Воин-интернационалист Андрей Загацкий: дорога через горы и боль воспоминаний

Людзі і лёсы Общество

Дарога праз горы і боль успамінаў

15 лютага для кожнага, хто служыў у Афганістане – дзень памяці, мужнасці і гонару. Савецкія воіны, інструктары, спецыялісты змагаліся з наркатрафікам і бандытызмам, дапамагалі мірнаму насельніцтву будаваць школы, бальніцы, ствараць сацыяльную інфраструктуру…

І хоць час усё больш аддаляе ад той вайны, памяць дагэтуль адгукаецца болем у сэрцы, кажа жыхар райцэнтра Андрэй Загацкі. Ён успамінае, што не задумваўся перад вайсковай тэрміновай службай, дзе будзе служыць. Паколькі яшчэ ў школе (заканчваў СШ № 1 г. п. Шуміліна) атрымаў у вучэбна-вытворчым камбінаце вадзіцельскае пасведчанне, у ваенкамаце абяцалі накіраваць у аўтамабільны батальён. Да арміі працаваў у ПМК-25 памочнікам экскаватаршчыка, а ў верасні 1983 года быў прызваны на службу. Калі салдаты прыбылі ў Усць-Каменагорск, казахі ці то са спачуваннем, ці то з жалем сказалі: «Во, чарговыя афганцы прыбылі». Тады маладыя салдаты зразумелі, дзе яны будуць служыць.

Цяжка было прывыкнуць да саракаградуснай гарачыні Ашхабада, супраць Казахстана з яго 50-градуснымі маразамі – гэта як зямля і неба. Андрэй Загацкі трапіў у аўтамабільны батальён, які размяшчаўся ў Цёплым Стане, у прыгарадзе Кабула. Асляпляльнае сонца, камяні, пясок, горы – не верылася, што прыляцелі на вайну. Два тыдні курса маладога байца – і Андрэй Загацкі сеў за руль КамАЗа з паўпрычэпам. Галоўная задача вадзіцеляў – матэрыяльнае забеспячэнне штаба арміі: дастаўка ў розныя батальёны прадуктаў харчавання, зброі, адзення, лекаў. Шлях да месца загрузкі і назад быў складаным: на вузкіх горных дарогах былі замініраваны ўчасткі і засады. І хаця калоны ахоўваліся БТРамі і верталётам, гэта не перашкаджала душманам весці абстрэл з гор.

«Нам адразу выдалі аўтаматы Калашнікава, з якімі не расставаліся нават ноччу. Клалі іх побач з сабой, – згадвае Андрэй Іванавіч. – Калі былі моцныя абстрэлы калон, мы пакідалі кабіну і вялі бой. Мяне часта пытаюць, ці страшна было. Калі за плячыма ўсяго 18 зім і вёснаў, каму хочацца паміраць!? А рэчаіснасць была такой. Неаднойчы гінулі і вадзіцелі аўтамабіляў – беларусы, расіяне, украінцы, літоўцы. У цынкавых трунах, якія знаходзіліся ў ангары ў Кабуле, адпраўлялі на радзіму загінуўшых… ».

Андрэй Загацкі помніць свой першы ліст дадому з Афганістана, дзе чакалі бацькі, сястра і брат. Галоўная фраза для родных: «Не хвалюйцеся, у мяне ўсё нармальна». Але маці Еўдакія Якаўлеўна ўсё роўна плакала, малілася за лёс сына і пісала яму: «Глядзі, сынок, будзь акуратным».

У былога афганца захавалася некалькі пажаўцелых ад часу фотаздымкаў з ваеннай службы. «Вось гэта Міхаіл Міхалап з Бабруйска, – кажа, разглядаючы фотаздымкі, Андрэй Іванавіч. – А побач Сяргей і Віктар Дунцы. Яны стрыечныя браты, а трапілі служыць у адзін батальён. Хоць мы былі з рознай мясцовасці, але ў Афганістане ўсе беларусы лічыліся землякамі, мы сябравалі і падтрымлівалі адзін аднаго».

У Афганістане Андрэй Загацкі адслужыў два гады і адзін месяц. Пасля дэмабілізацыі па першым часе не мог прывыкнуць, што спаць трэба класціся без аўтамата. Часта снілася, што трэба адстрэльвацца, крычаў, ускокваў з пасцелі… Сёння ён лічыць вельмі важным, што ў нашай краіне забяспечаны мір і бяспека, а галоўная пазіцыя Кіраўніка дзяржавы ў тым, каб ніводны беларускі салдат ніколі больш не гінуў на чужыне.

Пасля службы Андрэй Іванавіч уладкаваўся працаваць у ПМК-25. Памятае, як у 1985 годзе яго знайшла ўзнагарода. У актавай зале ПМК-25 на агульны сход прыйшлі прадстаўнікі ваенкамата і ўручылі сяржанту Андрэю Загацкаму медаль «За баявыя заслугі» – за выдатную службу, асабістыя мужнасць, смеласць і рызыку падчас баявых дзеянняў.

Сёння Андрэй Загацкі працуе вадзіцелем у раённым участку электрасувязі. З’яўляецца добрым сем’янінам, клапатлівым бацькам дваіх сыноў і самым лепшым дзядулем.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *