«Мама з татам заўсёды разам»
Жыццё непрадказальнае і зводзіць людзей, якія працуюць у адной арганізацыі ці ўстанове. Каб яны сустрэліся і стварылі сям’ю. Менавіта так здарылася ў Тамары Францаўны і Пятра Антонавіча БУЖЫНСКІХ з аграгарадка Кардон, якія паўстагоддзя жывуць разам.
У сярэдзіне 70-х гадоў Пётр і Тамара працавалі ў Мікалаеўскай бальніцы. Яна – старшай медсястрой, ён – вадзіцелем «хуткай дапамогі». «І калі сустракаліся позіркамі, я разумеў: вось яно – маё шчасце, – кажа Пётр Антонавіч. – Закахаўся ў Тамару за светлую шчырую ўсмешку, за прыгожыя вочы, за вытанчаную фігуру». І хоць сям’я жыла ў Кардоне, хлопец вечарамі і ў выхадныя прападаў у Мікалаеве – там жыла каханая.
Праз некалькі месяцаў гралі «медыцынскае» вяселле, так назвалі вяскоўцы.
Вяселле спачатку было ў доме нявесты, потым – у жаніха. Маладая пара стала жыць у Кардоне, у бацькоў Пятра. А каб выдзелілі асобную кватэру для сям’і, малады гаспадар пайшоў працаваць вадзіцелем у мясцовае сельгаспрадпрыемства, дзе і рупіўся больш за трыццаць гадоў. Тамара засталася ў бальніцы, дзе адпрацавала амаль сорак гадоў.
Тамара і Пётр Бужынскія ў свой час трымалі вялікую гаспадарку: карову, больш за паўсотню авечак, дамашніх птушак, свіней. Мяса ў доме было «невыводнае», а таксама яйкі, малочныя прадукты. Гародніна-садавіна – таксама са свайго агарода. Дваццаць гадоў таму Бужынскія пабудавалі ў Кардоне свой дом, дзе жывуць і цяпер. Паступова правялі ваду, зрабілі газавае ацяпленне. Цяной і летам хапае клопату на агародзе.
«Колькі сябе помню, мама з татам заўсёды разам – у доме, на агародзе, падворку, – успамінае Таццяна, дачка Бужынскіх. – Яны як дзве палавіны аднаго цэлага. Бацька быў больш строгім, кантраляваў, каб мы з братам
Аляксандрам вучыліся і выйшлі ў людзі. Мы ўдзячны бацькам за ўрокі
Кардонпрацавітасці, за шчырасць і дабрыню».
Бужынскія жывуць спакойным размераным жыццём, абодва знаходзяцца на
заслужаным адпачынку, падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць. Гледзячы на іх беражлівыя адносіны адзін да другога, разумееш: прыгажосць узаемаадносін не знікае і праз паўстагоддзе. Тамара Францаўна і Пётр Антонавіч заняты ўжо вясеннімі клопатамі: абмяркоўваць, якія гатункі агуркоў сёлета пасадзяць, колькі бульбы. Маюць яны і запаветную мару – дачакацца праўнукаў. Магчыма, яна і хутка спраўдзіцца, бо старэйшы ўнук Уладзіслаў пабраўся шлюбам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

