Парадак – гэта не кампанія, а пастаянная работа

Добраўпарадкаванне, прафілактыка наркаманіі, спорт і здароўе – гэтыя ключавыя тэмы былі абмеркаваны на адкрытым пасяджэнні райвыканкама пад старшынствам Мікалая Будневіча. Удзел у пасяджэнні прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук, намеснік Міністра энергетыкі Канстанцін Аношанка і старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Раман Колца.
Што зрабілі ў 2025-м і якія планы па навядзенні парадку і паляпшэнні тэрыторыі стаяць на 2026-ы, падрабязна расказаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін.
Якія меры прымаюцца ў раёне, каб абараніць дзяцей і моладзь ад наркаманіі, праінфармаваў начальнік РАУС Леанід Навіцкі. Як развіваюць масавы спорт і ўцягваюць жыхароў у актыўны лад жыцця, у дакладзе агучыў галоўны спецыяліст райвыканкама Дзяніс Пячко.

Курс – на комплекснае развіццё тэрыторый
З ДАКЛАДА РУСЛАНА НАСЦЮШКІНА
У 2026 годзе раён рэалізуе адну з самых буйных праграм добраўпарадкавання за апошнія гады. На паляпшэнне інфраструктуры і гарадскога асяроддзя плануецца накіраваць каля 3 млн. рублёў. Сродкі пойдуць на рамонт дарог, добраўпарадкаванне двароў, утрыманне могілак, ліквідацыю старых калодзежаў і інш.
Асаблівая ўвага будзе нададзена г. п. Обаль, які стане цэнтрам маштабнай мадэрнізацыі. Тут запланаваны рамонт амаль 40 тыс. кв. м вулічна-дарожнай сеткі, абнаўленне двароў, капрамонт аднаго дома і бягучы капрамонт 14 шматпавярховак, рэканструкцыя кацельні, мадэрнізацыя водазабеспячэння і каналізацыі, а таксама азеляненне.
Не менш значныя работы пройдуць у Шуміліне і сельскіх населеных пунктах: раён плануе адрамантаваць 25 км мясцовых дарог, добраўпарадкаваць дзясяткі двароў (на іх добраўпарадкаванне выдзелены амаль 1 мільён рублёў), абнавіць пад’езды да грамадзянскіх могілак «Зуі» і «Дварышчанскія», прадоўжыць добраўпарадкаванне Алеі герояў-лётчыкаў, парка 100-годдзя раёна, вуліцы Юбілейнай і інш.
На азеляненне раёна выдзелена амаль 360 тыс. рублёў: плануецца высадзіць больш за 200 дрэў, 3000 кустоў і 25 тысяч кветак.
Паралельна раён прадоўжыць уцягваць у гаспадарчы абарот пустуючыя дамы і знасіць аварыйнае жыллё.
Важным напрамкам застаецца бараць ба з баршчэўнікам Сасноўскага і сумнікам канадскім. У 2026 годзе апрацоўцы падлягаюць больш за 9 гектараў тэрыторый розных катэгорый.
Маштаб запланаваных работ паказвае: раён пераходзіць ад кропкавых рашэнняў да комплекснага развіцця тэрыторый. Улады робяць стаўку на сацыяльную мабілізацыю – без удзелу людзей устойлівых змяненняў не дабіцца. Нягледзячы на тое, што Год добраўпарадкавання завяршыўся, раён дэманструе, што парадак – гэта не кампанія, а пастаянная работа, якая патрабуе дысцыпліны, рэсурсаў і ўкладу кожнага жыхара.
Алена КАРПУШЭНКА.
