60 лет назад фашисты расстреляли жителей деревни Ловжа Шумилинского района

Актуалии

“Тады не было каму іх адпяваць…”
Да вайны нельга прывыкнуць. Яна нясе боль і пакуты, кроў і слёзы, няздзейсненыя мары і  абарванае каханне. Вайна – гэта жахі пажараў і здзекі над чалавекам. Над жанчынамі, над  дзецьмі, над старымі – над тымі, хто не мае зброі, каб даць адпор ворагу-прышэльцу, каб  на кулю адказаць куляй. На іх абарону амаль з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны сталі партызаны.
Партызанскі рух даводзіў да шаленства ворага. Партызаны  даймалі фашыстаў, яны не давалі чужынцам спакою ні днём ні ноччу. Вораг  збіваўся з ног у пошуках лясных мсціўцаў. А тыя, каго не забралі  па першай ці другой мабілізацыі на фронт, ішоў у лес, браў у рукі зброю. Людзі не хацелі мірыцца з ганьбай і здзекамі.    Шмат партызанскіх сем’яў было ў вёсцы Лоўжа (зараз вёска Пабеда Лаўжанскага сельсавета). У тутэйшых лясах  зарадзіўся атрад імя Варашылава брыгады імя Леніна. Партызаны ўчынялі дыверсіі, усяк шкодзілі ворагу. Такое суседства немцам не падабалася, і яны вырашылі расправіцца з тымі сем’ямі, чые сыны і мужы ў партызанскім атрадзе.  Вясковы люд зганяецца ў драўляны будынак Лаўжанскай школы, там ідзе катаванне, там карнікі вядуць лютыя  допыты. Асобна, у мураваным будынку школы, трымаюць тых, каму немец наканаваў расстрэл. Тут і маладыя, і старыя і дзеці.
Стылы  дзень 15 кастрычніка 1942-га. Ля школы  адрывістая нямецкая мова, крыкі, распараджэнні нямецкага афіцэра. На вуліцу выводзяць асуджаных на смерць. Яны ведаюць, што іх чакае, і  патрыётка Фруза Мельнікава, нядаўняя выпускніца школы, падбегла да натоўпу землякоў і крыкнула: “Мы загінем, мы не баімся смерці. А перамога будзе за намі. Верце!” Яе падхапілі фашысты, кінулі да тых, каго вялі цераз дарогу…
Дзесяць крокаў, пяць, два і – вось гучыць пагрозлівае нямецкае: “Фойер!” – “Агонь”. А побач стаіць і ўхмыляецца нямецкі паслугач Дудараў. Уся гэтая карная акцыя – на яго сумленні, ён здрадзіў сваім землякам,  сваёй маленькай радзіме. А ці была ўвогуле яна ў яго, гэтая радзіма?..
15 кастрычніка 2012 года. Навукова-практычную канферэнцыю з нагоды 70-ай гадавіны з дня гераічнай гібелі мірных жыхароў в. Лоўжа адкрывае намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч перадае слова былому выпускніку Лаўжанскай школы, члену прэзідыума рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Веды” В. М. Грузневічу, арганізатару гэтага трагічнага юбілею. Віктар Міхайлавіч прыкметна хвалюецца, у яго сэрцы – боль за сваіх землякоў, якіх расстралялі фашысты.
Ідзе падмацаваны паказам слайдаў расказ В. М. Грузневіча  пра ўсе жахі, якія ўчынялі фашысты на лаўжанскай зямлі. Словы глыбокай пашаны і вечнай памяці заслужылі 18 чалавек, з іх чацвёра дзяцей, якія загінулі ў той памятны дзень 1942-га.
Дзень памятны і для былой настаўніцы З. Ф. Юрчанка, і для М. А. Емяльянавай, і для К. У. Рудзянковай (Галуза), і для іншых відавочцаў трагедыі. Пра гэта расчулена гаварылі  на жалобным мітынгу, які адкрыла старшыня Лаўжанскага сельскага Савета С. П. Кійко. Слова бяруць В. М. Грузневіч, в. а. старшыні праўлення абласной арганізацыі ветэранаў Л. Ф. Мацкевіч, кіраўнік ветэранскай арганізацыі раёна К. Ф. Палоўнікава, З. Ф. Юрчанка, ад імя сваякоў загінуўшых 15 кастрычніка 1942 года (прыехалі на ўрачыстасці нават з Кіева і Мінска) выступіла Л. Ф. Мельнікава.
– Нашы дзеці, унукі і праўнукі бываюць на гэтым трагічным месцы. Тут пахаваны мой дзядуля і мая цётка. Дзякуй, землякі, што помніце і глыбока шануеце іх імёны. Балюча, аднак, што яны былі пахаваны без адпявання, не па-хрысціянску…
“Тады не было каму іх адпяваць, – пачуліся нечыя словы. – Няхай хоць сёння супакояцца іхнія душы”.
Збоч помніка – ганаровая варта, прыехалі на трагічны юбілей воіны-дэсантнікі, прыбыла група духавога аркестра. Усё гэта лішні раз пацвердзіла: армія стаіць і будзе стаяць на варце спакою мірных людзей.
Для памінальнай паніхіды па “невинно убиенным” былі запрошаны айцец Фёдар  і царкоўны хор “Благавест”. Ад прачулых малебнаў і песнапення ў многіх, хто прыйшоў на паніхіду, на вачах слёзы. Добра, што праз 70 гадоў  “супакоіліся душы памерлых”…
Ганаровы ветэран П. І. Кузьмін зачытвае наказ дзецям, унукам і праўнукам свята шанаваць імёны тых, хто не шкадаваў свайго жыцця ў імя сённяшняга дня. Наказ перадаецца дырэктару Лаўжанскай сярэдняй школы-дзіцячы сад Н. В. Мясаедавай.
Вайна не павінна забывацца ні праз 70, ні праз 100 гадоў – ніколі. Бо вайна і жыццё – рэчы несумяшчальныя…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №83 ад 19.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *