Секреты успеха лежнёвских животноводов

Сельское хозяйство

Сакрэты поспеху ляжнёўскіх даярак

Сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна па развіцці жывёлагадоўчай галіны начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Уладзімір Пушноў выдзяляе ААТ «Ляжні». Гэту гаспадарку і парэкамендаваў наведаць карэспандэнтам раённай газеты.

На ферме Ляжні-3 сустракаемся з са старшай даяркай Аленай Клімовіч (на здымку). За надзейнасць, адказнасць і працавітасць яна атрымала такую пасаду. «Прыглядваю за парадкам на ферме, а так працую, як усе, – кажа Алена. – У кожнага аператара машыннага даення свая група кароў. Так працаваць выгадней, чым у агульны кацёл, бо кож-ны зацікаўлены ў выніках сваёй працы. У маёй групе зараз 57 кароў, даглядаю 16 цялятак: выпойваю малаком, раздаю камбікорм, падсцілаю апілкамі. У нас няма асобнай цялятніцы, маладняк ад сваёй групы даглядаем самі, за што прадугледжана дадатковая аплата».

Дарэчы, цяляты ад нараджэння і да месяца знаходзяцца ў прафілакторыях ля фермы. Да нядаўняга часу ён быў адзін, разлічаны на 28 месцаў. Але падчас масавых ацёлаў было цеснавата, таму месяц таму гаспадарка за свае грошы пабудавала побач другі прафілакторый для 29 цялят. Тут чыста, прасторна, светла.

У чэрвені гаспадарка чакае прыбаўленне ў выглядзе 69 цялят, у маі іх было 75, усе жывыя і здаровыя, расказала галоўны заатэхнік ААТ «Ляжні» Наталля Васілеўская. У сельгаспрадпрыемстве вопытны галоўны ветурач Аляксандр Прохараў, які своечасова праводзіць вакцынацыю жывёлы і іншыя прафілактычныя мерапрыемствы. Немалаважна, што калектыў даярак таксама надзейны: кожная з іх даглядае як кароў, так і маладняк.

Зараз жывёла на пашы. Пастухі адбіваюць больш загонаў, чым звычайна, бо з-за спёкі трава не вельмі. Своечасова падвозіцца на поле соль і вада. Гэта ўсё ў комплексе, несумненна, аказвае ўплыў і на надоі. «Гаспадарка доіць 14,4 літра малака на карову, – падлічыла Наталля Васілеўская. – На ферме Ляжні-3 надоі складаюць 15,3 літра. У чым сакрэт? Мы ўшчыльную працуем над узнаўленнем статка. На сённяшні дзень усе 584 каровы – гэта матачнае пагалоўе. І ім ёсць замена: забяспечанасць цёлкамі па гаспадарцы складае 134%».

Гаспадарка перыядычна выбракоўвае малапрадукцыйную жывёлу, замяняе яе на першацёлак, які даюць багата малака. І гэта не раскоша, а падыход сапраўднага гаспадара, які ўмее лічыць свае грошы і не будзе трымаць кароў з казінымі надоямі. На думку спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, такому падыходу да жывёлагадоўчай галіны трэба вучыцца ўсім гаспадаркам раёна і пераймаць вопыт ААТ «Ляжні».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *