Шумилинский район в XIX веке

Край шумілінскі

Шумилинский вокзал

Шумілінскі раён у XIX стагоддзі
Транспарт. Сувязь
Да будаўніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі ў 1866 годзе галоўнымі шляхамі зносін на тэрыторыі раёна былі сухапутныя дарогі, якія складаліся ў даволі развітую дарожную сетку.  Буйнейшым шляхам быў Полацкі (Рыжскі) паштовы тракт, які вёў з Віцебска праз Старое Сяло, Полцева, Новае Сяло, Камачына, Шашы, Гараны на Полацк. На гэтым шляху існавала конная пошта, дзейнічалі дзве паштовыя станцыі – у Курылаўшчыне і Дубовіках (цяпер в. Слабада Мікалаёўскага сельсавета)  на 30 коней кожная. На паштовых станцыях падарожнікі маглі памяняць коней,  адпачыць, спыніцца на начлег.  Пасля будаўніцтва чыгункі пошта засталася толькі ў Курылаўшчыне.
Ад Курылаўшчыны вяла дарога на Бешанковічы і Лепель. У Бешанковічах праз Дзвіну дзейнічала паромная пераправа.
Яшчэ адна дарога з Віцебска ў Полацк вяла праз Сіроціна, Спаскае, Зуі (цяпер у складзе г. п. Обаль). Ад Сіроціна вялі дарогі на Гарадок, Бешанковічы і Невель.
Дарога Бешанковічы-Невель ішла па паштовай дарозе да в. Падзвінне (каля Крывога Сяла), далей зварочвала на Барсучыну (каля Амбросавіч), праз Башні, Сіроціна, Мішневічы, Панамары на Невель.  У Панамары падыходзіў і шлях з Полацка (праз Казьяны, Роўнае).
Існавала развітая сетка мясцовых прасёлачных дарог. У зімовы час дзейнічалі зімнікі – часовыя дарогі праз азёры, балоты, па рэках, якія значна скарачалі некаторыя маршруты.
Актыўна выкарыстоўваліся ў перавозцы грузаў водныя шляхі: рака Заходняя Дзвіна, а таксама рака Ула, якая Бярэзінскім каналам злучалася з Бярэзінай і Дняпром.
Будаўніцтва чыгункі Полацк-Віцебск  змяніла транспартную сітуацыю. Пры чыгуначных станцыях адкрываліся пошты (ў Лоўшы, Обалі, Шуміліне), з’явіўся тэлеграф. Прыём і выдача карэспандэнцыі праводзілася ў валасных праўленнях Казьянскай і Мішневіцкай валасцей.
Дарэчы, праз станцыю Сіроціна штодзень праходзілі тры цягнікі ў напрамку Рыга-Арол: два пасажырскія і адзін паштова-пасажырскі, і столькі ж у напрамку Арол-Рыга.
Землеўладанне
Да сялянскай рэформы 1861 года зямлёй валодалі толькі асобы дваранскага паходжання ды дзяржава. Іншыя саслоўі маглі толькі арандаваць памешчыцкія маёнткі ці набываць іх ускоснымі спосабамі. Нават сяляне лічыліся ўсяго толькі карыстальнікамі памешчыцкай зямлі. З адменай прыгону землі былі падзелены паміж памешчыкамі і сялянамі. Але сялянскае землеўладанне захавалася ў форме абшчыннага, калі ўласнікамі зямлі былі не асобныя сяляне, а так званая сельская грамада. Менавіта на грамаду разносіліся падаткі і павіннасці, грамада дзяліла зямлю і, адпаведна, падаткі паміж сялянамі – членамі грамады.
Так, у Віцебскай губерні (па даных на 1878 год) было 3372 землеўладальнікі (акрамя сялянскіх абшчын), якім належала 1 975 560 дзесяцін зямлі (у сярэднім – 585 дзес.), з іх толькі 587 – асобныя сяляне, якія валодалі 32 723 дзесяцінамі (у сярэднім – 55 дзес.).
Пануючае становішча мела буйное землеўладанне, што пацвярджаюць наступныя лічбы размеркавання зямель:
плошча ўладання  1-20 дзес.  – 771 уласнік  валодаў 9 289 дзесяцінамі;
20-100 дзес. – 1121 уласнік —  55 200 дзес.;
100-250 дзес. – 463 уласнікі —  74 485 дзес.;
250-500 дзес. – 313 уласнікаў – 113 401 дзес.;
500-1000 дзес. – 286 уласнікаў – 204 533 дзес.;
1000-5000 дзес. – 358 уласнікаў – 745 098 дзес.;
больш за 5000 дзес. – 60 уласнікаў —  773 554 дзес.
1,8% землеўладальнікаў-магнатаў валодалі 39% зямельнага фонду, а 20,8% буйных памешчыкаў (плошча маёнткаў больш за 500 дзесяцін) распараджаліся 87% зямель.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
(Працяг будзе.)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *