О традициях празднования Пасхи у католиков рассказывает семья Вороновых из Шумилино

Духоўнае Общество

Раздзяліць радасць з Хрыстом

5 красавіка каталіцкія вернікі адзначаюць адно з самых вялікіх і светлых святаў – Вялікдзень. На святочнае богаслужэнне ў касцёле Маці Божай Фацімскай збяруцца вернікі з розных населеных пунктаў раёна. Сярод іх абавязкова будуць і Уладзімір Пятровіч і Зоя Іванаўна Воранавы з райцэнтра.

Уладзімір і Зоя Воранавы родам з Мікалаеўшчыны. Іх бацькі былі веруючымі і прытрымліваліся каталіцкіх традыцый. «Калі бацька прыходзіў з усяночнай і гучна казаў на ўвесь дом ”Хрыстос уваскрэс!”, то мы, дзеці, прачыналіся і адразу ўставалі – у хаце было свята, – згадвае Зоя Іванаўна. – На стол ставіліся вэнджанае мяса, булкі і іншая смаката. Бацькі вучылі нас жыць з верай у душы, прытрымлівацца народнай мудрасці: без бога толькі да парога». Зоя Іванаўна пранесла гэты бацькоўскі наказ праз усё жыццё. Калі ў Шуміліне не было касцёла, вернікі збіраліся ў прыватным доме. А ў 2000 годзе, калі была зарэгістравана шумілінская парафія Маці Божай Фацімскай, літургія пачала праводзіцца ў каплічцы (храм тады толькі будаваўся).

Перад святам Вялікадня католікі сорак дзён пасцяцца. Але пост не такі строгі, як у праваслаўных. Галоўнае – прыступіць да споведзі, у час якой ачышчаецца душа і бог адпускае грахі. Кожны выбірае, як і калі пасціцца па сваім адчуванні і здароўі. Але абавязковая для посту пятніца, у гэты дзень нельга есці мясное. І галоўнае зусім не стравы, а настаўленне «не еш чалавека» – гэта значыць трэба быць стрыманым, не асуджаць іншых, браць прыклад з Хрыста, кажа Зоя Іванаўна. Яшчэ сярод абмежаванняў – не ўжываць спіртное, не наведваць забаўляльныя мерапрыемствы.

А вось рабіць добрыя справы, дапамагаць бліжняму, ахвяраваць на храм грошы, слухаць пропаведзі свяшчэннікаў – гэта можна і трэба, што Воранавы і робяць.

Пачынаючы з чацвярга, у храме ладзяцца богаслужэнні ў гонар Вялікадня: у чацвер – літургія вячэры гасподняй, у пятніцу літургія пакутаў Хрыста. А ў ноч з суботы на нядзелю – велікодная вігілія, якую называюць царыцай усіх літургій. Ідучы на яе, вернікі апранаюць самае прыгожае адзенне. « Галоўнае – ісці ў храм са шчырай і добрай душой, толькі так можна пусціць Хрыста ў сваё сэрца, – кажуць Воранавы. – У пачатку службы ў храме адключаецца святло. Пасля асвячэння агню свяшчэннік уваходзіць з велікоднай свечкай, якая сімвалізуе свет Ісуса Хрыста, і кажа “Святло Хрыстова”, а вернікі адказваюць “Дзякуем Богу”. Ад вялікай свечкі, якую называюць пасхалам, усе прысутныя ў касцёле запальваюць маленькія свечкі, і храм азараецца сотнямі агеньчыкаў. У ідэале велікодны агонь трэба несці дадому. Некаторыя набываюць спецыяльныя лампадкі, каб данесці агонь да свайго жылля».

Падчас богаслужэння вернікі са святаром вымаўляюць дзевяць біблейскіх чытанняў Ветхага і Новага запаветаў. Святар асвячае булкі, мяса, фарбаваныя яйкі, каўбасы і іншыя стравы, якія потым вернікі ставяць на стол. Заканчваецца літургія крыжовы ходам вакол касцёла.

Святочную літургію Воранавы, якія жывуць разам ужо 56 гадоў, наведваюць разам з сынам і дачкой. Прыходзяць у храм таксама трое ўнукаў, старэйшы праўнук. На Вялікдзень сям’я робіць святочны стол, дзе абавязкова ёсць фарбаваныя чырвоныя яйкі, булкі, тварожная пасха, вэнджаныя мяса і каўбасы, а для дзяцей – пірожныя і цукеркі. Усе віншуюць адзін аднаго, кажучы «Хрыстос уваскрэс!», гучыць традыцыйны адказ «Сапраўды ўваскрэс!».

Ларыса ЗАЙЦАВА.

АЙЦЕЦ ЯЎГЕН ШЫМАНОВІЧ,  ПРОБАШЧ КАСЦЁЛА МАЦІ БОЖАЙ ФАЦІМСКАЙ:
– Галоўнае на Вялікдзень – гэта сустрэча з жывым Богам у малітве. Ахвяра Езуса Хрыста – гэта ахвяра любові і прымірэння, праз якую Бог нанова яднае чалавека з Сабой і паміж людзьмі. Таму Вялікдзень – гэта заклік да міру: у нашых сэрцах, сем’ях, паміж блізкімі, суседзямі і знаёмымі, а таксама паміж народамі ў свеце, які сёння асабліва патрабуе згоды і надзеі. Мы закліканы не толькі святкаваць, але і жыць гэтай таямніцай: прабачаць, любіць, будаваць еднасць і несці супакой іншым. Няхай Хрыстос будзе з намі заўсёды і напаўняе нашы сэрцы сваім мірам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *