В Шумилинском районе прошло комплексное обследование культовых учреждений

Духоўнае Общество

Жывем і верым, будуем храмы
На мінулым тыдні прайшло комплекснае абследаванне ўсіх культавых устаноў, зарэгістраваных у нашым раёне. Спецыяльная камісія, у якую ўваходзілі прадстаўнікі санітарнай, землеўпарадкавальнай, прыродаахоўнай службаў, работнікі МНС, БТІ, наведала ўсе 16 культавых збудаванняў. Каардынаваў работу намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.

Свято-Успенская церковь (XIX век) в Победе

Камісію цікавіў тэхнічны стан храмаў, тэрыторыі вакол, наяўнасць адпаведных дакументаў на зямлю і збудаванні. Адзначым, што такая работа па распараджэнні губернатара А. М. Косінца вядзецца па ўсёй вобласці. І звязана гэта ў першую чаргу з тым, што, як правіла, шмат дзе службы вядуцца ў прыстасаваных памяшканнях, не адведзеных спецыяльна для такіх мэтаў, ва ўладальнікаў адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць права на валоданне зямлёй і будынкамі, існуюць некаторыя іншыя праблемы.  Відавочна, дадзенае абследаванне вядзецца з мэтай упарадкаваць усе гэтыя некалі дапушчаныя хібы.
Прадстаўнікі службаў  займаліся праверкай кожны па сваім накірунку, нам жа прадставілася выдатная магчымасць пабываць ва ўсіх шумілінскіх храмах і капліцах адразу, недзе, нават, патрапіць на службу.
Праваслаўныя. “З Божай дапамогай будзем пад купаламі”
Большасць з нас – праваслаўныя. Таму жаданне мець сваю царкву – сапраўдную, з купаламі і званамі, велічную і прыгожую – натуральнае. Прайшлі тыя часы, калі людзі нават пешшу гатовыя былі пераадольваць па некалькі кіламетраў для таго, каб трапіць на службу. Сёння ўсім хочацца, каб храм быў пад бокам. Ды і горад без царквы – бедны нейкі, зусім не ўрачысты. Будаўніцтва храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, што нядаўна пачалося, пазбавіць Шуміліна ад гэтай праблемы. А ў будынку па Сіпко, дзе зараз  здзяйсняюцца службы і абрады, будзе размяшчацца нядзельная школа для дзяцей, расказаў дыякан Вадзім.
Адкрытым застаецца пытанне з некалі перададзеным епархіі шыкоўным будынкам у мікрараёне СШ №2.  Там будуецца жыллё, ствараецца інфраструктура, не перашкодзіў бы і храм. Але гэтае збудаванне ўяўляе сабой сёння хутчэй небяспеку, чым каштоўнасць. І цяжка нават уявіць, колькі сродкаў неабходна, каб яго рэанімаваць. “Царква жыве на ахвяраванні, а іх дужа мала”, — канстатуе дыякан Вадзім.
Самы “жывы” праваслаўны храм – у Лескавічах. Людзі ахвотна збіраюцца там з нагоды вялікіх рэлігійных святаў, на службы, праводзяць хрэсьбіны і вянчанні.  Апроч гэтага, Свята-Сергіеўскі храм мае культурна-гістарычную каштоўнасць. Ён разам са Свята-Успенкай царквой у вёсцы Пабеда ўнесены ў пералік помнікаў культурна-гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. А гэта значыць, што можна разлічваць на падтрымку дзяржавы ў іх аднаўленні і падтрыманні ў добрым стане.
Храм у Пабедзе закінуты, лядашчы, здаецца, зусім забыты людзьмі. Трава ў пояс, схіленая да зямлі агароджа, абадраныя сцены… Толькі могілкі побач, дагледжаныя нечай клапатлівай рукой, гавораць пра тое,  што святое месца ўсё ж час ад часу наведваецца. Гэта дужа сумная карціна, безнадзейная нейкая. Вельмі хочацца спадзявацца, што храм, які вытрымаў і нявер’е, і страшную вайну, удасца выратаваць, пакінуць у спадчыну нашчадкам.
А вось у Обалі ўсё больш аптымістычна.  Храм Прападобнага Ануфрыя Вялікага сёння месціцца ў прыстасаваным памяшканні – былым сельвыканкаме. Але такая сітуацыя хутка выправіцца: сіламі вернікаў у цэнтры мястэчка будуецца новая царква, прыгожая, велічная. Айцец Уладзімір, настаяцель Обальскага прыходу, мяркуе да канца года “быць пад купаламі”: завяршыць будаўніцтва самога храма, пакінуўшы на наступны год аддзелачныя работы. Кажа, з Божай дапамогай усё павінна атрымацца.
Яшчэ адна нявырашаная пакуль праблема – сёр’ёзны недахоп кадраў.

Костёл Богоматери Фатимской

Католікі. І мужчыны ідуць у храм
Касцёл Маці Божай Фацімскай, што ў Шуміліне, прыцягвае ўвагу не толькі мясцовых каталіцкіх вернікаў, пілігрымаў, паломнікаў, але і кожнага, хто праязджае міма нашага горада. Гэта велічнае збудаванне, рэканструкцыя і аздабленне якога ідзе ўжо не першы год, абяцае быць сапраўдным цэнтрам духоўнага жыцця. Каталікі вядуць актыўную дабрачынную і асветніцкую дзейнасць, удзельнічаюць у жыцці раёна наогул. У касцёле заўжды рады гасцям. Менавіта для таго, каб там было як мага прыгажэй, каб на тэрыторыі, што знаходзіцца на ўскрайку сасновага бору было прыемна і спакойна кожнаму, каб было, дзе адпачыць душой, паразважаць,  робіцца ўсё магчымае, расказаў настаяцель прыходу касцёла айцец Анджэй.
Касцёл будуецца згодна з самымі сучаснымі тэхналогіямі. Шмат увагі надаецца эстэтыцы, гармоніі. Як зрэшты, ва ўсіх каталіцкіх храмах і капліцах. Мы пабывалі і ў Обалі, і ў Мішкавічах – усюды прыгожа, урачыста. Каталікі шмат увагі надаюць выхаванню ў моладзі самых лепшых чалавечых якасцяў. І не толькі ў моладзі. Айцец Анджэй з гонарам заўважыў, што на службу ў касцёл усё часцей прыходзяць мужчыны.
Христианская церковь "Рождество Христово" в ОболиПратэстанты.  “Хочам дапамагаць дзецям”
Усе будынкі, якія належаць пратэстантам (Шуміліна, Обаль, Пабеда),  прыгожыя, дбайна дагледжаныя, маюць з густам аформленую тэрыторыю. У Пабедзе функцыянуе царква Выратавання Ісуса Хрыста. Пастар Андрэй разам з жонкай Ганнай самі з Наваполацка, у вёску прыязджаюць часта. Вядуць службы, арганізуюць святы, займаюцца з дзецьмі, ва ўсім ім дапамагаюць.
Яны некалі дамовіліся паміж сабой ахвяраваць на дабрачыннасць 10% свайго заробку. З той пары так і робяць, дзякуюць Богу, што ўсё атрымліваецца. Дзеці не толькі маюць магчымасць праводзіць тут вольны час, паесці, адпачыць. Іх возяць на экскурсіі, ім дапамагаюць вопраткай, абуткам, дапамаглі таксама і з падрыхтоўкай да школы. Радуюцца, што следам за сваімі дзеткамі і некаторыя бацькі ідуць у царкву, бывае, становяцца лепшымі, пазбаўляюцца ад заганаў.
Тэкст і фота Наталлі ЧАРНІЧЭНКІ.
Надрукавана ў №66 ад 21.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *