Группы в детских садах для детей младше 2-х лет: плюсы и минусы, мнения, факты, комментарии

Образование Общество

Групы для самых маленькіх

У раёне працягваецца работа па стварэнні дадатковых месцаў у дзіцячых садках для дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. Гэта пытанне асабліва актуальнае ў апошнія гады, калі многія маладыя мамы хочуць як мага раней вярнуцца да прафесійнай дзейнасці, але пры гэтым жадаюць быць упэўненымі, што іх малыя знаходзяцца ў бяспечным, развіваючым асяроддзі. Падрабязнасцямі падзялілася намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Саўчанка.

Паводле слоў Ірыны Леанідаўны, спецыялісты аддзела ўважліва адсочваюць запатрабаванасць у групах для дзяцей да двух год, аналізуюць колькасць зваротаў ад бацькоў і вывучаюць магчымасці кожнай дашкольнай установы. У мінулым навучальным годзе была адкрыта такая група ў Шумілінскім дзіцячым садку № 3. Гэта быў свайго роду пілотны праект, які і паказаў, што ёсць запатрабаванасць у падобных групах. Як вынік, у гэтым навучальным годзе групу для двухгадовых дзяцей адкрылі ўжо ў Шумілінскім дзіцячым садку № 1. Акрамя таго, вясной гэтага года ў садку № 2 пачала працаваць група скарочанага знаходжання, якая таксама карыстаецца попытам. Дарэчы, яна бясплатная. «Не ўсе бацькі гатовы аддаваць дзіця на цэлы дзень, таму прапануем розныя фарматы. Група скарочанага знаходжання – гэта выдатны варыянт для тых, хто хоча паступова адаптаваць малога да калектыву», – дадае Ірына Саўчанка. Аддзел па адукацыі працягвае маніторынг, не выключана, што ў наступным годзе з’явяцца новыя групы.

Наколькі эфектыўна працуюць такія групы, расказала загадчык дзіцячага сада № 3 Наталля Пашкевіч. Гэта тая ўстанова, дзе быў распачаты эксперымент.

Першы час было няпроста: трэба было пераабсталяваць памяшканне, падабраць адпаведную мэблю, цацкі, прадумаць рэжым дня, які б улічваў патрэбы самых маленькіх і стварыць усе умовы для бяспечнага знаходжання дзяцей. Але вынік пераўзышоў усе чаканні. «Адаптацыя дзяцей у такой групе ідзе значна лепш, чым калі б яны прыходзілі ў звычайную групу, дзе большасць дзяцей старэйшага ўзросту, – адзначыла Наталля Мікалаеўна. – Галоўнае – група аказалася запатрабаванай. Летась мы набралі дванаццаць дзетак, сёлета – ужо чатырнаццаць».

Наталля Пашкевіч заўважае, што дзеці, якія прайшлі праз такую раннюю групу, потым лягчэй пераходзяць у старэйшыя групы, у іх лепшыя камунікатыўныя навыкі, яны больш самастойныя.

Не менш важны і погляд таго, хто непасрэдна працуе з малымі кожны дзень. Выхавальнік Галіна Смірнова расказвае пра сваю працу з вялікім энтузіязмам.

«Тут вынік бачны літаральна адразу. Вось прыходзіць дзіця, якое яшчэ дрэнна трымае лыжку або наогул не гаворыць. І праз тыдзень-другі яно ўжо спрабуе паўтараць гукі, само есць, радуецца, калі ў яго нешта атрымліваецца.

Гэта неверагоднае задавальненне – бачыць, як раскрываецца маленькая асоба», – дзеліцца Галіна Смірнова. Вядома, што праца з такімі дзецьмі патрабуе асаблівай падрыхтоўкі, цярпення і любові. «Ты вучыш іх усяму: як трымаць аловак, як складваць пірамідку, як мыць ручкі, як гаварыць “дзякуй”. Для мяне няма большай узнагароды, чым бачыць шчаслівыя вочы дзіцяці, якое ўпершыню самастойна склала вежу з кубікаў», – усміхаецца выхавальнік.

Але самымі красамоўнымі з’яўляюцца словы бацькоў. Маці аднаго з выхаванцаў групы, Валерыя Пятрова, расказала, што аддала сына Цімафея ў групу, калі яму быў год і дзесяць месяцаў. «Спачатку я вельмі хвалявалася. Усе гэтыя трывогі: ці будзе плакаць, ці будзе есці, ці не крыўдзяць яго. Але выхавальнікі аказаліся такімі чулымі і прафесійнымі, што ўжо праз некалькі дзён я бачыла, як Цімафей ідзе ў сад з радасцю. Праз два месяцы ён пачаў складваць маленькія сказы. Я проста не пазнавала свайго сына!», – дзеліцца Валерыя. Група дала ёй не толькі спакой за дзіця, але і доўгачаканы свабодны час. «У мяне з’явілася магчымасць займацца сабой і дамашнімі клопатамі. Я магу спакойна схадзіць да ўрача, прыбраць у кватэры або проста выпіць кубак гарбаты ў цішыні. Для маладой мамы гэта вялікая падмога», – дадае яна.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *