Женщина в погонах. Интервью к профессиональному празднику пожарной службы со старшиной Шумилинского РОЧС Ариной Кучинской

2026 - Год белорусской женщины Безопасность Главное Молодёжь Общество

За формай – характар

І хаця ў Дзень пажарнай службы прынята больш гаварыць пра тых, хто першым выязджае на выклік і ўтаймоўвае агонь, аднак работа падраздзялення – гэта не толькі баявыя разлікі. За кожным выездам стаіць нябачная на першы погляд, але вялікая штодзённая праца людзей, якія забяспечваюць бесперабойную дзейнасць службы. Сярод іх – старшы сяржант унутранай службы Арына КУЧЫНСКАЯ, старшына групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання Шумілінскага РАНС. У свае 22 гады яна адказвае за матэрыяльныя каштоўнасці падраздзялення і ўпэўнена сцвярджае: галоўнае ў гэтай прафесіі – адказнасць. Арына з’яўляецца жывым доказам таго, што жанчына ў МНС – не выключэнне, а важная частка сістэмы.

– Арына, у чым сутнасць вашай работы?

– Я адказваю за ўсю маёмасць падраздзялення: ад інвентару да тэхнікі. Калі нешта псуецца або патрабуе спісання, рыхтую ўсе неабходныя дакументы. Акрамя таго, афармляю дагаворы на платныя паслугі МНС – без іх машына проста не мае права выехаць да заказчыка.

– Вы адзіная дзяўчына ў калектыве, якая праходзіць службу ў пагонах. Цяжка працаваць у мужчынскім калектыве?

– Не. Напэўна, таму, што з дзяцінства вучылася ў кадэцкім вучылішчы. Прывыкла да дысцыпліны, формы і такога асяроддзя. Тут галоўнае – з першых дзён паказаць, што ты адказна ставішся да выканання сваіх абавязкаў. Калі калектыў бачыць, што ты патрабуеш парадак не для галачкі, а таму што гэта сапраўды важна, адносіны складваюцца выключна ўзаемапаважлівыя.

– Чаму выбралі менавіта службу ў МНС?

– Мне заўсёды былі блізкія службы ў пагонах. Пасля кадэцкага вучылішча паступіла ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС. Зараз завочна заканчваю вучобу і працягваю служыць.

– Вас неяк памяняла работа ў РАНС?

– Думаю, так. Я стала яшчэ больш адказнай і дысцыплінаванай. Нават у паўсядзённым жыцці цяжка спакойна ставіцца да непунктуальнасці і неабавязковасці.

– Ці бываюць моманты, калі перажываеце за выклікі сваіх калег?

– Раней успрымала гэта больш спакойна. Але год таму здарыўся пажар у доме маёй блізкай знаёмай. Калі мне паведамілі пра гэта, я была далёка ад Шуміліна і не ведала, што адбываецца. Напэўна, гэта быў самы страшны званок у маім жыцці. На шчасце, знаёмая не пацярпела. З таго часу кожны раз, калі чую пра новы выклік, міжволі спадзяюся, што гэта не закране маіх родных і знаёмых і наогул абыдзецца без чалавечых страт.

– Што часцей за ўсё становіцца прычынай пажараў у нашым раёне?

– Найчасцей – чалавечая неабачлівасць. Курэнне, злоўжыванне алкаголем, у зімовы час – няспраўнае пячное ацяпленне. Таму вельмі важна не ігнараваць прафілактычныя рэкамендацыі, якія даюць ратавальнікі.

– Што сказалі б дзяўчатам, якія задумваюцца пра службу ў МНС?

– Не трэба баяцца. Калі ёсць характар, адказнасць і жаданне працаваць, жанчына можа рэалізаваць сябе і ў такой прафесіі. Не мае значэння, што калектыў мужчынскі. Калі чалавек сапраўды хоча служыць, ён абавязкова знойдзе сваё месца і будзе прыносіць карысць.

Тэкст і фота Анастасіі ЮРЧАНКОВАЙ, студэнткі БДУ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *