Обальскі керамічны вяртаецца на будаўнічы рынак
У снежні 2024 года на Обальскім керамічным заводзе завершаны інвестыцыйны праект «Адзін раён – адзін праект» па арганізацыі вытворчасці новых відаў прадукцыі з прымяненнем інавацыйнай тэхналогіі абпалу, і завадчане выйшлі на замкнуты бесперапынны цыкл вытворчасці цэглы.
Работы па праекце «Арганізацыя вытворчасці новых відаў прадукцыі з укараненнем тэхналогіі і абсталявання абпалу з выкарыстаннем цвёрдых відаў паліва» абальчане пачалі ў 2019 годзе.
Канец мінулага года стаў для прадпрыемства вырашальным і, можна сказаць, лёсавызначальным.
Новае сучаснае абсталяванне грэчаскай фірмы «Sabo» было ўстаноўлена і падключана. Але запусціць бесперапынную вытворчасць не так проста. Тым больш, што трэба было запускаць «сэрца» цаглянай вытворчасці – тунэльную печ. «Разагрэў печы – адзін з асноўных этапаў, – расказаў галоўны інжынер ОКЗ Сяргей Кучаравы. – Тыдзень печ проста сохла і прагравалася да 200 градусаў Цэльсія.
Пасля таго, як тэмпература стабілізавалася, пачалі праграваць да 700 градусаў Цэльсія. На гэтым этапе паступова пачалі падаваць у печку неабпаленую прадукцыю, якую мы захавалі спецыяльна для гэтага часу. З кожнай новай падачай аб’ёмы цэглы павялічвалі. Падводзілі працэс да бесперапыннага поўнага цыклу».
Першая цэгла, якая выйшла з поўнага цыклу, парадавала: працэнт няякаснай прадукцыі склаў менш чым адзін працэнт. І гэта вельмі добры паказчык для вытворчасці цэглы. Сяргей Кучаравы падкрэсліў, што запуск печкі і выхад на бесперапынны цыкл прайшлі даволі спакойна, бо дапамог вопыт пусканаладачных работ, які абальчане атрымалі падчас першай мадэрнізацыі завода ў 2016 годзе.
У 20 чыслах снежня Обальскі керамічны завод выйшаў на поўны бесперапынны цыкл вытворчасці цэглы. «Праектная магутнасць дае магчымасць выпускаць 30 мільёнаў штук у год, цяпер нарошчваем вытворчасць, праводзім выпрабаванні выпускаемай прадукцыі, вучым работнікаў прадпрыемства па новых прафесіях, – адзначае Сяргей Кучаравы. – Плануем, што да вясны выйдзем на праектныя магутнасці».
Спецыялісты керамічнага адсочваюць запатрабаванні рынку і імкнуцца працаваць на апераджэнне. Цяпер некаторым пакупнікам не патрэбны паддоны, на якія кладзецца цэгла для транспарціроўкі (зразумела, што пакупнік аплачвае кошт паддона). У бліжэйшы час абальчане будуць фасаваць цэглу (350 штук) у герметычнай поліэтыленавай упакоўцы без паддона.
Обальскую цэглу чакалі на будаўнічым рынку. Так, напрыклад, смаленскія пакупнікі зрабілі нават перадаплату прадукцыі ў пачатку снежня. «Увогуле зімой цэгла не надта запатрабаваная, – дадаў дырэктар прадпрыемства Сяргей Ляўшоў. – Але, нягледзячы на гэта, мы прадалі 714 тысяч штук цэглы на ўнутраны рынак і 499 тысяч штук цэглы ў Расію. На экспарт цэгла пайшла ў Смаленскую, Мурманскую і Архангельскую вобласці, на ўнутраным рынку – па ўсёй Беларусі. Зараз нам важна зрабіць дастатковы запас гатовай прадукцыі, каб вясной, калі будаўнічы рынак ажыве, задаволіць увесь пакупніцкі попыт».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


