдзел у яе падрыхтоўцы ў друк  узяў Уладзімір Нарушэвіч. Ён знайшоў вядомага ў раёне партызана Мікалая Мацвеенку і даў у газету цыкл матэрыялаў. Гэты цыкл доўжыўся на працягу, калі не памыляюся, двух ці трох гадоў. Уладзімір Антонавіч памёр у 1998-ым, у канцы года, а кніжка выйшла ў 2006. Сын начальніка штаба партызанскай брыгады М.Ф.Мацвеенкі (імя не помню, і ён памёр ужо) папрасіў мяне напісаць як пісьменніка ўступнае слова да кніжкі, якая і назву мела такую ж, як і называў свае газетныя артыкулы У.А. Нарушэвіч, –“Моцныя духам”.  Не ведаю, чаму, але ўкладальнік палічыў за лепшае пакінуць рэдактарам У.А.Нарушэвіча (мусіць, давяраў публікацыям),хаця па сутнасці Уладзіміра Антонавіча ўжо не было ў жывых.

Супрацоўнікі газеты на бульбяным палетку.

 8.Слова павінна несці магічную сілу

Падбіраліся нулявыя гады. Усе варажылі на кафейнай гушчы: што будзе – усё-такі заканчваецца тысячагоддзе. Можа, вернецца сярэднявечча, калі для чалавека выдумалі такія пакуты, да якіх не мог дамазгаваць ні адзін езуіт. Або сарвецца з арбіты Зямля…

Гаварылі ўсякае.  А  пераваліла за “нуль”, устала сонца, як і звычайна, і першы дзень студзеня трэцяга тысячагоддзя не прынёс ніякіх ні сюрпрызаў, ні катаклізмаў. І на другі, і на трэці, і на дваццацты дзень стаяла на пагодзе – марозік і сонца, якое зіхцела, смяялася ў снягах, на дахах дамоў.

У раён прыйшоў новы старшыня райвыканкама В.А.Падляшчук. Былы не надта песціў нас увагай, скажу больш – не надта зважаў на нашы праблемы (машына дыхала на ладан, зарплата куртатая, не заўсёды дазвалялі сабе ганарары, не прыйшоў ні разу ў рэдакцыю, не пацікавіўся –як жывём, чаго не стае), а гэта наладзіў у рэдакцыі імправізаваныя прэс-дыялогі (калі так можна назваць). Прыходзіў, выслухоўваў кожнага, занатоўваў просьбы і многія выконваў. Я  зайздросціў рэдактару Аліне Пятровай: пра такую увагу ў 90-х я толькі марыў.

Прыйшлі ў раён, як і па ўсёй Беларусі, аграгарадкі. Для ўсіх гэта было новым, нязведаным раней. І слова выбралі трапнае –нешта кшталту мястэчкі гарадскога тыпу. Спачатку ўсё ішло як па масле: у новыя дамы засяляліся калгаснікі, давалі новае жыццё дамам культуры, памяшканням бальніц і ФАПаў. Але з часам зразумелі: не надта забурліла жыццё ў вёсцы, не скранулася яно да лепшага так, як разлічвалі. Буцвелі, “кланяліся” зямлі агароджы (куды дзяваўся іх зухаваты выгляд?!), трэскаліся сцены там, дзе не павінны былі трэскацца. Грошай, каб аднавіць ды паправіць, не было. Ды і псіхалогія чалавека была такая: калгаснае – не маё, і не шанавалі. Цягнулі, не бераглі тое, куды ўкладвала дзяржава вялікія капіталы.

Пра гэта газета пісала, хаця на фельетоны ніхто не замахнуўся. Чаму? Адно, калі ў раён прыязджае ўласны карэспандэнт абласной ці рэспубліканскай газеты і дае крытычны  артыкул, і зусім іншае, калі гэта робіць раённы газетчык, крытыкуе свайго земляка, а пасля з ім трэба здароўкацца на вуліцы, на розных семінарах, нарадах. Не ва ўсіх хапала мужнасці на крытыку, даводзілася нават апраўдвацца…

У рэдакцыі выпаковых людзей амаль не было. Амаль, бо помню, як прыйшоў, закончыўшы журфак БДУ, прыемны з твару хлапчына, усмешлівы, а ўзяўся пісаць артыкулы – то хоць стой, хоць падай.

Гэта было выключэннем, а так кожны з газетчыкаў на нешта быў здатны. Адзін пісаў вершы, і неблагія, другі гарэў у публіцыстыцы, у трэцяга з-пад пяра выходзілі хвацкія нататкі, іншы, як Э.М.Дамарацкі, умеў рэдагаваць, правіць напісанае так, што радок адразу ззяў, як начышчаны чайнік. Пра чайнік, вядома, вобраз, але ж як казаў Чэхаў,сцісласць – сястра таленту. Праўда, чалавек вялікіх амбіцый, Эдуард Мікалаевіч умеў паказаць сваё, не ўбачыўшы добрага ў іншых. Помніце ж чырвоны аловак. Памятаю ўдалыя публікацыі Аліны Пятровай, і найперш – разважанне пра сваю маленькую радзіму, вёску Новае Барсучына. Напісаны нататкі прачула, уразліва.

Прыйшла новая генерацыя, плеяда журналістаў. Якія яны? Розныя. Імпануе стыль Наталлі Чарнічэнкі.Піша  шмат, яна, як кажуць, пладавітая, ды іншым разам гэтая пладавітасць усё ж на шкоду творчасці, бо хапае паспешлівых разважанняў, драбнатэм’я. Думаю, гэтая “хвароба” міне з часам, калі набярэцца журналістка жыццёвай мудрасці.

Мікола Воранаў прыйшоў у рэдакцыю яшчэ пры Дамарацкім, спрабаваў сябе ў мастацкай прозе. Спрабуе сябе на гэтай ніве і ваш пакорны слуга. У 1992 годзе газета на працягу дванаццаці, здаецца, нумароў, змясціла маю аповесць “Даруй мне, любы чалавек!..”. Першым прачытаў рукапіс Л.М.Гусакоў – дырэктар вучэбнага камбіната райсельгасхарчу. Ён любіў чытаць, я давяраў яму і як сябру, і як рэцэнзенту. Леанід Максімавіч прынёс рукапіс праз два дні, сказаў адно:”Добра напісана”. Я ўсё жыццё буду ўдзячны яму за гэтыя словы (на жаль, Л.М.Гусакова няма ў жывых). Аповесць тады знайшла шырокі водгук у чытача: званілі, сустракалі на вуліцы, прасілі сказаць, чым закончыцца сюжэт. Я таямніча ўсміхаўся, казаў:”Майце цярпенне”. Словам, многія чакалі наступны нумар газеты, каб ведаць фінал. Пра гэта не так даўно прызналася І.В.Пруднікава з Крывога Сяла:”Мы жылі чаканнем…Зараз такога няма, не змяшчаюць каб з працягам, каб чакалі”.

Ужо будучы рэдактарам папесціў чытача яшчэ адной аповесцю “У завірусе надзей і трывог”. Твор прысвяціў настаўнікам  школы, якой аддаў шэсць гадоў да таго, як прыйсці на сталую працу ў рэдакцыю газеты.

Хацелася пару слоў сказаць наогул аб празе чытання, якой жылі мы напрыканцы 80-х. Вельмі начытаным быў Уладзімір Батакоў, ён чытаў запоем, прыносіў у рэдакцыю часопісы з новымі імёнамі, і мы глыталі раманы, як пончыкі. Памятаю “Доктара Жывагу”, “Белую гвардыю” Пастарнака, раманы А. Бека, У.Прыстаўкіна, А.Рыбакова… Думалася, сваю прагу чытання, эйфарыю на кніжным рынку мы захаваем,  перададзім новым пакаленням…

У 2005 годзе не стала сярод нас В.М.Палісадзіна. Чалавека, па-сапраўднаму, фанатычна, калі хочаце, улюбёнага ў справу, якой аддаў нямала здароўя і часу.

Памятаю 2013  год – час, калі ў Шуміліна заехалі на семінар рэдактары газет вобласці. Госці з цікавасцю аглядалі нашы апартаменты, спрабавалі разгаварыць газетчыкаў, дапытацца, як ды што, а пасля паехалі ў музей Обальскага падполля ў Обаль. Пасля экскурсіі далі слова і аўтару радкоў як аўтару кнігі “Папялішча – не тлен”, я адказваў на пытанні (а іх было шмат), і калі селі вячэраць, рэдактар дубровенскай газеты, былы наш работнік У.У.Шаўчэнка ўсё казаў смехам:”Ну, мы з табой зараз, Мікола, класікі”. Я ведаў, што Уладзімір таксама выдаваў свае кніжкі, вось ён і захацеў падлесціць мне, а заадно пахваліцца сваім.

Я не дакараю яго, хаця стараюся не падкрэсліваць свае набыткі. Ніколі ні перад  кім не казыраў, што ў  1999 годзе атрымаў дыплом 1 ступені (за эсэ “Сваю любоў я патлумачу прозай…”), ездзіў у Мінск, у Саюз журналістаў. Нам далі на рукі, здаецца, рублёў па 20, і з тых па пяцёрцы забралі на сталававнне. Намінавалі на прэмію У.Караткевіча (за раман “Папялішча –не тлен”), а тут умяшаўся сталічны мэтр, які лічыў сябе вялікім знаўцам гісторыі Обальскіх маладагвардзейцаў, і прэмію аддалі іншаму. Так было з вылучэннем маёй сціплай персоны на раённую Дошку гонару, а пасля на званне чалавека Віцебшчыны ці Шуміліншчыны (не помню), і праляцела гэтая сціплая персона, як фанера над Парыжам. Відаць, так напісана ў мяне, на раду: жыву з мазаля, але без фартуны, удачы.

Пішу і згадваю гэта не для таго, каб паскардзіцца на лёс. Не, чалавек я шчаслівы, і сапраўднае шчасце мне прынесла работа ў рэдакцыі газеты “Герой працы”.  Я заўсёды помніў, якую магічную сілу мела газетнае слова і стараўся ісці дарогай праўды. Не заўсёды мне гэта ўдавалася. Недзе падводзіла звычайная чалавечая баязлівасць, недзе не хапіла прынцыповасці. Але і сёння  захавала сэрца словы вядомай у свой час настаўніцы, якая патэлефанавала мне ў рабочы кабінет і сказала:”Вы пішыце так, як ніхто не пісаў да вас.Паверце мне на слова… Колькі ні выпісваю раёнку…А выпісваю яе з канца 60-х. Дзякуй Вам за ўсё!”. За што яна дзякавала мне, я не разумеў, я адчуваў, што вылятаю з кабінета, як Марго ў Булгакава, узлятаю высока ў неба і лунаю… Такія прызнанні вартыя самага дарагога, самага запаветнага ў жыцці любога журналіста! І калі ж за тыя трыццаць два гады, якія аддаў газеце, некаму насаліў, некага марна дапёк, паступіў несправядліва – не карайце строга: той не памыляецца, хто не працуе.

У заключэнні зычу сваёй роднай газеце, як дзіцяці свайму, шчаслівай і светлай долі, божае ласкі і гожых публікацый!

Мікалай МАРОЗ, в.Баёўка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *