В Шумилино определили победителя районного этапа конкурса «SuperПРОФИ»-2026

2026 - Год белорусской женщины Главное Молодёжь Общество

Творчыя,  таленавітыя,  перспектыўныя

У Шуміліне вызначылі пераможцу раённага этапа конкурсу «SuperПРОФІ‑2026»!

Рэспубліканскі конкурс «SuperПРОФІ» традыцыйна з’яўляецца адным з самых чаканых і значных для моладзі. Ён не проста выяўляе лепшых у прафесіі, а запальвае новыя зоркі на грамадскім небасхіле раёна. У гэтым годзе падзея ў нашым раёне стала не проста спаборніцтвам прафмайстэрства, а прамым поглядам і ўпэўненым крокам у заўтрашні дзень.

За ганаровы тытул «SuperПРОФІ‑2026» змагаліся выключна дзяўчаты, кожная з іх – ужо прафесіянал у сваёй сферы: Ганна Ульская, Марыя Кібісава, Аляксандра Далецкая, Алена Жыгалка, Сабіна Салахава і Юлія Сямёнава.

Канкурсанткі прайшлі праз тры напружаныя і хвалюючыя этапы спаборніцтваў. У першым этапе кожная ўдзельніца падрыхтавала відэаролік, які яскрава раскрыў грані яе прафесіі. У другім конкурсе гледачам і журы ўдалося бліжэй пазнаёміцца   з прэтэндэнткамі на перамогу і даведацца, чаму менавіта іх прафесія самая лепшая.

Першай пра сябе расказала настаўнік пачатковых класаў СШ № 2 імя А. І. Дубасарскага г. п. Шуміліна Ганна Ульская, якая лічыць сябе чалавекам, які стварае фундамент асобы, а таксама архітэктарам камфортнага і бесклапотнага асяроддзя для дзяцей.

Пасля ўсе ўбачылі самапрэзентацыю ад Марыі Кібісавай, спецыяліста па сацыяльнай рабоце аддзялення Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для Марыі дапамагаць тым, каму зараз няпроста, гэта не пра фармальнасць, а пра шчырасць, сардэчнасць, дзе часам важны і ўсмешка, і спакойная размова.

Аляксандра Далецкая, настаўнік замежнай мовы СШ № 1 імя П.А Акуцыёнка г. п. Шуміліна, выкарыстоўвае кожны дзень, як новую магчымасць весці дзяцей па цудоўным свеце ведаў.

А Алена Жыгалка, культарганізатар Обальскага гарадскога дома культуры, лічыць, што работа ў сферы культуры – гэта заўсёды вялікая адказнасць, і дарыць людзям эмоцыі для яе з’яўляецца ціхім штодзённым подзвігам.

Сабіна Салахава, выхавальнік дашкольнай адукацыі, кіраўнік фізічнага выхавання Мікіціхінскага дзіцячага сада, не толькі штодня перадае веды дзецям, але і сама атрымлівае неацэнны вопыт ад іх. Сваю прафесію Сабіна называе прызваннем, якое патрабуе любві і цярпення.

Для настаўніка замежных моў Обальскай СШ імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай Юліі Сямёнавай яе прафесія не заканчваецца па званку, яна бясконцая. І кожны ўрок Юліі – гэта інвестыцыя ў будучыню.

У трэцім этапе дзяўчаты паказалі свае самыя незвычайныя, крэатыўныя таленты. Ганна запомнілася аўтарскім вершам, Марыя за некалькі хвілін стварыла сапраўдную магію, намаляваўшы на чорным палатне сімвал Года беларускай жанчыны, які ажыў у момант, калі быў абсыпаны бліскаўкамі. Аляксандра пакінула моцнае ўражанне ад эмацыянальнага міні‑спектакля на сцэне.

Алена зрабіла фурор гумарыстычным нумарам, музычнай пародыяй. Сабіна прымусіла ўсю залу спяваць разам з ёй знакамітую песню «Там, дзе клён шуміць». А Юлія разам са сваімі вучаніцамі, дзяўчатамі з калектыва лыжкароў «Ударынка», нагадала ўсім, што самы дарагі ўклад той, які ўносіш у свой родны край.

Старшыня журы намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава адзначыла, што вызначыць лідара было надзвычай складана, бо на сцэне выступалі лепшыя з лепшых. Аднак абсалютным пераможцам раёнага этапа конкурсу стала Юлія Сямёнава, другое месца падзялілі Аляксандра Далецкая і Марыя Кібісава, трэцяе прысуджана Алене Жыгалка. Ірына Іванаўна разам са спонсарам мерапрыемства – аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама ў асобе начальніка аддзела Вольгі Шаўнёвай – павіншавала ўсіх удзельніц, уручыла дыпломы і падарункі, адзначыла дастойны ўзровень іх падрыхтоўкі, прафесійнага і творчага майстэрства.

Конкурс «SuperПРОФІ-2026» паказаў, што Беларусь чакае цудоўная будучыня, якая знаходзіцца ў надзейных руках таленавітых і адданых сваёй справе людзей, сапраўдных ПРОФІ.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *