Страницы истории Шумилинского района: зарождение медицинской службы

Край шумілінскі

Приём больных в сельской лечебнице

Нараджэнне медыцынскай службы
Медыцынскае абслугоўванне ў Расійскай імперыі нават у канцы XIX стагоддзя знаходзілася на пачатковым узроўні. Медыкі працавалі ў губернскім цэнтры – у Віцебску, тут дзейнічалі бальніцы і сацыяльныя ўстановы — багадзельні, існавала прыватная медыцынская практыка.
Бальніцы былі таксама ў павятовых цэнтрах.
У іх працавалі звычайна адзін урач, адзін-два фельчары і павітуха. Зразумела, што ахапіць усю тэрыторыю павета яны не маглі. Таму смяротнасць была вельмі высокая, асабліва дзіцячая, ад інфекцыйных хвароб, падчас эпідэмій. Акрамя дзяржаўных медыкаў былі вольнапрактыкуючыя ўрачы, некаторыя буйныя памешчыкі мелі ўласных медработнікаў ці адкрывалі ў сваіх маёнтках прыватныя лячэбніцы. Пазней сталі адкрывацца лячэбніцы, урачэбна-фельчарскія і фельчарскія пункты ў валасцях.
Так,  статыстыка ў 1895 годзе паведамляе, што ў Віцебскім павеце было 4 урачы, 10 фельчараў, 3 павітухі, у Гарадоцкім – 2 урачы, 8 фельчараў і 3 павітухі, у Полацкім адпаведна – 3, 11 і 4.
Што непасрэдна тычыцца тэрыторыі Шумілінскага раёна,  то толькі ў канцы XIX стагоддзя тут пачалі з’яўляцца сельскія медыцынскія ўстановы.
Старэйшым узгадваецца  Лескавіцкі фельчарскі пункт (ФП), які быў спачатку ў вёсцы Лазукі (цяпер не існуе), а з 1908 г – у Лескавічах, на ім з 1891 года працаваў фельчар Е. Х. Вашчанкаў.
З 1897 года дзейнічаў Казьянскі ФП – фельчар Ф. Ц. Куцькоў і павітуха А. С. Куцькова (у дзявоцтве Вышынская), у 1908 годзе ператвораны ва ўрачэбна-фельчарскі пункт – з’явіўся ўрач  А. М. Лялін.
З 1900 да 1905 года працавала лячэбніца ў Обалі – у розны час працавалі ўрачы В. Ф. Прыменка, А. А. Сафарэвіч, фельчары П. Беразнякоў, А. Старыкоў, павітухі К. М. Сазаноўская,  М. Старыкова.
З 1905 года лячэбніца працуе ў Ловажы – урачы Ш. Г. Коган, потым Г. Г. Давідаў, фельчары Г. Ф. Харлампіеў, Е. П. Глазуноў, Я. І. Грыбаў, В. П. Корзун, павітухі К. М. Сазаноўская, М. А. Пятрова.
У пачатку ХХ стагоддзя з’явіўся ФП у Барсучыне (з 1900 г., Мішневіцкая воласць) – фельчары І. С. Арлоў, пазней Л. Чаркас, і земская лячэбніца на станцыі Сіроціна (у Шуміліне) (1912 г.) – земскі ўрач Х. А. Ліўшыц, фельчары К. Р. Раманаў, Я. П. Дубіцкі, павітуха А. П. Баўтрушэвіч.
У 1900 годзе дзейнічаў прыёмны пакой Обальскай лячэбніцы, пазней ФП у в. Міхалоўшчына (цяпер Бараноўскія) – фельчары Я. Андрэеў,  П. Ф. Гламаздін (з 1906),  А. І. Туманаў (з 1909).  Працаваў Ловажскі ФП – фельчары А. М. Быкаў, І. А. Аносаў (з 1904), Д. Дырын (з 1905).
Працавалі вольнапрактыкуючыя ўрачы — у 1912 годзе: ў маёнтку Альшанікі — С. І. Васілеўскі, у Шуміліне — урач Б. Я. Шымшалевіч і зубны ўрач Б. І. Шымшалевіч, у Сіроціне – фельчар Ш. М. Рубенчык; у 1914 годзе – у маёнтку Шыпуліна ўрач М. В. Харытонаўскі.
Дзейнічалі прыватныя аптэкі Самуіла Усера ў Сіроціне і Залмана Гісторыі ў Шуміліне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №98 ад 11.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *