21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы

Новости Общество

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

З 2000 года па рашэнні Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Дата абрана ў сувязі з трагедыяй, якая адбылася ў 1952 годзе, калі загінулі пяцёра студэнтаў‑дэманстрантаў, што выйшлі змагацца за наданне мове бенгалі статусу дзяржаўнай.

На дадзены момант у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў. Вучоныя папярэджваюць, што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі амаль 40% з іх могуць поўнасцю знікнуць. У Еўропе ў бліжэйшы час могуць знікнуць амаль 50 моў. А гэта з’яўляецца вялікай стратай для ўсяго чалавецтва.

Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіхіра Мацуура падкрэслівае: «Родная мова бясцэнная для кожнага з нас. На роднай мове мы гаворым першыя фразы, больш дакладна выказваем свае думкі. Гэта тая аснова, на якой усе людзі будуюць сваю асобу з імгнення першага ўдыху, і яна тое, што арыентуе нас на працягу ўсяго жыцця. Яна з’яўляецца спосабам, з дапамогай якога можна навучыць паважаць сябе, сваю гісторыю, сваю культуру, і галоўнае, іншых людзей з усімі іх асаблівасцямі».

Каб мова не знікла, на ёй павінны размаўляць хаця б 100 тысяч чалавек. Заўжды так было, што мовы ўзнікалі, існавалі і паміралі, часам бясследна. Але ніколі раней яны не знікалі так імкліва. З развіццём навукова‑тэхнічнага прагрэсу, нацыянальным меншасцям цяжэй дабіцца прызнання іх моў. Мовы, якой няма ў інтэрнэце, больш не існуе для сучаснага свету. А ў сусветнай павуціне 81% старонак публікуюцца на англійскай мове. Мова памірае, калі наступнае пакаленне перастае разумець значэнне слоў. Калі людзі размаўляюць толькі на адной мове, то частка іх мозга развіваецца менш. У нашай краіне дзве мовы з’яўляюцца роднымі для большасці людзей. І гэта тое багацце, якое трэба захоўваць, падтрымліваць і развіваць.

Міжнародны дзень роднай мовы – гэта яшчэ адна нагода кожнаму беларусу задумацца аб лёсе нашай мовы, аб тым багацці, якім мы валодаем ужо толькі таму, што нарадзіліся і жывём на Беларусі. Адзiн дзень – гэта, канешне, нiшто, але ж трэба з нечага пачынаць!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *