Рапсавы настрой на палетках
Уборачную ў ААТ «Прыазёрны мір» пачалі з азімага рапсу, які выспеў першым.
На палетках у Дабеі ў аўторак мы сустрэлі в. а. дырэктара ААТ «Прыазёрны мір» Людмілу Мамойка. Яна кантралявала тэмпы і якасць уборкі азімага рапсу. Ён вырас высокім і густым, ураджайнасць складае 14 цэнтнераў з гектара. І за гэта дзякуй аграномам і механізатарам, якія своечасова паклапаціліся пра падкормку ўсходаў азотам, барацьбу са шкоднікамі.
На палетках гудуць тры камбайны. Юрый Токараў, Віталь Антонаў, Генадзь Леановіч упэўнена вядуць магутныя КЗСы па загонах, сочачы за тым, каб жняярка ідэальна зразала далікатныя струкі рапсу.
Самы вопытны – Віталь Антонаў, для якога сёлетняе жніво трыццаць трэцяе. За дзень намалочвае да паўсотні тон.
«У мяне не такі вялікі стаж за штурвалам камбайна, як у Віталя, – сем гадоў, – расказаў Юрый Токараў. – На гэтым КЗСе працую другі год. Тэхніка ўдасканаленая, вытворца паклапаціўся пра камфорт, у кабіне створаны ўсе ўмовы для плённай работы: кандыцыянер, камп’ютар, аўтаматыка ўсіх вузлоў – нават рукі не запэцкаеш».
Юрый Токараў некалькі гадоў таму памяняў віцебскую прапіску на вясковую – прыехаў з сям’ёй у Амбросавічы, і пра свой выбар не шкадуе. Кажа, што хлебаробская справа – адна з самых высакародных і патрэбных. Як і ўсе камбайнеры, працуе на ўборачнай да цёмнага, а дома яго чакаюць жонка і дзве дачкі, смачная вячэра і цёплая гарбата.
Хлебаробы заўважаюць: «Для нас галоўнае – каб надвор’е спрыяла, а тэхніка не падводзіла. А мы гатовы працаваць па максімуму, на поўную моц. Пасля рапсу будзем убіраць азімую пшаніцу».
На днях з ААТ «Прыазёрны мір» здалі першыя тоны харчовага рапсу на Віцебскі маслаэкстракцыйны завод. Адна тона каштуе 1117 рублёў – рапс вырошчваць выгадна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.




