«Убоіна – самае прыгожае месца на зямлі»
У такія вёскі, як Убоіна, што на Обальшчыне, хочацца вяртацца зноў і зноў. Размешчаны на пагорку, на беразе Заходняй Дзвіны, гэты населены пункт прыцягвае дачнікаў. Некаторыя з іх застаюцца тут жыць пастаянна.
Убоіна – самае прыгожае месца на зямлі, упэўнены Аляксей і Ніна Фядуры. Яны перасяліліся ў вёску амаль адзінаццаць гадоў таму і шчаслівыя тут. «Убоіна – мая малая радзіма, у гэтай хаце жылі мае бацькі, – з цеплынёй кажа Аляксей Уладзіміравіч. – Раней прыязджалі сюды ў госці, а калі выйшлі з жонкай на пенсію, перасяліліся на пастаяннае месца жыхарства. Нам у вёсцы добра: свежае паветра, цішыня, размераны рытм жыцця. Два разы на тыдзень заязджае паштовая машына, столькі ж – аўталаўка. Нядаўна Бешанковіцкае райспажыўтаварыства закупіла новы аўтамагазін – прыгожы, з вялікімі вітрынамі, бачны ўвесь тавар!».
Каб было ўтульна і зручна жыць, сям’і прыйшлося нямала папрацаваць над рэканструкцыяй бацькоўскага дома: памяняць вокны, прыбудаваць веранду, звонку абабіць сцены, правесці электраацяпленне, устанавіць бойлер. Дровы цяпер купляюць толькі каб лазню прапаліць. За домам пасадзілі серабрыстую вярбу і ядловец, непадалёк ад ганка – кветкі (адных толькі руж налічваецца каля дваццаці гатункаў), фруктовы сад.
«Раней часта ездзілі ў Наваполацк, муж да выхаду на пенсію працаваў вадзіцелем ад нафтаправода “Дружба”, а я – у дзіцячым садзе, – кажа Ніна Пятроўна. – А цяпер і не цягне ў горад. Там нам тлумна і цесна. Убоіна аблюбавалі і мае сваякі: пераехалі сюды брат Яўген з жонкай Таццянай, а таксама сястра Галіна з мужам Паўлам».
Дом Фядураў стаіць на самым беразе Заходняй Дзвіны, за ёй пачынаецца Ушацкі раён. Гаспадар устанавіў збоку ля хаты вялізны камень (знайшлі яго на беразе Дзвіны і нанялі тэхніку, каб прывезці). Камень у вышыню 1,8 метра. «Магчыма, у будучым, усталюем на ім шыльду, што гэта памесце Фядураў, – усміхаецца Аляксей Уладзіміравіч. – Ідэю падкінулі мае сябры і сваякі, якіх летам у нас багата: прыязджаюць з Масквы, Ульянаўска, Чыты, Пяцігорска і нават з Германіі. Яны ўсе пакідаюць запісы ў нашай “Кнізе цёплых пажаданняў і шчаслівых усмешак”. І просяць дазвол прыязджаць яшчэ».
Каб сустракаць гасцей, сем’і дачкі і сына, Фядуры ўсталявалі на беразе ракі вялікі стол, лаўкі, арэлі, мангал. Ёсць драўляная і гумавая лодкі з маторам. У пачатку сакавіка з сябрамі весела адзначылі Масленіцу: з вогнішчам, блінамі, забавамі. У сям’і Фядураў шмат планаў: пасадзіць яшчэ больш кветак, усталяваць у доме санвузел і душ. Каб было не горш, чым у горадзе. А ў тысячу разоў лепш…
Ларыса ЗАЙЦАВА.


