Бывшая узница Анна Бучкина из Оболи: «Никому не желаю пережить такой ужас»

2026 - Год белорусской женщины Беларусь помніць Общество

11  КРАСАВІКА  –  МІЖНАРОДНЫ  ДЗЕНЬ  ВЫЗВАЛЕННЯ  ВЯЗНЯЎ  ФАШЫСЦКІХ  КАНЦЛАГЕРАЎ

Вайна ёй рэдка прыходзіць у сны, але і не застаецца ў мінулым. Душэўны боль, страх, голад і холад, якія давялося перажыць, помняцца і зараз. Ганна Піліпаўна БУЧКІНА з Обалі з’яўляецца сведкам тых далёкіх страшных дзён, калі ўся сям’я была выгнана ў Германію.

Сям’я Кір’янавых (дзявочае прозвішча Ганны Бучкінай) падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Полацку. Хадзілі чуткі, што людзей будуць вывазіць у Германію, але ў гэта не хацелася верыць. Усё здарылася знянацку восенню 1943 года: прыехалі немцы, загадалі сям’і збірацца і праз некалькі хвілін выгналі з хаты на вуліцу.

«У цягніках ехалі вельмі доўга, мне здавалася тады, што цэлы месяц, – успамінае яна. – Ехалі мама, бацька, браты – адзінаццацігадовы Васіль і сямігадовы Іван, шасцігадовая сястра Тамара, я і самая маленькая двухгадовая сястрычка Анісія. Прывезлі нас у нямецкі горад Гюнцбург, дзе знаходзіўся працоўны лагер. Пасялілі ў драўляным бараку з трохпавярховымі палацямі, які зусім не ацяпляўся. На ўсё жыццё запомніўся той холад, які прабіраў да касцей. Калі людзі пачалі хварэць, немцы прывезлі коўдры. Ім патрэбна была рабочая сіла, а не хворыя палонныя. Маму і тату, як і іншых, ганялі працаваць на завод, дзе выраблялі самалёты.

Есці нам хацелася ўвесь час, ад голаду ўспухалі жываты. Нам давалі па салдацкім кацялку супу з капусты на дзень і па адной бульбіне ў мундзірах. Суп быў крыху смачнейшым, калі дабаўлялі каніну. Помню, толькі на Вялікдзень нам далі па тры бульбіны і кавалак хлеба – гэта было сапраўднае свята».

Дзяцей таксама прымушалі працаваць: прыбіраць у бараках і тэрыторыю вакол, месцы, дзе спраўлялася патрэба, даглядаць малодшых. А яшчэ дзеці былі патрэбны немцам для таго, каб браць у іх кроў для медыцынскіх устаноў. Дзяцей, якія і без таго былі худыя і кволыя, ніколькі не шкадавалі.

Вясной 1945 года палонных вызвалілі. Сям’я Ганны (без маленькай Анісіі, якая захварэла ў працоўным лагеры і памерла) вярнулася дадому. Вугал хаты ў Полацку быў пашкоджаны бомбай, але жыць можна было. У 13 гадоў Ганна пайшла ў трэці клас мясцовай школы. Калі закончыла шэсць класаў, уладкавалася вучаніцай у атэлье. У Полацку пазнаёмілася з будучым мужам Сямёнам Ерафеевічам, які быў родам з Обалі. Сюды і прыехалі жыць. Ганна ўсё жыццё адпрацавала ў мясцовым атэлье камбіната бытавога абслугоўвання, а Сямён – рабочым на торфапрадпрыемстве. Разам пражылі паўсотню гадоў, нарадзілі траіх дзетак. Але давялося перажыць вялікае гора – сын Лёня памёр у 14 гадоў,  нядаўна пайшоў з жыцця Раман. Зараз Ганну Піліпаўну, якой пайшоў 94-ты год, падтрымліваюць сын Іван з нявесткай Святланай, а таксама чацвёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў. Зрэдку ім Ганна Піліпаўна расказвае пра сваё пакалечанае вайной дзяцінства і кожны раз кажа, што нікому не жадае перажыць такую жудасць.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *