Выставка «Две судьбы — два облика святых» открылась в Шумилинском историко-краеведческом музее

Культура Новости

Сувязь пакаленняў і духоўны подзвіг

Глыбокая і важная для духоўнага жыцця раёна падзея – адкрыццё фотавыставы «Два лёсы – два абліччы святых» адбылася напрыканцы ліпеня ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Экспазіцыя прысвечана жыццёваму шляху і вернасці свайму прызванню свяшчэннамучаніка Мікалая Акаловіча і святога Уладзіміра Елянеўскага, спаведніка Віцебскага.

Сустрэчу адкрыла дырэктар музея Святлана Іванова. Яна адзначыла, што выстава з’явілася як сапраўднае “ціхае цуда”, і падзялілася кранальнай гісторыяй знаёмства з праўнучкамі Мікалая Акаловіча. Ідэя прывезці экспазіцыю менавіта ў Шуміліна была невыпадковай, бо наш край – гэта Радзіма свяшчэннамучаніка: ён нарадзіўся ў вёсцы Ужляціна Віцебскага павета ў сям’і псаломшчыка.

Мерапрыемства сабрала нераўнадушных жыхароў Шуміліншчыны, краязнаўцаў і праваслаўных вернікаў. Аднак галоўнымі гасцямі сустрэчы былі Таццяна Тамашова і Алена Герасімава – праўнучкі кананізаванага свяшчэннамучаніка Мікалая Акаловіча. Таццяна з вялікім натхненнем і хваляваннем расказала прысутным пра доўгі шлях стварэння гэтай выставы, пошук унікальных гістарычных фактаў і аднаўленне звестак пра свайго прадзеда. Яе старэйшая сястра Алена ўспомніла пра тое, як ёй пашчасціла асабіста прысутнічаць на ўрачыстасці з нагоды кананізацыі пакутнікаў і вызнаўцаў Хрыстовых у Свята-Троіцкім Маркавым манастыры ў Віцебску ў 2007 годзе.

Прысутнасць прамых нашчадкаў святога надала выставе асаблівую атмасферу душэўнасці, цеплыні і зрабіла гісторыю мінулага стагоддзя блізкай і жывой для прысутных.

Ганаровым госцем сустрэчы стаў іерэй Вадзім Яско, які нагадаў: «Бог ёсць любоў, а наш свет існуе дзякуючы таму, што аб ім клапоціцца Бог». Душэўны музычны падарунак у гэты дзень гасцям зрабілі ўдзельніцы царкоўнага хору «Благавест» Ларыса Пучынская і Ірына Загвоздава.

Адмысловае месца ў праграме заняла гістарычная старонка. Экскурс у гісторыю правяла былы настаўнік, аўтар даследчай працы «Духоўныя вытокі ужляцінскай зямлі» Вера Іванова. Вера Мікалаеўна падзялілася вынікамі сваіх шматгадовых пошукаў, дадаўшы сустрэчы краязнаўчую і навуковую каштоўнасць, што дапамагло прысутным яшчэ глыбей адчуць маштабы духоўнай спадчыны роднага краю.

Немалую цікавасць выклікала ў гасцей выступленне старшага выкладчыка Віцебскай епархіі Кацярыны Папеленка, якая з захапленнем і глыбокім веданнем справы расказала пра духоўны подзвіг святых.

Каштоўным для ўсіх стала выступленне яшчэ аднаго госця сустрэчы – ураджэнца вёскі Навікі Аляксандра Красіцкага. Аляксандр расказаў, што святар Мікалай Акаловіч, прэсвітар Віцебскі, у далёкім 1922 годзе пасяліўся ў вёсцы Навікі і стаў настаяцелем навікоўскай царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы, у памяць пра якую зараз стаіць капліца. «Мы павінны ведаць і расказваць іншым, што свяшчэннамучанік Мікай Акаловіч – міратворца, які абараняе нашы землі», – адзначыў Аляксандр.

Яскравым момантам сустрэчы стала выступленне былога дырэктара Вялікалятчанскага дзіцячага дома Веры Дук, якая за асаблівыя заслугі перад царквой, духоўную асвету і дапамогу парафіям узнагароджана медалём Елянеўскага. (Гэта царкоўная ўзнагарода Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, якая носіць імя святога спавядальніка Уладзіміра Віцебскага (Елянеўскага). Вера Пятроўна прачытала вершы пра святых ўласнага сачынення, якія, магчыма, у хуткім часе стануць часткай вялікага выдадзенага зборніка аўтара.

Сустрэча пакінула ў сэрцы кожнага адчуванне святла, спакою і разуменне таго, што подзвіг веры не мае тэрміну даўнасці, і пакуль мы памятаем і шануем сваіх святых землякоў, жыве і мацуецца духоўная аснова нашага краю.

Выстава «Два лёсы – два абліччы святых» будзе працаваць у музеі да канца жніўня.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *