Обальскі керамічны завод – стратэгічны партнёр узвядзення другой чаргі Смаленскай АЭС

У індустрыяльным цэнтры Смаленшчыны – горадзе Дзеснагорск – адбылася рабочая нарада, прысвечаная партнёрству ў рэалізацыі праекта будаўніцтва другой чаргі Смаленскай АЭС.
Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў буйных будаўнічых арганізацый, энергетыкаў, дзяржаўных структур і прамысловых прадпрыемстваў Смаленскага і Віцебскага рэгіёнаў. У складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці было і кіраўніцтва ААТ “Обальскі керамічны завод”.
У цэнтры ўвагі апынуліся пытанні каардынацыі сумесных дзеянняў, лагістыкі паставак і вытворчай кааперацыі пры будаўніцтве аб’екта, які мае стратэгічнае значэнне для ўсёй Цэнтральнай Расіі. Другая чарга Смаленскай АЭС – гэта маштабны энергетычны праект, які прадугледжвае ўзвядзенне сучасных энергаблокаў. Для яго рэалізацыі патрабуецца шырокае ўзаемадзеянне з пастаўшчыкамі будаўнічых матэрыялаў, абсталявання і спецыялізаваных паслуг.

Адным з вядучых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, якое спецыялізуецца на вытворчасці керамічнай цэглы высокай трываласці, з’яўляецца Обальскі керамічны завод. Удзел кіраўніцтва завода ў рабочай нарадзе ў Дзеснагорску не выпадковы: менавіта ОКЗ разглядаецца як ключавы пастаўшчык цэглы для аб’ектаў інфраструктуры другой чаргі атамнай станцыі.
Дырэктар Обальскага керамічнага завода Сяргей Ляўшоў падкрэсліў, што для завода ўдзел у такім маштабным праекце – гэта не толькі магчымасць пашырыць рынкі збыту, але і сур’ёзны выклік, які патрабуе максімальнай адказнасці. “Мы гатовы забяспечыць аб’ект якаснымі будаўнічымі матэрыяламі і ўзяць на сябе адказнасць за своечасовую пастаўку, – зазначыў Сяргей Аляксандравіч. – Наша прадпрыемства мае дастатковы вытворчы патэнцыял, каб задаволіць патрэбы такой буйной пляцоўкі. Для нас важна быць не проста пастаўшчыком, а надзейным партнёрам, які разумее ўсе
спецыфічныя патрабаванні да аб’ектаў атамнай энергетыкі”.
Дырэктар таксама адзначыў, што ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі выходзіць за рамкі звычайных гандлёвых адносін. “У ходзе перагавораў мы абмеркавалі магчымасць сумеснай аптымізацыі лагістычных маршрутаў, каб мінімізаваць выдаткі і пазбегнуць збояў. Акрамя таго, нашы тэхнолагі атрымалі тэхнічнае заданне на карэкціроўку некаторых характарыстык вырабаў з улікам павышаных патрабаванняў да надзейнасці канструкцый”, – дадаў С. А. Ляўшоў.
Для Обальскага керамічнага завода ўдзел у будаўніцтве Смаленскай АЭС-2 стане адным з ключавых напрамкаў дзейнасці ў бліжэйшыя гады. “Гэта не толькі забяспечвае загрузку нашых вытворчых магутнасцей, але і пацвярджае рэпутацыю завода як надзейнага партнёра, здольнага працаваць на аб’ектах павышанай адказнасці. Мы разлічваем, што гэты праект адкрые для нас новыя магчымасці для ўдзелу ў буйных інфраструктурных ініцыятывах як у Беларусі, так і за яе межамі”, – падсумаваў кіраўнік завода.
Аляксандр ШЭДЗЬКО
